Рэцэнзія: NECROM – All Paths Are Left Here…

Год: 2022
Выдаўца: Osmose Productions
Рэйтынг: 9,3/10

Харкаўскаму гурту NECROM у пэўным сэнсе наканавана было дасягнуць поспеху, бо з самага пачатку ўдзельнічалі ў ім спрэс гучныя імёны. Нават спіс людзей, якіх гурт страціў пасля выпуску свайго першага EP, уражвае: там і Раман Саенка, і Канстанцін Зьмяеўскі, і Артур Рэвякін (DUB BUK, BURSHTYN, UNGERN). Але ў складзе засталіся таксама не абы-хто: Varggoth і Артур Мебурнутаў (адзін з першых Death Metal-музыкаў Украіны) адказваюць за гітары, бас-вакалістам выступае Андрэй Вяроўкін (ELDERBLOOD), а на бубнах грае Леў Курганскі, адзін з найбольш актыўных бубначоў на тамтэйшай сцэне.

За тры гады музыка NECROM значна палепела ва ўсіх сэнсах, і цяпер дэбютны EP, які ў свой час успрымаўся цудоўна, у параўнанні з альбомам гучыць нібы дэма. Гэта асабліва лёгка заўважыць, калі ўзяць на ўвагу тое, што ўсе песьні з EP былі перазапісаныя для паўнафармата. Гук, граньне, аранжыроўкі – ўсё на якасна новым узроўні. Але аніякія тэхнічныя параметры не ўратуюць музыку, калі ў ёй няма імпэту. На шчасце, у гэтым плане ўсё неймаверна добра, асабліва ўлічваючы тое, што асноўнымі кампазітарамі тут працуюць два дзяды. Відавочна, тут мае месца спрыяльны зьбег акалічнасьцяў: што Varggoth, што пан Мебурнутаў тысячу гадоў не гралі чысты Death Metal, і таму яны ўзяліся за справу з вялікім энтузіязмам. Гэта адразу адчуваецца хоць бы на фоне таго ж альбома “Істина” ад NOKTURNAL MORTUM – фантастычна прафесійнага, вытанчанага твору, але занадта стрыманага ў эмацыйным плане. На “All Paths Are Left Here…” склалася інакш: гэта плён працы музыкаў з ня толькі ўмелымі рукамі, але і гарачымі сэрцамі.

Альбом грунтуецца перш за ўсё на швэдзкім Death Metal узору ранніх ENTOMBED, CARNAGE, DISMEMBER. Ад нудных BOLT THROWER, якіх чамусьці моцна любяць у Харкаве, тут амаль нічога няма – і добра. Гітары характэрна вуркочуць, вакаліст разьюшана рычыць-крычыць, бубны або займаюцца драбненьнем гукавага граніту, або пускаюцца наўгалоп. З чыста творчага пункту гледжаньня якасць музыкі найвышэйшая. Патлумачу: я ўвогуле ёсьць вялікім аматарам Death Metal менавіта гэткага кшталту, праслухаўшы за жыцьцё сотні падобных альбомаў. І, што цалкам натуральна, у пэўны момант я аб’еўся гэтым стылем, бо нават вельмі моцныя альбомы ў ім рэдка могуць прапанаваць нешта з таго, што не было прыкладна дзьвесьце разоў награна раней. “All Paths Are Left Here…” таксама не мае аніякіх сьвежых ідэй, але кожная дробязь у ім зроблена настолькі выдатна, што ад музыкі папросту немагчыма адарвацца. Кожны пераход адбываецца цалкам натуральна, кожны акорд трапляе ў “яблычка”, кожны рыф знаходзіцца на сваім месцы. Рэдкія клявішныя партыі ствараюць па-сапраўднаму магутнае ўражаньне.

Нарэшце, гэта вельмі рэдкі, калі не адзіны на маёй памяці, выпадак, калі альбом, заснаваны на працы Лаўкрафта, не губляе той самай характэрнай атмасферы нават нягледзячы на наяўнасьць мноства хуткіх секцый, меладычных адрэзкаў і эмацыйных усплёскаў. Вядома, што дух вялікага пісьменьніка паўстае толькі над найбольш змрочнымі і адчужанымі альбомамі кшталту твораў THERGOTHON ці KRAKEN DUUMVIRATE, але украінскім дэтстэрам удалося годным чынам ушанаваць пана Лаўкрафта. Асобна адзначу выдатную вокладку альбома ад сціплага расейскага мастака Аляксандра Тарцуса, які гэтым разам спрацаваў хутчэй у стылі Дэна Сігрэйва, чымся ў сваім.

Ну що тут можно сказати… Слава NECROM! Я вельмі даўно ня чуў настолькі моцнага Death Metal-альбому, і магу толькі спадзявацца, што гэта не апошні твор гурта. Галоўнае – каб не страцілі задор.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *