Год: 2024
Выдаўца: Metal Race Records
Рэйтынг: 8,3 / 10
Нагадаю чытачам Bagnik Zine, што ЛЕТАЛЬНЫЙ ИСХОД – гэта гурт майго сябра Анатоля Галоўчанка, боса Metal Race Records, а таксама майстра на ўсе рукі, ногі і хіба што не галасы ў тым, што датычыцца цяжкой музыкі. Пасьля доўгіх нягодаў, няўдалых спробаў і пакутаў, у 2021-м Толю ўсё ж удалося стварыць не пражэкт, а гурт, і, як я разумею, большая частка ягоных творчых памкненьняў зараз накіраваная на ЛЕТАЛЬНЫЙ ИСХОД. За 2 гады, якія мінулі пасьля дэбютнага альбома, ЛЕТАЛЬНЫЙ ИСХОД залішыўся гітарыста і басіста (праўда, новы гітарыст знайшоўся даволі хутка). Кагосьці іншага гэта б зьбянтэжыла, але лакаматыў “Анатоль Галоўчанка” ўжо набраў ход, і яго не спыніць, не разбіць, не стрымаць!
“Опустошение” атрымаўся ў некалькі разоў больш амбітным, прафэсійным, дарослым і рознабаковым альбомам за дэбют. “Избыточная смертность” быў далёка не прымітыўным, але ўсё ж простым для ўспрыманьня, шчырым, драпежным дэт-трэшам зь вельмі халодным саўндам. На новым альбоме застаўся бадай што толькі той самы холад. ЛЕТАЛЬНЫЙ ИСХОД паказвае сябе ў іншым увасабленьні: цяпер гэта суворы, насычаны дэт-дум старажытнай школы. Пасьля амаль хэвішнага ўступу гурт дае жорсткага ASPHYX’у, які паступова пераходзіць у марозны WINTER і тагасьветны MYTHIC. Марудны тэмп захоўваецца да самога фіналу, але назваць альбом нудным немагчыма. Маруднасьць тут служыць толькі сродкам стварэньня патрэбнага пачуцьця, а ня спосабам штучна расцягнуць альбом на гадзіну з залішкам. Наадварот, “Опустошение” вельмі кароткі па думавых стандартах – усяго 35 хвілін. Таму музыка ніколі не стаіць на месцы. Толькі ты расслухаеш фрагмэнт, як ужо пачынаецца наступны.
Акрамя таго, у кожным трэку, акрамя першага, ёсьць незвычайны элемент. “Обострение” пачынаецца з сумнага маналёгу маленькай дзяўчынкі. “Болезнь” мае бэк-вакал, трохі клявішаў. “Раскаяние” – кавэр на РУССКАЯ ЗИМА з аўтэнтычным гітарным сола ад былога ўдзельніка гурта і рознымі вакаламі на кожны куплет. “Тьма” – апакаліпсічная гісторыя, зачытаная пад эмбіент прафэсійным галасавым актарам. “Опустошение” – гранд-фінал з эпічнымі і дэпрэсіўнымі гітарнымі аранжыроўкамі. Тут яшчэ варта дадаць, што на альбоме паўдзельнічала ледзь не палова Уралу – увесь склад гурта WARHEAD, сябры (калі не сказаць браты) Толі з ВСПОЛОХ, басіст ETNA і яшчэ натоўп народу. А таксама лідэр GRENOUER. Усё гэта моцна ўзбагаціла альбом. Калі столькі людзей робіць свой унёсак у музыку, яна папросту не можа не атрымацца разнастайнай. Але нейкім чынам ім удалося ўціснуць усё гэта ў межы 35 хвілін і прымусіць гучаць у адным суцэльным стылі. Яшчэ хацелася б адзначыць, што асноўная вакалістка V.V. стала сьпяваць значна сьмялей. Ужо на першым трэку яна дэманструе, што можа рычаць і нізка, і высока, і змрочна, і злосна. Засталося, бадай, толькі пачаць непасрэдна сьпяваць!
Амбітны падыход да адбіўся і на тэхнічна-фізічным увасабленьні. Альбом мае па-сапраўднаму якасны і хіба што не дасканалы мэталічны гук. Выйшаў ён у дарагім дыджыбуку з буклетам на 16 старонак і ўсімі тэкстамі, дзе кожная песьня праілюстраваная вакалістам MERKNET (астатні дызайн традыцыйна зрабіла сама V.V.). Падрабязнасьці на відэа.
Чаму пасьля ўсіх гэтых дыфірамбаў альбом атрымаў ад мяне не настолькі высокі рэйтынг? Я і сам пакуль ня ведаю. Хутчэй за ўсё, мяне трошкі засмучвае дысбалянс. Усё ж рэчытатыўны трэк на 6 з паловай хвілін на плытцы, якая доўжыцца толькі 35 хвілін – гэта трохі занадта. Дзесьці тут згубілася яшчэ адна суцэльнамэталічная песьня, якая б магла ўсё зьмяніць. Праслухаўшы “Опустошение”, я кожны раз знаходжуся ў зьмешаных пачуцьцях. З аднаго боку, тут больш падзей і рыфаў, ніж у будзь-якім стандартным думавым альбоме даўжынёй у 70 хвілін. І не ўзьнікае такога адчуваньня, што яны ідуць неяк пасьпешна, сьцісла, што ім не даюць “падыхаць” і раскрыцца. Не, кожны фрагмэнт гучыць роўна столькі, колькі трэба. Зь іншага боку, усё адно гэтага замала. Хочацца трошачкі больш. Такі вось парадокс.