Рэцэнзія: ЛЕТАЛЬНЫЙ ИСХОД – Избыточная Смертность

Год: 2022
Выдаўца: Metal Race Records / Satanath Records
Рэйтынг: 7,6/10

Прапаную вашай увазе новы гурт з удзелам Анатоля Галоўчанка (aka Мэталава), заснавальніка Metal Race Records, чалавека і парахода. Праўду кажучы, ён адзін з тых вельмі нешматлікіх маральна і ідэйна годных дзеячоў расейскай мэтал-сцэны, знаёмства з якімі не дазваляе мне пазбавіцца апошніх сувязяў з РФ і з чыстым сумленьнем “ненавидеть всё русское”.

ЛЕТАЛЬНЫЙ ИСХОД – гэта далёка ня першы гурт зь удзелам Анатоля, але, здаецца, першы, які базуецца ў ягоным родным горадзе Златавусьце і пры тым грае сапраўдны экстрэмальны мэтал. Басістам стаў былы ўдзельнік ETNA, гітарыст зусім новы, на вакале выступае дзяўчына, якую некаторыя чытачы Bagnik Zine могуць ведаць па псеўданіме Uralitsa Design.  У стылістычным плане гэта старашкольны Death Metal на трэшавым грунце, залішаны будзь якіх дадатковых хітрыкаў. Паколькі Анатоль ёсьць аматарам трэша перш за ўсё старэчага, дзе замест разьлютаванага галопу нам падсоўваюць сярэднетэмпавыя жорсткія рытмы, то й ад ЛЕТАЛЬНЫЙ ИСХОД вы не дачакаецеся чагосьці кшталту MALEVOLENT CREATION. Разлічвайце хіба што на пару адрэзкаў з бласт-бітамі. Альбом рухаецца наперад нетаропка, самавіта, але ўпэўнена і няспынна. Гітарыст працуе вельмі актыўна, кампенсуючы брак хутксьці інтэнсіўнасьцю грання, таму сумаваць тут няма калі.

Галоўнае слова ў дачыненьне да “Избыточная Смертность” – халодны. Альбом прымушае мяне ўзгадаць перш за ўсё “Cause of Death” OBITUARY. Музычна гэта зусім розныя існасьці, але іх яднае характэрнае памарцьвелае адчуваньне, якое лунае па-над халоднымі ландшафтамі, дзе даўно пануе сьмерць. Тут няма нічога, апроч мёртвых дрэваў, пакручанага жалезнага рагоцьця і варонак ад выбухаў артылерыйскіх знарадаў. Вельмі няўтульнае месца. Skynet ухваляе.

Жаночы вакал у дадзеным выпадку працуе выдатна, бо пані V.V. не дазваляе сабе аніякіх тэатральных адхіленьняў і сьпявае строга ва ўнісон з жорсткімі гітарамі і рытм-секцыяй. Месцамі гэта нагадвае мне гурт POKERFACE, які граў у падобным стылі, пакуль не згаўніўся. Але іхныя песьні былі значна больш “квадратнымі”; ЛЕТАЛЬНЫЙ ИСХОД усё ж прапануе трошачкі больш мудрагелістыя кампазіцыі. Лірыка да альбому па бязлітаснасьці не саступае музыцы: спрэс апакаліптычныя прагнозы, нянавісьць і некрафілія. Фізічнае выданьне ў дыджыпаку ўтрымлівае ўнутры буклет з усімі тэкстамі на расейскай і ангельскай мовах. Пераклад на апошнюю рабіў я, але чамусьці пра гэта забыліся напісаць у credits – можа так і трэба, бог ім суддзя. Падрабязнасьці на відэа.

Агляды дэбютных рэлізаў я часта імкнуся сканчаць рэкамендацыямі пра тое, што, на мой погляд, варта палепшыць. У дадзеным выпадку мне цяжка гэта зрабіць. З аднаго боку, гурт дасягнуў мэты, запісаўшы якасны, правільны і недурны Death Metal. Зь іншага боку, я б не сказаў, што альбом мае нейкія звышадметныя рысы, празь якія ўсім і кожнаму неабходна зараз жа бегчы слухаць яго. Думаю, галоўны этап пошуку музычнай асабістасьці для ЛЕТАЛЬНЫЙ ИСХОД яшчэ наперадзе, і зараз гэта тое, чым гурту трэ заняцца. Мы, у сваю чаргу, будзем рабіць свой унёсак, імкнучыся падтрымліваць іх на гэтым нялёгкім шляху. Пачаць можна з таго, каб забраць альбом задарма на Bandcamp выдаўцы, але яшчэ лепей адразу набыць дыск:

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *