Год: 2024
Выдаўца: Peaceville Records
Рэйтынг: 6,3 / 10
Чуеце гэтыя ўрачыстыя гукі сьвяткаваньня, гэтыя фанфары, гэтыя гарачыя спрэчкі, якімі слухачы сустракаюць новы альбом DARKTHRONE? Вось і я не чую. Мінула ўсяго палова месяца, а “It Beckons Us All……” ужо сыходзіць у інфармацыйны нябыт. Здаецца, канвэер нудных рэлізаў ад Фенрыза і Накцюрна Культа падсьвядома надакучыў нават найбольш адданым фанатыкам, хоць яны, канешне, ніколі не прызнаюцца. Інтэрнэт ненадоўга запоўніўся ебанатамі, якія сур’ёзна называюць сучасны DARKTHRONE анты-пазёрскай музыкай і разважаюць на тэму таго, што вось гэта й ёсьць сапраўдны Black Metal, бо яго сутнасьць, верыце ці не – рабіць тое, што ты пажадаеш! Вядома, за самімі DARKTHRONE ёсьць вялікая частка віны ў тым, што мэталічнае асяродьдзе цяпер населеная гэткімі экспанатамі з кунсткамеры. Культ быў жывы, але яны самі яго забілі.
Калі раней я чакаў ад DARKTHRONE пэўнага творчага росту пасьля панкаўскага перыяду, то цяпер я чакаю якраз адваротнага, то-бок канчатковага заняпаду. Пасьля моцнага “Arctic Thunder” гурт рухаўся выключна на дол, а юрлівыя анонсы ад Фенрыза рабілі сітуацыю яшчэ горшай. Я не стану ў чарговы раз паўтараць усё, што пісаў раней, бо, у рэшце рэшт, Фенрыз сам ва ўсім вызнаўся ў адным з прэс-рэлізаў. “Спачатку мы зрабілі рыф у стылі гэтай банды, потым дадалі акустыку ў стылі гэтай, а потым рыф у стылі той, а наверх накідалі акордаў у стылі нейкага старажытнага гаўна, і як цудоўна атрымалася!”. У мяне засталося толькі адное пытаньне: дык а дзе рыфы ў стылі DARKTHRONE?
А іх няма, і ўжо не скажаш напэўна, калі яны сустракаліся апошнім разам. Выдатны некратычны дарктронаўскі гук ёсьць (бубны гэтым разам папросту шыкоўныя), тагасьветная атмасфэра ёсьць, і толькі дзеля іх я кожны раз вяртаюся да нарвэскага гурта. Але, на жаль, празь гэты гук падаецца чарговае попуры, каша з нудных і стомленых рыфаў, якія фармуюць настолькі ж нудныя і стомленыя трэкі. Сьветлае месца – “Black Dawn Affiliation”, сапраўды дужая песьня. Калі б увесь альбом складаўся з гэткіх песьняў, то было б пра што размаўляць. Асноўны рыф “Howling Primitive Colonies” і фінал “The Lone Pines of the Lost Planet” – яшчэ пара момантаў, вартых увагі. Усё астатняе – філеры, з дапамогай якіх гурт дацягвае да чарговых 40+ хвілін агульнага гучаньня і дадае ў дыскаграфію чарговы пусты альбом. Тэксты, шчыра скажу, я нават не чытаў, досыць зь мяне мінулага разу.
Дзякуючы узгаданым вышэй станоўчым момантам, гэтая плытка ўспрымаецца лепей за “Astral Fortress”, які з цягам часу зацьвердзіў свой статус пустышкі і нікчэмнасьці. Аднак яго вартасьць нават ніжэйшая, бо ён толькі дадаткова пацьвярджае тое, што DARKTHRONE яшчэ могуць ствараць добрыя песьні, але замест гэтага кожныя 2 гады выкідаюць на рынак сьмецьце. Большасьць іхнай сучаснай музыкі ўспрымаецца як джэмаваньне на рэпетыцыі, чамусьці запісанае ў якасьці паўнавартаснага альбому.