Рэцэнзія: ANCIENT GUARD – Nightfall Enthroned

Год: 2024
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 7,7 / 10

Нагадаю чытачам, што ў мінулым годзе Nightwolf адначасова зрабіў адразу дзьве аб’явы: што RUNESPELL пераўтвараецца на паўнавартасны гурт, а сольнай творчасьцю ён займацьме ў новым пражэкце ANCIENT GUARD. Запісаны ўтраёх альбом RUNESPELL “Shores of Náströnd” ужо выйшаў і выявіўся адным з слабейшых у гісторыі гурта. Дэбютны міні-альбом ANCIENT GUARD “Nightfall Enthroned” выходзіць толькі ўлетку, але прома я атрымаў даволі даўно, і скажу вам, што яго варта чакаць.

Каб не хадзіць далёка: “Nightfall Enthroned” – гэта збольшага той жа самы RUNESPELL / позьні BLOOD STRONGHOLD у сваім найлепшым выглядзе. Калі першы трэк яшчэ намагаецца накруціць ваяўнічых рытмаў, зрабіць замах у бок BATHORY і зьдзівіць чыстагалосым вакалам, то другі адкідае ўсю гэтую лухту і дае тое, што Nightwolf умее рабіць лепей за ўсё – гітарныя цуды. Як заўсёды, гэтая зьнешне простая музыка мае неймаверную глыбіню і чароўныя якасьці. Толькі Nightwolf, лёгкім рухам спалучыўшы дзьве ці тры гітарныя партыі, можа заслаць слухача ва ўрачыстую пракаветную цемру. Больш яму не патрэбна ні-чо-га; нават клявішныя тут граюць толькі дапаможную ролю. І асабіста мне хацелася б, каб аўстралійскі музыка надалей працягваў рабіць менавіта гэта, бо ў больш амбітных і дынамічных формах ягоныя творы працуюць не настолькі эфектыўна. Трэці трэк балансуе дзесьці паміж ваяўнічасьцю і трансцэндэнтальнасьцю, і гучыць таксама вельмі моцна, але мой фаварыт, безумоўна, “Sepulchral Damnation”. Фінальным трэкам ідзе чарговы акустычны інструмэнтал, і вось гэта, прызнаюся, мяне стаміла яшчэ на “Voice of Opprobrium” 5-гадовай даўніны.

Так ці так, калі вам да спадобы творчасьць Nightwolf’а, абавязкова слухайце “Nightfall Enthroned”. Нічога новага на ім няма, але ж гэта той выпадак, калі новага мае быць як мага менш. 

Ancient Guard - A Moonscape Abyss

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *