Рэцэнзія: STWORZ – Ziemia śmiercią śpiewa

Год: 2022
Выдаўца: Werewolf Promotion
Рэйтынг: 8,5 / 10

У 2022-м годзе польскі STWORZ адзначыў сваё, страшна сказаць, 15-годьдзе. Маючы за плячыма вельмі багатую дыскаграфію, Войслаў падрыхтаваў двухдыскавы сьвяточны зборнік, які я б сходу назваў узорным. “Ziemia śmiercią śpiewa” падзелены на 4 канцэпцыйныя часткі, якія варта разгледзець паасобку.

MIECZ
Першыя 5 трэкаў – гэта 4 нявыданыя песьні за перыяд 2020-2022, а таксама песьня, якую Войслаў запісаў у 2022 для зборніка “Polska Scena – Braciom Z Ukrainy” на падтрымку Украіны. Сярод нявыданага прысутнічаюць два характэрныя для сучаснага STWORZ трэкі (ня ведаю, зь якой прычыны яны не ўвайшлі на аніводны спліт ці альбом), перазапіс старадаўняй “Miecz i Pług” з дэбютнага альбому і мэталічны варыянт польскай горскай народнай песьні.

PIEŚŃ
3 трэкі з 4 ў гэтай сэкцыі ёсьць песьнямі с актуальных сплітаў перыяду 2020-2021, але ў “арыгінальнай” акустычнай форме. Відавочна, першапачаткова яны плянаваліся да выпуску менавіта ў гэтым выглядзе, бо то ня нейкія рэпетыцыі, а паўнавартасныя студыйныя запісы з аранжыроўкамі і бубнамі, аднак у апошні момант былі прыведзеныя да мэталічнае формы. Цікава, што ў акустычным фармаце яны гучаць больш выразна і глыбока. Чацьвёрты трэк – гэта акустычны варыянт песьні “Ziemia śmiercią śpiewa”, якая прысутнічае ў мэталічным варыянце ў першай частцы зборніку.

OBIATA
5 трэкаў у гэтай частцы ёсьць рэдкімі запісамі, якія альбо ўваходзілі на іншыя зборнікі, альбо раней існавалі толькі ў лічбавым выглядзе. ” Za wezwaniem młotów” – кавэр на “Звоном молотов зови”, запісаны для трыб’юта Blaze Birth Hall ад Der Schwarze Tod, які дагэтуль не выйшаў (так, Мікалай, мы чакаем!!!). Як і ў выпадку з кавэрам на “Лей, кровавая пена”, Войслаў да апошняй драбніцы пераграў песьню FOREST, але гэтым разам не стаў надаваць ёй сваё фірмовае гучаньне. “Sny Przodków” – кавэр на NOKTURNAL MORTUM, што першапачаткова патрапіў на зборнік “22 Years Among the Sheep” у 2016-м. ” Dziad Dąb Snop” – кавэр на ТЕМНОЗОРЬ (2013, дагэтуль быў толькі ў выглядзе лічбавага сінгла). “Kołysała ryba wodę” – перапеўка народнай песьні (лічбавы сінгл, 2017). “Dokąd tak tęskno..?” – адзін з першых трэкаў, створаных для альбома 2014-га году, але дагэтуль ён выходзіў толькі на даволі слабым зборніку “Heathen Renaissance: Volume 3”.

PŁUG
Фінальная частка, у сваю чаргу, падзелена на дзьве секцыі з 3 і 5 трэкаў. Першыя 3 першапачаткова выходзілі на цудоўным спліце “Śnij ziemio moja…” (2012) з FALL, які цяпер амаль немагчыма прыдбаць, а астатнія 5 узятыя з рэдкай касэты “Brzask – Reh 2009”; гэта запіс важнай для гурта (калі STWORZ яшчэ быў гуртом) рэпетыцыі 2009-га году.

Каштоўнасьць “Ziemia śmiercią śpiewa” падвоеная, што ў выпадку з зборнікамі бывае вельмі рэдка. Па-першае, дзякуючы таму, што ўсе секцыі аб’яднаныя пэўнымі канцэпцыямі, а на першым дыску і гучаньнем, яго можна ўспрымаць як набор з чатырох міні-альбомаў. Па-другое, зборнік выконвае сваю задачу, ахапляючы ўвесь перыяд дзейнасьці STWORZ, але пры гэтым складаецца з рэдкага і нявыданага матэрыялу. Што, пагадзіцеся, у тысячу разоў лепей за нікчэмны “Best of…”. Безумоўна, гэта ня лепшы рэліз для знаёмства з STWORZ, і таму ў гэтай рэцэнзіі я сьвядома не апісваю музыку; за гэтым зьвяртайцеся да маіх папярэдніх рэцэнзій, дзе я агледзеў практычна ўсю дыскаграфію гурта. Але для тых, хто сочыць за творчасьцю Войслава амаль з самага пачатку, ён вельмі каштоўны.

Фізічнае ўвасабленьне рэлізу радуе: гэта двухдыскавы джэвэл зь якасным буклетам на 12 старонак, дзе прысутнічаюць усе неабходныя тлумачэньні і тэматычныя арты. Падрабязнасьці на відэа.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *