Бліц-рэцэнзіі 94: STANGARIGEL, TZANTZA, SORGETID, MOURNFUL CONGREGATION, BLOOD OATH

94-ы выпуск кароткіх аглядаў.

STANGARIGEL – Na severe srdca
Год: 2022
Выдаўца: Hexencave Productions
Рэйтынг: 8,2 / 10

Апошнім часам у цёмных лёхах андэграўнда набірае папулярнасьць славацкі гурт STANGARIGEL, дзе грае Адам, ачольца цудоўных MALOKARPATAN. У адрозьненьні ад даволі насычанага і шматвектарнага MALOKARPATAN, гэты праект значна болей простанакіраваны, але ён мае дастатковую глыбіню, каб узьнікала жаданьне слухаць яго зноў і зноў. За падмурак тут узятыя раннія творы SATYRICON ды ULVER, таму, як вы можаце сабе ўявіць, гэта атмасфэрны старамодны мэтал з велізарнай колькасьцю акустычных ды клявішных партый (у тым ліку велічна-сымфанічных). Катэгарычна раю ўсім аматарам старой цёмнай рамантыкі.

 

TZANTZA – This World Is Crunchingly Insane
Год: 2023
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 6,7 / 10

Гурт TZANTZA ёсьць стварэньнем майго даўняга знаёмага, які, паміж намі, у свой час меў культавы ў вельмі вузкіх колах NS-праект REICHSBLOOD і нават пацярпеў за гэта, як сапраўдны вязень сумленьня! З 2011-га году ён заняўся TZANTZA, дзе ўсё, з аднаго боку, больш традыцыйна, а зь іншага – не зусім, што дэманструе гэты EP. Асноўная думка рэлізу – пра тое, што сьвет ебануўся, і гучыць ён адпаведна, маючы нетрадыцыйныя структуры, розныя там паламаныя канструкцыі і гэтак далей. Называць гэта “авангардам” неяк неахвота, бо гэта ня ён. Гэта папросту ебанутая музыка – у добрым сэнсе. Толькі трэба разумець, што запісана яна чалавекам, які ўсё жыцьцё з той ці іншай прычыны застаецца ў аматарскім асяродьдзі, а гэта цягне за сабой пэўныя хваробы – напрыклад, гаўняны гук і не тое каб выбітную якасьць граньня. Але трэба адзначыць, што ўсё тут жывое, у тым ліку бубны, а гэта плюс. У цэлым, гэткая музыка не для мяне, аднак аматарам паслухаць нешта нестандартнае можа і спадабацца.

 

SORGETID – Natt av tusen dödsfall
Год: 2022
Выдаўца: Werewolf Records
Рэйтынг: 8 / 10

Геніяльны V-Khaoz працягвае ствараць новыя праекты, і, хоць яны круцяцца вакол прыкладна таго ж самага, кожны мае адметныя рысы. SORGETID у чарговы раз прапануе традыцыйны чорны мэтал, які гэты разам абапіраецца перш за ўсё на традыцыйны набор інструмэнтаў (мінімум клявішных). Музыка вельмі атмасфэрная і па-зімоваму мэлядычная – нагадвае моцна рамантызаваны DARKTHRONE узору “Total Death” і “Ravishing Grimness” або другі альбом DIMMU BORGIR. Увесь тэкставы складнік альбому, дарэчы, выкананы на нарвежскае мове, таму арыентыры тут цалкам відавочныя. Вельмі добра.

SORGETID "Havet Djupare än Sorg" PREVIEW SONG (OFFICIAL)

MOURNFUL CONGREGATION – The Exuviae of Gods – Part II
Год: 2023
Выдаўца: Osmose Productions
Рэйтынг: 7 / 10

Музыка слынных аўстралійцаў MOURNFUL CONGREGATION заўсёды была кананічным пахавальным Doom Metal, а гэты стыль ёсьць, магчыма, найбольш аднастайным і залішаным хоць якіх новых ідэй у сваім жанры. Аднак нейкім чынам менавіта гэтаму гурту ўжо 30 гадоў удаецца цягнуць празь сваю музыку нейкую ўмоўную лінію, якая прымушае слухача захоўваць цікавасьць на працягу даўжэнных трэкаў. Нейкім чынам песьні MC, хай бы складзеныя з стандартных матываў і рухаў, па-ранейшаму працуюць, у той час як ад умоўных PROFETUS хочаш толькі спаць, бо ўсе гэтыя забрынданыя рыфы і сола не зьмяшчаюць ані хвіліны таго, што ты яшчэ ня чуў раней. Магія, не іначай. Дадзены EP – ня лепшы рэліз аўстралійцаў, але ён застаецца пахавальным думам элітнага ўзроўня, на які варта зьвярнуць увагу.

 

BLOOD OATH – Lost in an Eternal Silence
Год: 2023
Выдаўца: Raise the Dead Records
Рэйтынг: 8,4 / 10

Пішу гэта невядома ў які раз… выдатны рэліз з Чылі! Death Metal з аўтэнтычным гучаньнем а-ля пачатак 90-х, прысьвечаны розным там касьмічным жахам і страху перад невядомым. Як належыць Death Metal з падобнай тэматыкай, ён мае даволі хітрамудрыя структуры з мноствам нечаканых паваротаў і, канешне, прадонную атмасфэру тагасьветнага ліха. Ну що тут можно сказати? Хвала Чылі! Ізноў.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *