Рэцэнзія: ABSURD – Das Heer aus dem Dunkel

Год: 2023
Выдаўца: Darker Than Black Records
Рэйтынг: 7,8 / 10

Нагадаю шаноўным чытачам, што ў дадзены момант у сьвеце існуе як быццам два гурты пад назвай ABSURD, хоць адзін зь іх застаўся толькі на паперы, але сьмярдзіць за пяцерох. Сапраўдны ABSURD ачольвае Хендрык Мёбус, які пасьля адметнага выступу на фэстывалі “Asgardsrei” у 2017-м вырашыў працягнуць студыйную дзейнасьць гурта. Пра пачатак срачу вакол ABSURD вы ўжо мелі магчымасьць прачытаць у Мегалюцыферах-2021, але за мінулыя два гады ў гэтым накірунку здарылася шмат усяго цікавага, пра што я асобна напішу ў Мегалюцыферах за 2023-і год.

ABSURD ніколі не ўваходзіў у сьпісы маіх улюбёнцаў. Гэта адзін зь вельмі нешматлікіх клясычных гуртоў, чые дэма папросту кашмарныя. Рэлізы перыяду 1995-1999 – іншая справа, гэта культ! Таксама я моцна люблю зборнік перазапісаных сьпеваў “Der fünfzehnjährige Krieg”. Але ўсё тое, што рабілася бязь Хендрыка, мне неяк не заходзіць. Тэўтонскі “разбойніцкі” мэтал ад Вольфа і Unhold’а збольшага гучыць вельмі добра, аднак на іхных альбомах заўсёды бракавала трэкаў, які я б западалі ў душу. Зборнік “Der fünfzehnjährige Krieg” быў паказальны менавіта тым, што даваў зразумець: тотэнлідэры і блютгерышты – гэта файна, але нічога ўзроўня “Mourning Soul” ці “Gates of Heaven” на іх няма.

Самае цікавае, што ў музычным пляне ABSURD, вярнуўшыся пад кіраваньне Хендрыка, ня надта зьмяніўся. Гэта больш ці менш той жа самы просты, прабіўны тэўтонскі мэтал, толькі трошкі агрэсіўнейшы. Канкрэтна “Das Heer aus dem Dunkel” – гэта ўвогуле Black Metal (у чым я пераканаўся, прачытаўшы тэксты), і гучыць ён адпаведна. Тут няма гэтых цяжкавагавых баляд ці дрэнна замаскіраванага RAC, а ёсьць толькі атака жвавай, злоснай і апакаліпсічнага сталі. На гітарах грае Widar (BILSKIRNIR), але я маю адзначыць, што тутэйшы стыль музыкі ані на каліва не нагадвае ягоныя ўласныя гурты. Гэта стоадсоткавы ABSURD, які пазнаецца за 5 секунд. Тым болей што на трэцім трэку прысутнічае Вольф Мёбус зь ягоным фірмовым адрывістым вакалам. Карыстаючыся магчымасьцю, перадаю прамяні дрыстачкі піздаболам кшталту Юры Чарнабоба, якія не адзін год дралі на сабе кашулю, распавядаючы казкі пра тое, як Вольф ненавідзіць Хендрыка за тое, што той “адабраў” у яго гурт. Каб ужо зразумеў нават самы безнадзейны ёлуп, да мініка прыкладаецца зварот ад Вольфа, дзе ён афіцыйна дабраслаўляе брата на працяг дзейнасьці ABSURD і выказвае падзяку ўсім былым музыкам гурта.

Некалькі разоў праслухаўшы “Das Heer aus dem Dunkel”, я застаюся пры сваім меркаваньні наконт таго, якія запісы ABSURD ёсьць цікавымі для мяне асабіста. Але з упэўненасьцю скажу, што фанаты гурта не застануцца расчараванымі. Гэта менавіта тое, чаго вы чакалі. Рэліз выходзіць 21-га сьнежня на CD і 10-цалёвым вініле.

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *