Бліц-рэцэнзіі 83: OBITUARY, KROLOK, HECATOMB, OLD CASTLES / WINTERSTORM, FUSTILARIAN

83-ці выпуск кароткіх аглядаў.

OBITUARY – Dying of Everything
Год: 2023
Выдаўца: Relapse Records
Рэйтынг: 7,5 / 10

Шаноўныя дзядулі вярнуліся з новым альбомам, які амаль што не адрозьніваецца ад старых, выданых з 2005-га і надалей, таму мне няма чаго сказаць. Гэта OBITUARY, гэта груў, гэта цудоўныя мэлядычныя сола, якія прычапіліся да гурта ў перыяд з Ральфам Сантолай, ды так і засталіся, хоць самога Ральфа з намі ужо даўно няма. Вельмі добры запіс. Вяртаньня халоднага гучаньня першых твораў не чакайце; прэс-рэліз піздзіць.

 

KROLOK – Funeral Winds & Crimson Sky
Год: 2021
Выдаўца: Osmose Productions
Рэйтынг: 6,5 / 10

На вялікі жаль, славацкі гурт KROLOK пачаўся і скончыўся для мяне на фантастычным дэма “When the Moon Sang Our Songs”. То быў амаль што дасканалы насфэрату-мэтал, які ўсяляў у душу сапраўдны жах. Стаўшы трошкі больш ахайнымі і паднабраўшыся майстэрства, KROLOK сталі на чале сучаснага карпацкага мэтал-руху, і, як гэта ні дзіўна, мне няма да чаго прычапіцца. Яны робяць усё цалкам верна, з разуменьнем і глыбінёй, але чамусьці іх музыка пакідае мяне абыякавым. Усё, што я чую – гэта мноства цікавых музычных рашэньняў, якія выклікаюць у мяне хіба што акадэмічную цікавасьць. Але я слухаю мэтал не дзеля гэтага.

 

HECATOMB – Horrid Invocations
Год: 2020
Выдаўца: Invictus Productions
Рэйтынг: 7,3 / 10

Разьюшаны мэтал сьмерці і разбурэньня ў лепшых аўстралійскіх традыцыях. Агрэсіі тут нават з залішкам, але арыгінальнасьці трошкі бракуе. Вядома, гэта дэбютны запіс, і ў гурта яшчэ ўсё наперадзе. Рэкамендую аматарам GOSPEL OF THE HORNS, SADISTIK EXEKUTION, ранніх NOCTURNAL GRAVES.

 

OLD CASTLES / WINTERSTORM – Everlasting Black Arts in Supreme Darkness
Год: 2023
Выдаўца: Inferna Profundus Records
Рэйтынг: 7 / 10

Спліт двух праектаў з удзелам ачольцы 13TH TEMPLE. Чорны эмбіент і чорны мэтал з найцямнейшых глыбінь Паўднёвай Амерыкі. OLD CASTLES болей інтэнсіўны, WINTERSTORM болей дэпрэсіўны, і абодва ў той ці іншай ступені нагадваюць DROWNING THE LIGHT. Як часта бывае ў падобных выпадках, эстэтыка тут грае галоўную ролю, а сама музыка збольшага пасрэдная. Выбіваецца хіба што другі мэтал-трэк ад OLD CASTLES, а таксама невялічкі інструмэнтал ад WINTERSTORM – бо апошні спізжаны ці ў расейскага МОРОК, ці ў аднаго з гуртоў BBH.

 

FUSTILARIAN – All This Promiscuous Decadence
Год: 2021
Выдаўца: Amor Fati Productions
Рэйтынг: 5 / 10

Дэпрэсіўны – хоць спачатку не здагадаешся, бо альбом пачынаецца з шалёна-бадзёрых рытмаў і гітар-бензапіл – мэтал з Партугаліі, прысьвечаны марнасьці чалавечага быцьця. Amor Fati адносіцца да той невялікай колькасьці нямецкіх выдавецтваў, якія я паважаю, але гэты праект гучыць як чарговая камерцыйная нямецкая ёбань (няхай сабе яна насамрэч партугальская) з абрыдлым гукам і ня меней абрыдлым наборам штампаў, якія я чуў столькі разоў, што ўжо насамрэч ахвота задушыцца. Досыць!

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *