Рэцэнзія: PRAGNAVIT – Paústaraga

Год: 2022
Выдаўца: Werewolf Promotion
Рэйтынг: 8,9 / 10

На новы альбом PRAGNAVIT мы чакалі бадай што ня меней за тое клятае інтэрвію Voist’а для Багніка, але, у адрозьненьні ад інтэрвію, усё ж дачакаліся. Праўду сказаць, прыбыцьцё дыскаў у Крывіў адабрала яшчэ адзін дадатковы год, і ўвесь гэты час я сьвядома ня слухаў альбом у лічбавым фармаце, бо не хацеў псаваць уражаньне. Трэба зазначыць, што чаканьне было зусім ня марным.

“Paústaraga” дэманструе нам абноўлены PRAGNAVIT, зь якім мы насамрэч знаёмыя вельмі-вельмі даўно, яшчэ з часоў да “Skarby Zmiainaha Karala”. Пасьля няўдалай спробы распачаць новы перыяд творчасьці з нейкім жаночым ансамблем, Voist усё ж набраў склад для паўнавартаснага гурта, які многія чытачы Bagnik Zine бачылі на канцэртах. Ужо тады было відавочна, што канцэртная праграма PRAGNAVIT значна адрозьніваецца ад папярэдніх намаганьняў: гэта быў збольшага трайблавы эмбіент, які суправаджаўся буйной імпрэзай з рытуаламі і амаль што тэатральнымі дзеямі. Асабліва фартовыя гледачы нават мелі магчымасьці паназіраць за regio pudendalis Voist’а з блізкай адлегласьці. Цікавы факт, які заўсёды варта паўтарыць: нардычны імідж крыўскага гурта PRAGNAVIT вырашальным чынам паўплываў на дробны гурток HEILUNG, які нават і ўпалову на настолькі талентавіты (кажучы шчыра, яны заўсёды гралі поўную хуйню), затое, у адрозьненьні ад Voist’а, умела выкарыстаў свае магчымасьці. Таму HEILUNG цяпер сядзяць на Season of Mist, выступаюць на буйных фэстывалях і запісваюць саўндтрэк для маднейшых серыялаў, а PRAGNAVIT выдае альбом на Werewolf Promotion – што таксама вельмі добра, але бясконца далёка да амбіцый, якія яшчэ некалькі год таму меў (ці жадаў мець) гурт.

З гістарычнай даведкай скочылі, цяпер да музыкі. А яна сапраўды фантастычная. Жывая праграма PRAGNAVIT заўсёды падавалася мне трошкі надпатрэбнай; час ад часу я губляўся ў гэтых гуках і абразах. Праўда і тое, што падобная музыка, няхай бы й найбольш “канцэртная” у гісторыі гурта, па-ранейшаму ня надта пасуе для сцэны. На дыску, дзе абставіны больш інтымныя, новыя песьні ўспрымаюцца значна глыбей, ажно праймаюць наскрозь. “Paústaraga” – велізарны твор, які доўжыцца 75 хвілін, але гэта вельмі насычаныя хвіліны. Гэта дзесяць цалкам канкрэтных трэкаў, прасякнутых лірычным і музычным сэнсам. Тыя, каму не падабалася занадта трансцэндэнтная натура “Svietacjam” або пэўныя зацыкленыя трэкі зь іншых запісаў, цяпер будуць задаволеныя. Альбом запісвалі ажно 6 чалавек, выкарыстаўшы ня менш за тузін інструмэнтаў (+эмбіентныя абразкі, у чарговы раз створаныя, страшна сказаць, на пляншэце). Ці то дзякуючы наяўнасьці поўнага складу музыкаў, ці насуперак яму, гучаньне альбома атрымалася вельмі прафесійным, выразным, збалансаваным. Мне цяжка ўявіць, што трэба было зрабіць, каб забяспечыць раўнапраўнасьць усіх элементаў да апошняга акадэмічнага бубна.

Раўнавага таксама назіраецца ў пабудове кампазіцый. Шчыра кажучы, раней – прынамсі для мяне – PRAGNAVIT быў перш за ўсё пра духоўнае; тое, што па-амэрыканску называецца “evocative” – стварэньне абразоў і думак праз музыку і гукі. На “Paústaraga” гэта працуе напалам: выдатныя песьні + нязьменная глыбіня; магія крыві і глебы, увасабленьне пракаветнага духу Крыўі праз рытуальную музыку. Цяпер кожны трэк мае не толькі канцэпцыю, але й тэкст, і гэта вельмі моцна ўплывае на вернае ўспрыняцьце альбома. Для мяне “Paústaraga” цяпер ёсьць найлепшым творам PRAGNAVIT разам з “Viede…”. Пры гэтым я не кажу, што іншыя альбомы слабейшыя – кожны зь іх мае ўласны характар, але ўсё гэта PRAGNAVIT, і менавіта таму навінка слухаецца з каласальным задавальненьнем.

“Paústaraga” атрымаў выданьне ў выглядзе дыджыпака з буклетам у 12 старонак. Мяне крыху расчаравала якасьць выяў, выкарыстаных для зьнешняга аздабленьня; як высвятлілася, гэта кадры з відэа, і таму яны даволі мыльныя. Але ўнутры буклет вельмі прыгожы – фатаздымкі выразныя, усе тэксты на месцы. Падрабязнасьці на відэа. У Беларусі набыць альбом можна толькі на Possession альбо ў гурта.

PRAGNAVIT - Źviaruna Miadziejna - OFFICIAL VIDEO

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *