Бліц-рэцэнзіі 82: ORCHRISTE, НЕЯСЫТЬ, ЧЕРНОПЛОДЬ, КОБЬ, RUNESPELL

82-і выпуск кароткіх аглядаў.

ORCHRISTE – Necronomicon
Год: 1989 / 2021 (гэтае выданьне)
Выдаўца: Repulsive Echo Records
Рэйтынг: 6,8 / 10

ORCHRISTE была старой швэдзкай бандай, якая грала Death / Thrash Metal зь 1987-га па 1990-ы. На яе рахунку толькі адзінае дэма, якое ўпершыню ў гісторыі перавыдаў грэцкі некрамант Repulsive Echo. З усіх удзельнікаў гурта музычная кар’ера працягнулася толькі ў гітарыста Патрыка Енсэна (WITCHERY, THE HAUNTED). Дэма зьмяшчала тры песьні + інтра; гэта даволі моцныя творы з якасным студыйным гукам, якія трошкі нагадваюць ранніх MALEVOLENT CREATION. Перавыданьне таксама зьмяшчае ажно 8 жывых бонусаў – сярод іх прысутнічаюць трэкі, якія ня мелі студыйных варыянтаў. На жаль, якасьць гуку на жывых запісах кашмарная, таму іх каштоўнасьць мізэрная. Каштоўнасьць усяго рэліза таксама ня надта высокая – гэта добрая музыка, аднак у ёй няма нічога, што сьведчыла б пра вялікі патэнцыял. Напэўна, з гэтай прычыны гурт не працягнуў сваю дзейнасьць.

 

НЕЯСЫТЬ – Круг Безвременья
Год: 2021
Выдаўца: самвыд
Рэйтынг: 6,9 / 10

НЕЯСЫТЬ ёсьць надзвычайным узорам фальклорна-паганскага мэталу вельмі змрочнага накірунку; апошнім часам расейцы вельмі актыўна развіваюць сваю “хтонь” пра скасабочаныя хаціны і балоцішчы, але часьцей за ўсё ў выніку атрымліваецца які-небудзь ад народжаньня стэрылізаваны ПУТЬ. У нашым выпадку музыка пайшоў іншым, выбачце за каламбур, шляхам – ён пагуляўся ў лубочны фолк-мэтал з жаночым вакалам і фанабэрыстымі пушкінскімі тэкстамі, а потым разагнаў нахой увесь склад і самастойна зрабіў агідны “Круг Безвременья”, дзе палова трэкаў – трайблавы фолк з варганам, а другая палова – прымітыўнае ліхадзейства а-ля ILDJARN. Адпаведна, тэксты тут ужо не пра “златую цепь на дубе том”, але пра гніліну, зданяў, трупаў ды іншую чорную цвіль. Гучыць гэта прыкладна так, нібы аўтар узяў увесь ростэр Sound Age Productions і юшна надрыстаў на яго. Што мне не спадабалася? Бесхарактарнасьць гуку на мэталічных трэках. Гэта відавочна хатні запіс пад драм-машыну, а ў абраным стылі падобнае не дазваляецца – трэ шукаць аналягавы рэкордэр і ебашыць наўзмах у два каналы, рабіць яшчэ больш брудна і пагана. І тады НЕЯСЫТЬ наблізіцца, напрыклад, да METI BHUVAH, а гэта ўжо вельмі добра!

 

ЧЕРНОПЛОДЬ – Суе
Год: 2021
Выдаўца: Cod Music and Distro
Рэйтынг: бяз рэйтынгу

3 гады таму я аглядаў зборнік дэма гэтага гурта, і ён выклікаў у мяне мноства супярэчных пачуцьцяў. Чытачам трэба разумець, што гэта хоць і ўмоўна мэталічны гурт, але музыка не ад мэталістаў і не зусім для мэталістаў. Гэта ў пэўным сэнсе сучасны расейскі SORT VOKTER, з усімі плюсамі і мінусамі, якія тут даволі відавочныя. Гук – зашкаленае гаўно, большасьць вакалаў – непрымальная хуйня, “эклектычнасьць” часьцей раздражняе, чым не. Зь іншага боку, тут нямала добрых мэлёдый, незвычайных рашэньняў, а яшчэ ёсьць трэк, дзе бурчыць і курняўкае коцік. У выніку атрымліваецца сумесь зь мёду і цыгарэтнага попелу, якую можна есьці, але калі толькі вы любіце нестандартныя стравы кшталту яец быка.

 

КОБЬ – Въздохъ земныих глубин
Год: 2019
Выдаўца: Deathkvlt Records
Рэйтынг: 8,6 / 10

Я ведаю, што гэта пачынае гучаць як байкі ўладальнікаў маскоўскага “Спартака” пра тое, як яны ў свой час маглі падпісаць Месі, Ван Ністэлроя і яшчэ сотню зорак футболу, але “Въздохъ земныих глубин” напраўду мог стаць адным з апошніх рэлізаў Possession. На самой справе, у архівах гурта КОБЬ ляжыць яшчэ гара выдатных трэкаў, аднак людзі гэта даволі экстравагантныя, і пасьля доўгіх марных абмеркаваньняў мы махнулі на іх рукой. Але знайшоўся лэйбл, які пагадзіўся выдаць дыск з трыма трэкамі сьмяхотным накладам у 88 копій (ад нас патрабавалі выпусьціць не больш за 40 ці 50, ужо не памятаю). Усё гэта даволі сумна, бо КОБЬ – выдатны гурт з непаўторнай творчасьцю, які заслугоўвае большага, але сам сябе абмяжоўвае. Зрэшты, “Въздохъ земныих глубин” – гэта лагічны працяг альбому “Давьныѣ покровы рипѣискыихъ дрѣвочащь”. Той жа самы глыбокі і архаічны уральскі атмасфэрны мэтал, толькі з лепшым гучаньнем і больш сталымі песьнямі. Слухаць і браць трэ незалежна ад таго, чулі вы папярэднія запісы або не. Шкада, што працягу мы наўрад ці дачакаемся.

 

RUNESPELL – Sentinels of Time
Год: 2022
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 8,5 / 10

Гэтым разам RUNESPELL патрапіў у Бліц, бо ў мяне ўжо няма сіл пісаць тое ж самае ў хрэн ведае які раз, а вы ўжо павінны былі запомніць, што ўся творчасьць Nightwolf’а – гэта золата. Ці не, не золата, а сталь, кроў, дух і паганскі гонар белага чалавека, увасобленыя ў музыцы. Канкрэтна гэты міні-альбом, які насамрэч доўжыцца паўгадзіны, зь лішкам скампэнсаваў усе хібы трошкі халтурнага “Voice of Opprobrium” (2019), зноў зрабіўшы дыскаграфію RUNESPELL амаль дасканалай. Кожная песьня – велічны гімн. Хвала RUNESPELL! Хвала Nightwolf’у!

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *