Рэцэнзія: YMIR – Aeons of Sorrow

Год: 2022
Выдаўца: Werewolf Records
Рэйтынг: 8,3 / 10

Выдатны фінскі праект ачольцы думавага гурта PROFETUS, існуючы з 1998-га, выдаў свой дэбютны альбом толькі ў 2020-м, і гэта быў цудоўны ўзор паўночнага паганскага мэталу старой школы. Працягу чакаць давялося нядоўга, і ўжо ў 2022-м YMIR прапанаваў нам другі альбом.

“Aeons of Sorrow” адрозьніваецца ад папярэдніка перш за ўсё тым, што рабіўся ён у поўным складзе – гурт папоўнілі ўдзельнікі TRUE BLACK DAWN, HORNA, TYRANNY, KORGONTHURUS.  Але на музыку гэта паўплывала хіба што трошкі. Згодна назове, “Aeons of Sorrow” па характары ёсць больш меланхалічным і мэлядычным за дэбют – у рамках стылю, канешне. Ён не імкнецца зьнесьці цябе ў сумёт подыхам магутнага сіверу, але ўражвае перш за ўсё велічнай зімовай прыгажосьцю. У гэтым альбоме (на што намякае шрыфт на вокладцы) можна адшукаць адгалоскі старога гучаньня банд кшталту THY SERPENT, MOONSORROW або, даруйце, CATAMENIA – амаль што мажорныя клявішы, чыстагаласыя дэкламацыі і г.д. Гэта і добра, і дрэнна; песьні на новым альбоме лепшыя за дэбют, але я ня ўпэўнены, што цалкам задаволены зьмякчэньнем саўнда.

Так ці так, у канчатковым выніку “Aeons of Sorrow” ёсьць сталым узорам нардычнае клясыкі, які варта слухаць. Аматары рэлізаў Werewolf Records дакладна ня будуць расчараваныя. Калі ў вашае калекцыі маецца падобны запіс, зіма заўсёды блізка.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *