Год: 2026
Выдаўца: Handful of Hate
Рэйтынг: 8,4 / 10
Ветэраны крыўскае сцэны працягваюць выводзіць таленавітую моладзь, як гаворыцца, ў людзі. Ну й заадное паказваюць, як трэба рабіць.
У SACRILEGIOUS PROFANITY, здаецца, нарэшце сфармавалася канкрэтнае гучаньне. Матэрыял на грандыёзным спліце “Sixfold Kryvian Blasphemy” быў першым яго прыкладам, а цяпер адметны стыль пражэкта стаў яшчэ больш выразным. Да звыкла высокай дынамікі дадаліся разнастайныя аранжыроўкі і спецыфічная журботна-ўрачыстая мэлядычнасьць, якая накатывае цёмнымі хвалямі. Як і ў папярэдні раз, музыка SACRILEGIOUS PROFANITY дае вельмі моцнае “лаўкрафтаўскае” пачуцьце, хоць лірыка абодвух трэкаў заснаваная на старажытных акультных абрадах, якія маюць дачыненьне да гэтага сьвету, а не літаратурнага (дарэчы, абодва тэксты надзіва доўгія). Выкручастыя гітарныя партыі G.W. сплятаюцца з традыцыйным узвышаным крыўскім рыфінгам (за яго, відавочна, адказваў T.D.), і гэта робіць вельмі моцнае ўражаньне, асабліва ў фінальнай частцы другога трэку. Таксама тут ёсьць трохі чыстых сьпеваў і клявішных, што сур’ёзна ўзбагачаюць музыку. Бракуе хіба што гітарных сола. На бубнах, дарэчы, граў не G.W., а Цыган, які, нягледзячы на свой даволі сталы век, толькі нядаўна пачаў актыўнічаць на сцэне ў якасьці ўдзельніка COLDROPE, INTHUUL, PETIT NUAGE NOIR, INTERITUS, NIABOŽČYK і, выбачце, КОНЦЛАГЕРЬ. Усе тэхнічныя аспекты (гук і аздабленьне рэліза) G.W. узяў на сябе. Не стану упэўнена сцьвярджаць, што матэрыял на гэтым спліце ёсьць найлепшым у гісторыі SACRILEGIOUS PROFANITY, але ён самаменей не горш за папярэдні. Хацелася б цяпер пачуць альбом у гэткім стылі.
INTHUUL у параўнаньні з альбомам “Harbinger of Sorrow” зрабілі нават больш сур’ёзны крок наперад у музычным аспекце. Цікава, што для гэтага ім спатрэбілася зрабіць крок назад у аспекце гучаньня. Матэрыял на спліце гучыць больш жорстка і неахайна, ніж на альбоме, дзе ўсё было роўна, чорна і квадратна, нібы ў Малевіча. Але якраз гэта робіць яго цікавым. Замест таго, каб да пасіненьня чухаць трэмола ўгару і згары, хлопцы насыцілі абодва трэкі змрочнай сярэднятэмпавай мэлёдыкай, адсунулі вакал на тло, і гэта спрацавала на ўсе сто. Я слухаў “Harbinger…” месяц таму, і ўжо хрэн што памятаю зь яго, але абедзьве песьні з спліта мне запомніліся адразу. Асабліва другая, бо яна перапоўненая вельмі натуральнай, прачутай мэлянхоліяй, што цалкам адпавядае тэксту песьні. На самой справе, з тэкстамі ў INTHUUL усё па-ранейшаму кепска. Калі тэкст да рэчы “Башня Забвения” прымальны, то “Чёрная Кость” папросту слабы, зь якога боку не вазьміся. Нават цытаваць няма сэнсу. Я заўсёды не тое што прашу, а патрабую, каб гурты публікавалі сваю лірыку, бо ў Black Metal гэта крайне важна. Але цяпер мая пазыцыя ў дачыненьні гэтага пытаньня ўпершыню пахіснулася. Здаецца, некаторыя тэксты сапраўды лепей пакідаць неапублікаванымі – прынамсі да таго моманту, пакуль гурт не набярэцца статуснасьці. А потым ужо можна будзе прызнацца, што нейкі трэк першапачаткова насіў назву “Древний огурец”, ну і гэтак далей. Свой матэрыял INTHUUL запісвалі ўтраёх (Thoryvoss – вакал / лірыка, Algor – гітара / бас, Scytheripper – гітары) з дапамогай G.W. (бубны). Міксам і мастэрынгам займаўся Algor. Тое, што INTHUUL зрабілі на спліце, гучыць вельмі прывабна і ўжо амаль па-крыўску – калі не ўлічваць расейскамоўнасьць. Таму будзе цікава пачуць наступны альбом.
Спліт выйшаў толькі на pro-касэтах (хоць я б сказаў, што ён варты CD-рэліза) празь Handful of Hate. Падрабязнасьці на відэа.



