Год: 2026
Выдаўца: Handful of Hate
Рэйтынг: 8,1 / 10
На чорнай крыўскай зямлі працягваюць усходзіць новыя палымяныя парасткі. Сёньня пагаворым пра KRYVASMOK. За гэтым гуртом стаіць юнак зь мянушкай Pryvid, які сам піша і грае большую частку музыкі. Падмурак для ўсяго гэтага забясьпечвае магутны ветэран G.W., пра чые дасягненьні вы ўжо даўно маеце ведаць самі.
Перш за ўсё: нягледзячы на назву, KRYVASMOK мала чым нагадвае незьлічоны натоўп “вампірскіх” Black Metal-гуртоў, і гэта выдатна, бо яны ўсе гучаць аднолькава, і мне ўжо настаебала іх слухаць. Pryvid мае вельмі добрае мэлядычнае пачуцьце, таму ягоныя творы бліжэй да клясыкі SATANIC WARMASTER ці DROWNING THE LIGHT. Я нават выкажу меркаваньне, што песьні ён піша вакол мэлёдый, якія прыходзяць яму да галавы, а не шукае гэтыя мэлёдыі ў працэсе джэмаваньня, як большасьць музыкаў. Бо песьні часам развіваюцца вельмі адвольна, але заўсёды відавочна, што іх ядром ёсьць асноўныя матывы, а ня жорсткія рытмічныя структуры.
Музыка KRYVASMOK на працягу альбома паступова набывае ўсё больш драматычны характар. Напрыклад, загалоўны трэк мог бы добра ўпісацца ў дыскаграфію GHASH. Але саўнд надае музыцы зусім іншы накірунак. Ён ажно патыхае сырым замагільлем і нейкай вельмі спецыфічнай старажытнасьцю. То-бок, гэта не стандартны “DARKTHRONE worship”, а нешта сваё. На розум з падобнага прыходзяць хіба што іншыя калегі Pryvid’а па сцэне – MORDSTORM – але гэты хлопец гучыць значна больш мэтанакіравана. Нарэшце, вакал месцамі выкананы ў стылістыцы, не пабаюся гэтай заявы, першых альбомаў KRUK, дзякуючы чаму музыка дае вельмі знаёмае пачуцьцё старых часоў нашае сцэны. Выдатна, што Pryvid не пабаяўся выкарыстаць трохі чыстагалосых сьпеваў і дэклямацый. Спалучэньне ўсіх элементаў стварае па-сапраўднаму адметны альбом, які (ну проста як у ненавісных прэс-рэлізах ад некаторых заходніх лэйблаў!!!) ёсьць сучасным, але адначасова глыбока ўкаранёным у традыцыях мінуўшчыны. У “Smierć…” несумненна тутэйшая, крыўская натура. Крыўскі Крывасмок! We wuz Nosferatu ‘n shiet…
Аднак галоўнай уласьцівасьцю альбома, на мой погляд, ёсьць нечакана моцна прачутая – і, зноў жа, спецыфічная – журботнасьць. Калі ўжо датрымлівацца вампірскага сымбалізму, то ён – як адносна малады насфэрату, што прагне крыві, але ў той жа самы час жудасна пакутуе ад ўспамінаў пра жыцьцё, самоты, холаду, пустоты. Усе гэтыя мэлянхалічныя трэмола і ліды ў спалучэньні зь “нежывым” вакалам бяруць за душу. Тэксты тут збольшага якраз пра развагі пра сьмерць, марнасьць, халодныя пальцы мерцьвякоў і падобныя рэчы. Яны атрымаліся надзіва сталымі, асабліва на тле бясконцай дрысьні пра “dark rituals under the fullmoon”, якой здавальняюцца ўмоўныя калегі KRYVASMOK па стылю.
У фінале, як заўсёды, тэхнічныя дэталі: акрамя галоўнага дуэта, з альбомам дапамагалі M82A1 (у сваёй нязьменнай ролі галоўнага рэдактара / адаптавальніка лірыкі крыўскае сцэны), Cobbra (лёгатып, фота), Грэк (дызайн). Pryvid сам зрабіў мікс, а G.W. змайстэрыў плытку. Альбом выйшаў на Handful of Hate у стандартным фармаце з буклетам на 8 старонак. Падрабязнасьці на відэа.



