Бліц-рэцэнзіі 98: BLOOD CHALICE, COFFIN LUST, BARBARIAN, MESSE MORTUAIRE, ГОРИНЬ

98-ы выпуск кароткіх аглядаў.

BLOOD CHALICE – The Blasphemous Psalms of Cannibalism
Год: 2022
Выдаўца: Werewolf Records
Рэйтынг: 6,66 / 10

Другі альбом злосных фінаў, якія пачыналі сваю кар’еру з руплівага капіяваньня BLACK WITCHERY. На жаль, у пэўны момант у гурта прачнуліся амбіцыі, таму большая частка альбому ёсьць нуднаватым Black / Death Metal з ухілам у апошняе, а барбарскага гвалту ў стылі амерыканскага Культа стала зусім мала. Апроч таго, каб наблізіцца да BLACK WITCHERY, неабходна ня толькі люта ебашыць, але й выдумляць вельмі моцныя, тэстастэронавыя і збалансаваныя рыфы. BLOOD CHALICE ня надта далі рады ў гэтым пытаньні, таму й вартасьць рэліза сумнеўная.

Blood Chalice (Finland) - The Blasphemous Psalms of Cannibalism (Full Length) 2022

COFFIN LUST – Manifestation of Inner Darkness
Год: 2016
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 6,5 / 10

Змрочны, даўкі Death Metal з цёмна-шэрым, як і ягоная вокладка, настроем. У складзе ўдзельнік мноства магутных аўстралійскіх гуртоў, сярод якіх NOCTURNAL GRAVES ды IMPIOUS BAPTISM. Мае спадабацца аматарам творчасьці INCANTATION, DISEMBOWELMENT, CEREKLOTH ды AUTOPSY.

 

BARBARIAN – Cult of the Empty Grave
Год: 2016
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 5 / 10

Гэты рэліз стаў для мяне вялікім расчараваньнем у 2016-м, бо на тле вельмі моцных рэлізаў Hells Headbangers я чакаў ад чагосьці з настолькі відовішчнай вокладкай ня менш як альбом году. Але высьвятлілася, што BARBARIAN – безнадзейна сярэднятэмпавы і пусты спід-трэш, які моцна нагадвае гаўняны MIDNIGHT. Цытаты з гігантаў кшталту CELTIC FROST у выкананьні італьянцаў выглядаюць амаль як абраза – ну куды вы лезеце з гэткім кволым матэрыялам?

 

MESSE MORTUAIRE – Nocturnal Demonic Visitation
Год: 2022
Выдаўца: Repulsive Echo Records
Рэйтынг: 7,3 / 10

Карані французкага гурта MESSE MORTUAIRE ляжаць у мёртвым целе гурта SEPULCHRAL, які быў створаны ажно ў 1989-м, але вёў ня надта актыўную дзейнасьць. Ня ведаю, што там гралі SEPULCHRAL, але MM – гэта найзмрачнейшы Death / Black Metal, які нагадаў мне культавы THE HAUNTING PRESENCE, што вельмі камплімэнтарная характарыстыка. Азнаёмцеся.

 

ГОРИНЬ – Голоси моїх зневірених думок
Год: 2023
Выдаўца: Fetzner Death Records
Рэйтынг: 6 / 10

Украінскі one-man band ГОРИНЬ дэбютаваў у 2017-м з даволі слабенькага EP, які чамусьці даволі хутка разьляцеўся па Сеціве, але я не бачыў пра яго аніводнага добрага водгука. Музыку гэта не спыніла, і празь 6 гадоў ён выдаў ужо значна больш сталы інтраспектыўны альбом “Голоси моїх зневірених думок”, які 2 тыдні таму выйшаў на CD у Нямеччыне. Будучы збольшага традыцыйным украінскім атмасфэрным мэталам, ГОРИНЬ тым ня меней мае некалькі адметных асаблівасьцяў. Напрыклад, музыка тут часьцей за ўсё павольная, а некаторыя элементы – у прыватнасьці, гітара і драм-машына – выкананыя на амаль непрыстойным для сучаснасьці аматарскім узроўні. Зь іншага боку, бас і паўакустычныя інтэрлюдыі гучаць надзіва цудоўна. У цэлым, аўтарскія задумкі выглядаюць даволі прывабна, але гэта той выпадак, калі ім не дазваляе раскрыцца брак прафэсіяналізму. Пад кіраўніцтвам хоць якога прадусэра, ды з жывымі бубнамі і больш якасным міксам, з “Голоси моїх зневірених думок” можа атрымацца штосьці вельмі цікавае.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *