Рэцэнзія: SUFFOCATION – Hymns from the Apocrypha

Год: 2023
Выдаўца: Nuclear Blast
Рэйтынг: 7,7 / 10

Першы альбом SUFFOCATION бяз Фрэнка Малена, ды яшчэ пасьля шасьцігадовага перапынку, відавочным чынам выклікаў моцную боязь у тых, што яшчэ не сьпісаў гурт з рахункаў. Я вось не сьпісаў, але прызнаю, што пасьля наймагутнейшага аднайменьніка 2006-га году SUFFOCATION перасталі быць дасканалым гуртом, бо ўсе наступныя творы атрымліваліся не залішанымі слабых месцаў.

Але “Hymns from the Apocrypha” даволі прыемна ўразіў. Самае страшнае не здарылася: голас Рыкі Маерса гучыць вельмі кампетэнтна і манерай выкананьня амаль што не адрозьніваецца ад Фрэнка Малена. Што не мае моцна зьдзіўляць, бо, у рэшце рэшт, гэта чалавек дасьведчаны – адзін з заснавальнікаў легендарных DISGORGE, які нарэшце знайшоў сабе сталае месца працы пасьля ўсіх срачоў, зьвязаных з былым гуртом. Прызнаюся, калі ў фінале альбома пачаўся традыцыйны перазапісаны трэк з “Breeding the Spawn”, я нават не адразу заўважыў, што сьпявае на ім стары Фрэнк, а ня Рыкі.

У музычным пляне альбом ёсьць насычаным рагу, прыгатаваным з складнікаў, узятых з усіх альбомаў сучаснай эпохі. Сухаваты і яркі саўнд нагадвае перш за ўсё “Pinnacle of Bedlam”, але, на шчасьце, навінка залішаная яго легкадумнасьці. У рыфах багата крыважэрнай, жалезнай лютасьці ў стылі “Suffocation”, але часта сустракаюцца атмасфэрныя фрагмэнты а-ля “Blood Oath” і мае ўлюбёныя віруючыя сола з геніяльнага “Souls to Deny”. Што цікава, новы альбом найменш падобны да папярэдняга, і гэта добра. “…of the Dark Light” быў вельмі цяжкім, змрочным і глыбокім, але разам з тым трошкі вытхлым і маруднаватым, а ягоны гук нават на CD заставаўся спакладзеным і плоскім. “Hymns from the Apocrypha” ўсё гэта выправіў: ён дужа дынамічны, агністы і жвавы. І вокладка ў яго нядрэнная, у адрозьненьні ад той блакітнай гамасяцкай бязглузьдзіцы.

На жаль, SUFFOCATION ужо даўно не пісалі хітоў узроўня “Entrails of You” або “Deceit”, аднак пакуль што іхняга ладунку і легендарнага майстэрства стае, каб захоўваць увагу слухача да апошняй хвіліны. Так, гэта прадукт, які не мае ў сабе нічога па-сапраўднаму важнага (на тле нуднейшых антырэлігійных вершаў Рыкі Маерса застаецца толькі ўздыхаць, прыгадваючы геніяльныя старыя тэксты гурта на экалягічную тэматыку). І ўсё ж яго варта слухаць, бо гэта прадукт ад SUFFOCATION, якія застаюцца адным з найбольш адметных тэхнічных Death Metal-гуртоў у сьвеце, нават паступова губляючы старых удзельнікаў.

P.S. Я прыдбаў сабе саюзаўскае выданьне дыска, але мне лянота здымаць відэа, тым болей што нічога нестандартнага ў буклеце няма: усе тэксты і фоткі музыкаў па чарзе на кожным развароце.

SUFFOCATION - Seraphim Enslavement (OFFICIAL MUSIC VIDEO)

SUFFOCATION - Delusions Of Mortality (OFFICIAL LYRIC VIDEO)

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *