Рэцэнзія: WINTERSTORM – Vinterstormener

Год: 2021
Выдаўца: Signal Rex
Рэйтынг: 7 / 10

Гурт WINTERSTORM паходзіць з Эквадора, і я ўжо прадбачу смяшкі чытачоў. Насамрэч мяне таксама дзівуе паталагічная цяга жыхароў латынаамерыканскіх краін, дзе зімы ніхто ніколі не бачыў (сярэдняя тэмпература паветра ў Эквадоры ўзімку – +24 градусы), да стварэньня нардычнага цёмнага мэталу. Зразумела, што там прынята без усялякага сораму і роздумаў кланаваць усё, што спадабалася, але ж трэба недзе праводзіць рысу, не?

Можа й не. WINTERSTORM – частка супольнасьці пад назвай Pure Raw Underground Black Metal Plague, куды ўваходзяць 13th Temple і яшчэ мільён гуртоў з Чылі і Эквадора. Можна казаць пра іх што заўгодна, але рабіць сапраўдную і аўтэнтычную музыку гэтыя людзі ўмеюць. Вось і WINTERSTORM нічым не выдае свайго паходжаньня; гэта лютая старажытная рэч з гучаньнем у стылі дэма-эпохі паўночнаэўрапейскага чорнага мэталу. Запіс рабіўся на касэтны рэкордэр, што добра чуваць па шыпеньні стужкі паміж трэкамі. Бязьлітасная завіруха амаль што не дазваляе адасобіць партыі інструментаў адно ад адной, тым болей што музыкі калашмацяць па іх нібы навыперадкі. У эстэтычным плане альбом дасканалы.

Аднак нешматлікія павольныя фрагменты яшчэ больш выразна падкрэсьліваюць, што ў зьмястоўным плане “Vinterstormener” таксама знаходзіцца на ўзроўні дэма. Песьні, шчыра кажучы, нічога выбітнага ў сабе не маюць, і ў якасным студыйным гуку яны б выклікалі хіба што пазяханьне. Гэта даволі стандартны і неаднаразова пачуты мной матэрыял, у якім я не заўважыў патэнцыялу для стварэньня нават чагосьці кшталту “Frost” ад ENSLAVED, не кажучы ўжо пра больш цікавыя альбомы.

Так ці так, “Vinterstormener” выдатна працуе ў якасьці сродка стварэньня кароткатэрміновага зімовага асяродку. Як я ўжо сказаў, у эстэтычным плане ён дасканалы (тут яшчэ ёсьць выдатныя сінтовыя intro і outro!), а высокая інтэнсіўнасьць і працягласьць у 31 хвіліну засьцерагаюць слухача ад нудоты. Асьцярожна рэкамендую.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *