122-і выпуск кароткіх аглядаў.
NIGHT AND FOG / VRIL-YA NATIONS – Night and Fog / Vril-Ya Nations
Год: 2024
Выдаўца: Darker Than Black Records
Рэйтынг: 6 / 10
Малады штатаўскі пражэкт NIGHT AND FOG ёсьць прадстаўніком цалкавіта просталінейнага, непасрэднага NS Metal з усімі яго тыповымі атрыбутамі. Ён дае як грубага, сырога мэталу з катастрафічна засраным гукам, так і атмасфэрнай акустыкі, больш чым відавочна натхнёнай BRANIKALD (гл. трэк “Our Path to Greatness”; у ім таксама ёсьць духавая партыя, што было нечакана). Той, хто вывучаў рэлізы, афіліяваныя з The Pagan Front – у тым ліку, выбачце за таўталёгію, зборнікі “The Night and the Fog” – адразу ўсё зразумее. І здагадаецца, што NIGHT AND FOG не абмінулі таксама ўсе адмоўныя рысы тых старэйшых NS-гуртоў. Як і тады, ідэя тут стаіць вышэй за музыку.
VRIL-YA NATIONS выглядае трохі больш цікава. На жаль, у маім прома было толькі два трэкі з трох, што ёсьць на дыску. Адзін зь іх прапануе халодны касьмічна-астральны эмбіент, трохі сапсуты лічбавымі шумамі, а на другім можна пачуць даволі музычны мэтал, які цалкам адпавядае сваёй тэматыцы (homo galactica, Атлантыда ды іншыя справы гэткага кшталту).
Абодва пражэкты належаць аднаму хлопцу з псэўданімам Count of Wewelsburg. Па суме двух бакоў атрымліваецца прыстойны для сваёй нішы спліт, але я не парэкамэндую яго слухачам, не знаёмым з The Pagan Front і ўсімі датычнымі да яго справамі.
DEATHHAMMER – Crimson Dawn
Год: 2025
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 9 / 10
Ну, вось і скончыліся ў мяне словы для апісаньня найлепшага Thrash Metal-гурта ў сьвеце. Калі мае папярэднія агляды не пераканалі вас паслухаць яго, то і халера вас бяры! Гэта хутка, гэта шалёна, гэта трэш, якім ён мае быць. AAAAAAAAAAAARRRRRRRRRRRRRGH!!!
MEDIEVAL DEMON – All Powers of Darkness
Год: 2025
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 8,1 / 10
MEDIEVAL DEMON бахнулі ўжо чацьвёрты альбом пасьля вяртаньня. Што яшчэ больш выдатна, яны працягваюць дасьледваць розныя грані свайго гучаньня. Калі папярэднія два альбомы былі элітнага кшталту разьвіцьцём традыцыйнага грэцкага гучаньня з моцным уплывам Heavy Metal, то “All Powers of Darkness” прапануе вельмі цёмнае і эпічнае гучаньне, у якім грэцкага ня надта й багата. Часткова дзякуючы наймагутнейшай вокладцы ад Марка Рыдыка, гэты альбом выклікае ў мяне моцныя асацыяцыі з Сагай пра Конана і тамтэйшымі змрочнымі магічнымі справамі. У ім сапраўды ёсьць нешта пракаветнае і жахлівае, асабліва ў першай палове.
CANCER VOID – First Metastasis
Год: 2025
Выдаўца: Me Saco un Ojo Records
Рэйтынг: 7,2 / 10
Дэбютны EP чэшскага гурта. Рэтра-Death Metal з усімі атрыбутамі. Гэты стыль мне ўжо настаебаў, але чэхі пастараліся надаць трохі арыгінальнасьці калі не самой музыцы, то прынамсі ейнаму гучаньню, і гэта ўжо робіць іхны рэліз лепей за бясконцы струмень аднолькавых альбомаў, што складаюць 90% сучаснай хвалі олдскульнага Death Metal. Можна і нават трэба слухаць. Чэхі сёньня робяць Death Metal лепей за амерыканцаў, напрыклад.
IDOLOS – 132019
Год: 2025
Выдаўца: Adipocere Records
Рэйтынг: 7,7 / 10
Паступіў новы сігнал ад ужо добра знакомых уважлівым чытачам Bagnik Zine венерыянцаў IDOLOS. Гэтым разам перадача ад прадстаўнікоў іншасьветнай расы была вельмі доўгай, і французкі Adipocere Records, які, верыце ці не, яшчэ існуе, нават выдаў яе на дыску ў выглядзе паўнафарматнага альбому. За гады камунікацыі з чалавецтвам венерыянцы трохі панабраліся ў людзей усякіх глупотаў, бо “132019” дазваляе сабе ледзь не рок-н-рольныя фрывольнасьці. Але пакуль яны застаюцца ў аздабленьні чароўна прыгожых атмасфэрных зьяў, замаскіраваных пад гітарныя пасьлядоўнасьці, гэткую культурную апрапрыяцую можна дараваць. Самі венерыянцы называюць “132019” новым крокам у чалавечай эвалюцыі. Я б гэтак далёка не заходзіў, але ў тым, што датычыцца тэхналёгій сувязі, IDOLOS сапраўды моцна прасунуліся, бо іхная музыка гучыць значна больш выразна, ніж у папярэднія разы. Калі б зь яе павыкідалі амаль усе адрэзкі з бласт-бітнай пэркусіяй і намаганьнямі на агрэсію, то было б увогуле цудоўна. Так ці так, як настойліва рэкамэндую IDOLOS тым, хто іх яшчэ ня чуў. Не кожны дзень у вас ёсьць магчымасьць пазнаёміцца з гуртом, які мала таго, што гучыць арыгінальна, дык яшчэ і паходзіць зь Венеры.



