Бліц-рэцэнзіі 120: ABHORRATION, NYKTMYST, NOGOTHULA, GAM, IÄTÖN

120-ы выпуск кароткіх аглядаў.

ABHORRATION – Demonolatry
Год: 2025
Выдаўца: Invictus Productions
Рэйтынг: 7,8 / 10

У чарговы раз вымушаны паўтарыць, што ў Нарвэгіі зараз цудоўна робяць усё, акрамя Black Metal. Вось, напрыклад, малады гурт ABHORRATION, дзе грае гітарыст NEKROMANTHEION, OBLITERATION і BLACK VIPER. У першыя секунды здаецца, што гэта нарвэскі адказ BLACK WITCHERY, але потым высьвятляецца, што насамрэч гэта шалёны мэтал сьмерці ў пракаветных традыцыях NECROVORE, SADISTIK INTENT, раньніх MORBID ANGEL. На “морбідаўскія” рыфы з цікавымі вуглаватымі формамі кладзецца разьюшаны вакал. Часам музыкі проста больш ня могуць стрымлівацца і выбухаюць кулямётнымі бласт-бітамі й імклівымі трэмола. Чыстая энергетыка. Слухаць!

 

NYKTMYST – Nyktmyst
Год: 2025
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 7 / 10

Нідэрландзкі пражэкт з удзелам бубнача INFINITY. Высокі, дарослы атмасфэрны мэтал з вакалам а-ля MGŁA і гучаньнем, якое нагадвае то GEISTAZ’IKA, то DRUDKH, то VEMOD. У мэталічных сегментах нязьменна цудоўны, але акустыка ды ўсякія інтэрлюдыі тут рэдкасна гаўняныя.

 

NOGOTHULA – Telluric Sepsis
Год: 2024
Выдаўца: Blood Harvest
Рэйтынг: 6 / 10

Бязьлітасны, хаотычны Death Metal з Death / Doom’авым жалезістым гукам і высокай дынамікай. Усё зроблена вельмі добра і старанна, акрамя таго, што арыгінальнасьці тут менш за ноль.

 

GAM – Iron Gauntlet
Год: 2025
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 6 / 10

Швэдзкі Death / Black Metal з даволі своеасабовым саўндам (у тым сэнсе, што ён зусім не тыповы для Швэцыі; амаль аніякага падабенства да NECROPHOBIC і г.д.). Трэмольныя рыфы і нешта падобнае да раньніх IMMORTAL выконваюцца ў цяжкім Death Metal-гучаньні, з чаго атрымліваецца нязвыклая для вуха сумесь. На жаль, песьні ва ўсіх сэнсах нейкія праставатыя. Граць GAM умеюць, а вось пісаць кампазыцыі, здаецца, пакуль не.

 

IÄTÖN – Portit Pohjolan
Год: 2025
Выдаўца: Signal Rex
Рэйтынг: 6,5 / 10

Фінскі лясны мэтал ад былых удзельнікаў HATESPIRIT. Добры старамодны гук, моцныя клявішы, традыцыйныя прыёмы. Зноў жа, арыгінальнасьці тут мала, але вось гэтыя клявішныя партыі, хоць і будучы на першы погляд другарадным элементам, надаюць музыцы асаблівы душэўны прысмак, які адрозьнівае “Portit Pohjolan” ад усялякае фінскай клясыкі. У спрыяльных абставінах ад гэтага альбома вас можа няслаба праперці. Дачакайцеся сьнегападаў і паспрабуйце.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *