Рэцэнзія: MOONFALL – Odes to the Ritual Hills

Год: 2025
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 8,2 / 10

За гуртом MOONFALL стаяць два фінскіх мэтал-маньяка, адзін толькі паслужбовы сьпіс якіх прымушае ставіцца да іх з павагай. Рэдактары фэнзіна Macabre Overdose, заснавальнікі / удзельнікі амаль што двух дзясяткаў правільных гуртоў (сярод іх CEREMONIAL TORTURE, які можа быць знаёмы чытачам Багніка па спліце з BLACK GOAT). Адзін зь іх нават грае на гітары ў BEHERIT!

“Odes to the Ritual Hills” ёсьць кароткім (27 хвілін) паўнафарматным альбомам, які прапануе размераны, старажытны Black Metal, што існаваў да таго, як скандынавы пачалі пускаць марозныя вятры і лупцаваць бласт-бітамі. SAMAEL, BAXAXAXA, MOENEN OF XEZBETH, MORTUARY DRAPE, XANTOTOL – музыка MOONFALL прыводзіць на розум гэтыя імёны. Ну, і стары BEHERIT гэтаксама. Злавесныя клявішныя партыі, рытмічныя нясьпешныя гітары, нялюдскія рыкі і лямант, што даносяцца з цёмных лёхаў. Уступны і фінальны інструмэнталы – клясычны “пячорны сінт”. Адылі, гучаньне MOONFALL трохі некананічнае. Тут даволі цікавы сплаў, дзе некаторыя партыі гучаць як нешта зь мяжы 80-х і 90-х, а іншыя зусім па-сучаснаму. Магчыма, справа ў драм-машыне, якую немагчыма выдаць за стары сапраўдны інструмэнт. Атрымліваецца своеасабовы аналёгава-лічбавы мікс, калі дазволіце ўжыць мэтафару. Гэта надае MOONFALL непаўторны характар, што я заўсёды вітаю.

Больш тут распісваць няма чаго. Аматарам першабытнага “рытуальнага” чорнага мэталу слухаць абавязкова.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *