Год: 1993
Выдаўца: Metal Race Records
Рэйтынг: 7 / 10
Пераходзім да агляду актуальных рэлізаў Metal Race Records, дасланых мне Анатолем Металавым. Гурт CARNAL DECAY быў заснаваны ў далёкім 1991-м годзе трыма падлеткамі, выдаў дэма ў 1993-м, узяў удзел у двух зборніках ад КТР, а ў 1995-м разваліўся. Сутнасьць творчасьці CARNAL DECAY добра раскрытая ў невялікім інтэрвію, якое можна знайсьці ў буклеце да дыскавага выданьня “The Fumes of Shrivelled Mass”. Калі адкінуць забаўныя заявы, што ў пэўным сэнсе абвяргаюць адна адну, можна зразумець, што хлопцы цікавіліся “паталягічным” Death Metal (а-ля CARCASS) з акцэнтам на тэхнічныя партыі і памнажалі ўсё гэта на любоў да IRON MAIDEN. Уступ да “The Fumes of Shrivelled Mass” вельмі мэлядычны і хэвішны; па ім ніколі не здагадаешся, што чакае надалей. Але з другога трэку музыка набывае вельмі брутальны характар. Па стандартах 1993-га CARNAL DECAY сапраўды гралі даволі тэхнічна. Ім удалося арганічна спалучыць хуткія запілы з незвычайнымі рытмічнымі канструкцыямі і простым дурным дзяўбаньнем. Потым яны надалі музыцы “гніласны” характар празь агідныя вакальныя партыі ў стылі грайндкор. Але ў той жа самы час у гэтай музыкі ёсьць інтэлектуальная грань, якую забясьпечылі выдатныя гітарныя сола ды ўсякія аранжыроўкі. У загалоўным трэку, напрыклад, ёсьць паўакустычная інтэрлюдыя і нават чысты вакал.
“The Fumes of Shrivelled Mass” не прэтэндуе на тое, каб звацца шэдэўрам ці нават культавым запісам. Гэта, хутчэй, абрыс патэнцыяла, які меў, але не рэалізаваў гурт CARNAL DECAY. Тым ня меней, гэты запіс варты ўвагі нават сёньня. Перш за ўсё таму, што ён падкрэсьлівае сумны факт: мала каму патрэбны гурт падлеткаў далёка ня першага эшалёну ў 1993-м запісаў сьціплае дэма, якое гучыць сьвежа празь 32 гады. Бо яны не баяліся граць тое, што хацелі, не шкадавалі сіл на самаразьвіцьцё, імкнуліся адрозьнівацца ад іншых. А сёньня я слухаю сотні прома, зь якіх, мабыць, 10% могуць хоць у найменшай ступені звацца арыгінальнымі. Усе працуюць па шаблонах альбо, наадварот, наўмысна набіваюць у сваю музыку ўсякай бессэнсоўнай “эксперыментальнай” хуйні, страціўшы адчуваньне добрага густу і здаровага сэнсу.
CD-выданьне ад Metal Race мае раскладны буклет на 6 старонак і выдатны гук (відавочна, зноў намаганьнямі студыі “ДАЙ Рекордз”). Тэкстаў у буклеце няма, але ёсьць два старых інтэрвію і мноства фотаздымкаў. “Артворк” пазітыўна гідотны: згнілы твар трупа на вокладцы, лярвы на інлэі. Падрабязнасьці на відэа.



