Рэцэнзія: VÓRTIZE – Desde bajo tierra

Год: 2023
Выдаўца: Nube Negra Prods
Рэйтынг: 8,7 / 10

Другі альбом феерычнага чылійскага пражэкту VÓRTIZE выйшаў усяго празь год пасьля дэбюту, што, улічваючы багацьце яго музыкі, спачатку мяне зьдзівіла. Але, як высьвятлілася, “Desde bajo tierra” ёсьць свайго кшталту калябарацыяй, дзе ўзялі ўдзел сем запрошаных музыкаў. Тры зь іх напісалі для альбома свае песьні, таму гекатанхейр Хаўер Ортіз гэтым разам меў магчымасьць трошкі адпачыць.

Flaites, indigentes, maleantes y presidentes
No podrán escapar de mi martillo mortal
Soy el que llega pateando atrapando delincuentes
No te preocupes, yo velo por tu integridad

Нягледзячы на гэта, новы альбом прынцыпова не адрозьніваецца ад дэбюта. Гэта той жа самы гішпанамоўны рамантычны, душэўны Heavy Metal, які настолькі часта сьціскае сэрца настальгічнымі сола і сьпевамі, што можна незнарок хапнуць інфаркта. Наяўнасьць больш актыўных запрошаных музыкаў, канешне, паўплывала на VÓRTIZE, але не настолькі моцна, як гэтага можна было чакаць. Асноўныя перамены абмяжоўваюцца трыма аспектамі. Па-першае, альбом трошкі больш жвавы і цяжкі за папярэдніка.  Нават “балядныя” трэкі тут награныя пад наладаваную электрагітару. Калі дэбют існаваў у парадыгме золку Heavy Metal 80-х, то ў “Desde bajo tierra” часта гучыць рэха будучага Speed Metal. Гэткую перамену я толькі вітаю, бо заўсёды абедзьвюма рукамі выступаў за хуткі, дынамічны хэві, але й раней было цудоўна.

El ente sin razón
Que habita en tu interior
Que hoy tienes como identidad…

Па-другое, гук таксама перажыў пэўную мадэрнізацыю. Зь яго зьнікла старажытная цёплая хрусткасьць, але дадалося выразнасьці, жалезнага ляску і рэверберацыі. Гэта таксама не блага, бо гук усё адно аўтэнтычны і на 100% жывы. Толькі ў апошнім трэку складаецца ўражаньне, што налады рыштунку неяк збіліся. Нарэшце, па-трэцяе, песьні атрымаліся трошкі – паўтаруся, трошкі – меней рызыкоўнымі і болей структураванымі. Але нават у гэткім варыянце яны здольныя закруціць галаву, што тая карусель. Бо, як і раней, тут няспынна гучаць па-рознаму настроеныя гітары, разнастайныя вакалы, лацінаамерыканская этнічная акустыка. І незьлічоныя гітарныя сола. І сола зь свісту, зноў жа. Не магу не заўважыць, што, дзякуючы больш спарадчаным структурам, песьні залятаюць у памяць амаль імгненна, нават калі з гішпанскай мовы вы ведаеце толькі словы “puta” і “pendejo”.

Siempre metal (Siempre metal)
le gritarás al viento
Heavy metal (te ayudará)
Te ayudará a sanar

Карацей, “Desde bajo tierra” атрымаўся папросту цудоўным, але я ня ведаю, лепей ці слабей за дэбют, таму я выстаўляю яму той жа самы рэйтынг. Затое з упэўненасьцю магу заявіць наступнае: музыка сьціплага гурта VÓRTIZE у дзесяткі разоў лепей за ўсю сучасную Heavy Metal-“прадукцыю”, якую я магу сабе ўявіць. Гэта датычыцца нават маіх улюбёных андэграўндных гуртоў кшталту XENOTAPH і багоў IRON MAIDEN, бо ў музыцы апошніх ужо сто гадоў як няма таго, што прапануюць VÓRTIZE. Ну а слухаць пасьля іх якую-небудзь плястыкавую ёбань па тыпе сучасных HELLOWEEN ці ARMORED SAINT – гэта, даруйце, як выходзіць з рэстарана лацінаамерыканскай народнай кухні, каб замест духмянага Pastel de choclo наесьціся сабачых ванітаў; непрымальна і бессэнсоўна. Безумоўна, такі непаўторны гурт, як VÓRTIZE, мог зьявіцца толькі ў адным месцы на гэтай плянэце: у краіне мэталу пад назвай Чылі.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *