Рэцэнзія: FALLEN HORIZON – To the Horizons Lost

Год: 2022
Выдаўца: Decadence Within Records
Рэйтынг: 7,5 / 10

Гэты пражэкт, які б за іншымі абставінамі я меў агледзець яшчэ да рэлізу, прайшоў міма мяне, бо, па-першае, ён выйшаў у 2022-м, калі Багнік не працаваў, а па-другое, завадатар гурта чамусьці не паведаміў мне пра яго выхад. Каб вы разумелі, за FALLEN HORIZON стаіць не абы-хто, а рэдакцыя / адміністрацыя цудоўнага Black Curse Zine і лэйбла Decadence Within Records.  Somber (які тут праходзіць пад мянушкай Black Curse) хоць і знаецца на Black Metal, але ягоная душа ляжыць да дума.

“To the Horizons Lost” афіцыйна падаецца як Doom / Death Metal-дэма ў стылі раньніх PARADISE LOST і AUTOPSY, і то праўда, хоць я б сказаў, што сьпіс інфлюэнцый тут значна шырэйшы – ад HELLHAMMER і WINTER да MYTHIC і першых запісаў CYANIDE. Дэма атрымалася ў пэўным сэнсе спецыфічным, што можна растлумачыць праз параўнаньне з творчасьцю іншага гурта падобнага накірунку. У РФ ёсьць гэткія хлопцы CAUSTIC VOMIT, што таксама натхняюцца вышэйазначанымі гуртамі і пакуль не застаюцца ў статусе дэма-банды. Пры гэтым абодва іхныя дэма – бадай што дасканалыя ўзоры жанру, выкананыя на ўзроўні якасьці ўсіх складнікаў, недасяжным для большасьці не тое што сучасных, а нават клясычных гуртоў. У FALLEN HORIZON прынцыпова іншы падыход: іхны дэбютны запіс ёсьць менавіта што дэмкай. Рабіўся ён на немарачаўскай “Яме”, але відавочна, што з мінімальнай дапрацоўкай. Награна вельмі крыва і марудна; даволі часта ўзьнікае адчуваньне, быццам хлопцы нейкімі неймавернымі намаганьнямі літаральна прадзіраюцца скрозь усе гэтыя партыі, пакідаючы на струнах шматкі вопраткі і выдраныя валасы.

Аднак дзіўным чынам гэтае дэма захапіла мяне з першай спробы, стаўшы адным з найбольш цікавых рэлізаў апошніх месяцаў. І справа тут ня ў тым, што яго зрабілі мае сябры, чые творчыя намаганьні я, магчыма, разумею трохі лепей, ніж іншых музыкаў. Я б сказаў, што прыцягальнасьць “To the Horizons Lost” шмат у чым абумоўленая непасрэдна манерай граньня. Паўзы паміж акордна-рытмічнымі фрагмэнтамі прымушаюць кожны “кавалак” гучаць вельмі акцэнтавана. Гурт як быццам прыціскае да вуха слухача гітарна-басавую загатоўку і прыбівае яе двума-трыма моцнымі ўдарамі пякельнага молату. Атрымліваецца вельмі цікавы перарывісты “flow”.

У эстэтычным пляне FALLEN HORIZON у поўным парадку. Ціхі скрыготкі вакал і маркотная атмасфэра выдатна пасуюць да нават не лаўкрафтаўскіх, а говардаўскіх тэкстаў пра мёртвыя месцы і занядбаныя старажытныя вежы ў бясконцай пустыні. Гук FALLEN HORIZON цалкам жывы й натуральны, але ў іхняй музыцы нічога жывога няма. Толькі цішыня ды абыякавы вецер, што скавыча па-над спарахнелымі надмагільлямі.

Дэма выйшла на про-касэтах накладам у 70 асобнікаў. Унутры можна знайсьці тэксты да абодвух трэкаў і даведацца, што FALLEN HORIZON належыць да ініцыятывы пад назвай Fort of Eerie Doom. Падрабязнасьці на відэа. Спадзяюся, на гэтай дэмцы, нягледзячы на ўсе сучасныя абставіны, творчы шлях FALLEN HORIZON ня скончыцца. З думам у Беларусі заўсёды было кепска, тым болей вось з гэткім, створаных паводле пракаветных традыцый.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *