Год: 2023
Выдаўца: Werewolf Promotion
Рэйтынг: 8,1 / 10
Сёмы альбом ZAKLON зьявіўся, як гэта заўсёды ў яго бывае, раптоўна. Гурт, здаецца, зноў зьмяніў форму: канцэртны склад, які запісваў папярэдні “Zychod”, аніто распаўся, аніто пайшоў на доўгатэрміновыя творчыя вакацыі, бо запісам “U Niabyt” займаліся толькі Temnarod і бубнач Сяргей “Def”. Я ня ведаю, да якой ступені магчымасьць выступаць жыўцом з паўнавартасным складам уплывала на творчасьць Temnarod’а, але ў музыцы адбыліся даволі відавочныя зьмяненьні. Калі “Zychod” быў надзвычайна інтэнсіўнай плыткай (4 песьні з 6 з бласт-бітамі), то “U Niabyt” павяртаецца да старой знаёмай тугі, якая зацягвае, што тая багна.
“U Niabyt” ёсьць вельмі гітарным альбомам. Усе гэтыя модныя варганы, трайблавыя бубны ды іншыя нардычнасьці таксама засталіся ў мінулым. Што вельмі добра, бо я заўсёды меркаваў, што зацятыя спробы нашых музыкаў нацягнуць скандынаўскую саву на глобус Беларусі выглядаюць недарэчна і толькі аддаляюць іх ад значна больш важнай мэты. У кожнай песьні на альбоме ёсьць цэнтральны рыф, вакол якога будуецца ўсё астатняе. Аранжыроўкі складаюцца з разнастайных акустычных і паўакустычных партый, а таксама лёгкага эмбіенту. Ёсьць нават тое, што можна прыняць за гітарныя сола. Надоечы пераслухаўшы старыя альбомы ZAKLON, я заўважыў, што гэткі падыход насамрэч раней быў нехарактэрны для Temnarod’а, бо ён ствараў кампазыцыі быццам бы больш інтуітыўна, сплятаючы ўзор Рагнароку з трэмольных “квадратаў”, якія зачапляліся адзін за аднаго. Таму можна сказаць, што “U Niabyt” дэманструе больш сталы падыход, бо кожная песьня тут мае сваю выразную музычную думку. Дзякуючы гэтаму, альбом, які атрымаўся даволі марудным, зусім не надакучвае. Сачыць за тым, у які бок будзе разьвівацца музыка, цікава да самага інструмэнтальнага фіналу.
Гук ZAKLON зрабіў чарговы скачок у якасьці, што асабліва добра бачна на тле папярэдніх запісаў. Лірыка – кананічны ZAKLON зь ягонымі вобразамі трухленьня і гніеньня, тут без сюрпрызаў. Графічны складнік таксама клясычны: мілыя сэрцу балоцішчы і тэксты паверху. Падрабязнасьці на відэа.