Рэцэнзія: WOJNAR – Nienawiść Zaklęta w Słowiańskiej Ziemi

Год: 2023
Выдаўца: Werewolf Promotion
Рэйтынг: 8,4 / 10

Раптоўнае вяртаньне Войнара ў мінулым годзе было падзеей надта прыемнай і дужа нечаканай. Каб вы разумелі, апошнія запісы WOJNAR рабіліся прыкладна ў 2002-м годзе. Тры альбомы і спліт, што выйшлі пазьней, былі выданьнямі старога матэрыялу, які вельмі моцна затрымаўся. І таму яшчэ больш дзіўна ўсьведамляць, што “Nienawiść Zaklęta w Słowiańskiej Ziemi” ня ёсьць нейкім там анахранізмам, а цалкам сабе канкурэнтаздольным альбомам (асабліва ў жанры традыцыйнага паганскага мэталу, які перажывае часы заняпаду).

Усё верна, WOJNAR вярнуўся празь 22 гады, каб награць паганскі мэтал. Элементы мэталу прысутнічалі ў ягоных запісах у пракаветныя часы, але, калі не памыляюся, ён ніколі не даваў ім разгарнуцца напоўніцу. Гэтым разам усё як у людзей: характэрныя рыфы, разнастайныя вакалы, абавязковыя партыі народных інструмэнтаў і багатая акустыка. У запісе бралі ўдзел нейкія запрошаныя музыкі, але іхныя імёны ў буклеце не называюцца.

Эмбіент таксама не застаўся ў мінулым; я б сказаў, што суадносіны паміж мэталам і эмбіентам  тут прыкладна 60 на 40. Часам дзедка Войнар выкарыстоўвае ўсё адначасова, як, напрыклад, на першым трэку. Вядома, альбом таксама ня мог застацца бяз легендарных гнеўных дэкламацый пра NIENAWIŚĆ, іначай гэта ня быў бы WOJNAR.

Напачатку я сказаў, што альбом ня ёсьць анахранізмам, аднак ён таксама ня ёсьць сучасным. Мэтал на ім велмі просты і нетаропкі, без усякіх там бласт-бітаў. Чымсьці нагадвае GODS TOWER, хоць па адчуваньнях гэта бліжэй да STWORZ. Музыка роўна і ўпэўнена рухаецца наперад, Войнар зачытвае свае вершы, і раптам становіцца відавочна, што нічога большага тут і ня трэба. У тэкставым пляне WOJNAR застаўся там, дзе быў заўсёды: пакуль іншыя паганцы даследуюць узаемасувязі і патаемныя сэнсы першабытных культаў або занураюцца ў нацыянал-рамантызм, дзедка Войнар, як і чвэрць стагодьдзя таму, апявае паганскіх багоў, усхваляе СЛОВЯНШЧЫЗНУ і кідаецца гаўном у ненавіснае хрысьціянства. Зрэшты, прывітаньне з цёмнай даўніны на альбоме ўсё ж ёсьць: апошні трэк – гэта самая першая песьня WOJNAR, напісаная ў 1995-м, але дагэтуль нявыданая.

Немудрагелісты “Nienawiść Zaklęta w Słowiańskiej Ziemi” мне дужа спадабаўся. На ўвесь альбом тут ё можа які тузін рыфаў, але ж усё зроблена шчыра і без прэтэнзій. Хай бы й больш мэталічны, гэта WOJNAR на ўсе 100%. Вельмі прыемна, калі гэткія старыя легенды паўстаюць не дзеля таго, каб зганьбаваць сваё імя, але каб напісаць новы разьдзел у Велесавай Войнаравай кнізе. CD-выданьне мае 12-старонкавы буклет, дзе можна знайсьці ўсе тэксты і некалькі здымкаў ужо лысага і сівога, але па-ранейшаму баявітага Войнара. Падрабязнасьці на відэа.

Wojnar - Nienawiść Zaklęta w Słowiańskiej Ziemi (new 2023 album full streaming)

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *