Рэцэнзія: SEVER – At Midnight, by Torch Light

Год: 2023
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 7,5 / 10

Напачатку SEVER падаўся мне нейкім гаўнецом, нават ня вартым увагі. Першыя хвіліны альбому, мякка кажучы, не ўражваюць. Гук месцамі даходзіць ледзь не да кандыцый PA VESH EN, што ў дадзеным выпадку ня ёсьць станоўчым момантам. Гіперактыўнасьць музыкі ў сацсетках і на тле выпуску мерчандайза выклікае моцныя пытаньні да яго мэтаў (пагадзіцеся, калі one-man band, выдаўшы адзін альбом, пачынае друкаваць сьцягі – гэта занадта). І яшчэ гэтае жудаснае крывалапае фота

Але трэба толькі даць альбому час, і ўражаньне прынамсі ад музыкі становіцца зусім іншым. SEVER па-майстэрску зьмешвае розныя інфлюэнцыі цёмна-чорнага мэталу, часам нават такія, што на першы погляд падаюцца зусім несумяшчальнымі. Напрыклад, яму ўдаецца пасьпяхова далучыць да апакаліпсічнага ваяўнічага гучаньня а-ля BLACK WITCHERY даволі мэлядычныя клявішныя, а ў кульмінацыі трэка даць сапраўднага рытуальнага сымфанізму ў стылі INQUISITION. Празь некалькі хвілін ён занурае слухача ў тыпова эўрапейскі велічны атмасфэрны мэтал тыпу RUNESPELL / BLOOD STRONGHOLD, прынцыпова іншы ў пляне структурнай пабудовы. Потым раптам пусьціцца ў вельмі фінскі па характары скакавы матэрыял, дзе бас будзе граць больш тэхнічна і разнастайна за гітару. І ўсё гэта ўспрымаецца як часткі суцэльнага альбому, бо гразкі гук скрадае найбольш выразныя адрозьненьні і выроўнівае ўсё паводле нейкага адзінага назоўніка.

Таму заклікаю вас не праходзіць міма. “At Midnight, by Torch Light” – багаты на зьмесьціва, дынаміку і атмасфэру альбом, у якім вас чакаюць прыемныя адкрыцьці.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *