Рэцэнзія: VÓRTIZE – ¡Tienes que luchar!

Год: 2022
Выдаўца: Nube Negra Prods
Рэйтынг: 8,7 / 10

Вакол мастацтва здаўна існуе канцэпцыя “душы”, якую я, безумоўна, не адмаўляю, але часьцей за ўсё ўспрымаю скептычна. Для большасьці мешчанаў “душэўнасьць” ёсьць тоеснай з дзіцячымі ўспамінамі і настаебалым “раней было лепей”. У музыцы душэўнасьць шмат для каго азначае наяўнасьць пэўных мэлядычных параметраў, энтузіязму, эмацыйнасьці – то-бок рэчаў, якія яшчэ самі па сабе нічым узвышаным ня ёсьць.

Але ў вельмі рэдкіх выпадках сапраўды бывае так, што ўсё вышэйазначанае зьмешваецца належным чынам, як у тым алхімічным кацялку, і сярод пароў паўстае тая самая душа. Гэтак атрымалася з дэбютным альбомам чылійскага пражэкту VÓRTIZE, які заснаваў Хаўер Ортіз з гуртоў DEMONIAC, OLDEATH, TERROR STRIKE.

На самой справе, гэта сапраўдны цуд. Чалавек практычна на самоце стварыў альбом, дзе маецца атака двух розных па характару гітар, выразная клясычная рытм-секцыя, разнастайныя вакалы ды іншыя характэрныя асаблівасьці шляхетнага, майстэрскага Heavy Metal ад гуртоў, дзе звычайна грае па 5-6 удзельнікаў. Канешне, тут ёсьць запрошаныя музыкі, але іхны ўнёсак даволі невялікі – некалькі сольных партый ды жаночы вакал. Усё астатняе Хаўер зрабіў самастойна. “¡Tienes que luchar!” – вельмі мэлядычны альбом, аднак гэта старая мэлёдыка, якая прыйшла з зараньня 80-х, калі Heavy Metal толькі-толькі адарваўся ад нуднай спадчыны хард-рока і адкрыў для сябе галоп і хуткае граньне. Тое ж самае можна сказаць пра гук, на 100% аналягавы і андэграўндны, у стылі старых магнітаальбомаў.

Паверху ўсяго гэта тлустым слоем намазана клясычнай мэтал-рамантыкі, якую ў пяць разоў узмацняе выкарыстаньне гішпанскае мовы. Усё ж-такі мэталістам даўно трэба выкінуць з галавы хуйню пра “ангельская – мова цяжкага мэталу” і выкарыстоўваць сваю родную, бо гэта заўсёды дадае шчырасьці і жывасьці. Калі вы раней ня чулі гішпанамоўнага Heavy Metal, то “¡Tienes que luchar!” пераканаўча давядзе, што гэтая палкая мова дасканала пасуе да жанру. Але, як на мой погляд, галоўнай адметнасьцю альбома ёсьць, канешне, гітарныя партыі і сола. Гэта нешта дзівоснае. У Heavy Metal традыцыйна пануе схема “куплет-рэфрэн-куплет-рэфрэн-прыпеў-куплет-прыпеў-сола-сола-прыпеў”, альбо бессэнсоўная “віртуозная” гітарная мастурбацыя сумнеўнай вартасьці. VÓRTIZE адказвае на гэта ўласнай формулай. У Хаўера, здаецца, наогул няма аніякай схемы, і каркас кампазыцый ён выбудоўвае інтуітыўна, слухаючы сваё сэрца. Гітарныя сола ў яго гучаць амаль заўсёды. Іх колькасьць не паддаецца падліку, і гэта нечакана выдатна працуе. Мы ўсе прывыкшы да таго, што сола ёсьць кульмінацыяй песьні, і таленавітыя гурты кшталту АРЫІ разбудоўваюць яго на аснове рыфаў, якія гучалі раней. Але, калі сольных партый зашмат, пачуцьцё кантрасту губляецца, і песьні пераўтвараюцца на дроч. VÓRTIZE дзіўным чынам удалося заскочыць недзе паміж двума варыянтамі – магчыма, таму, што ягоныя сола цалкам адпавядаюць характару песьняў і ня ёсьць занадта інтэнсіўнымі і тэхнічнымі, але глыбока – зноў жа, інтуітыўна, сэрцам – прачутымі, а таксама гарманічнымі і зладжанымі.

У альбома ёсьць іншыя адметныя рысы – напрыклад, лёгкія сэмплы, партыі акардэона і банджа (?). Або зусім ужо непаўторнае сола ў першай песьні, якое складаецца з… сьвісту. У беларускім літаратуразнаўстве існуе сталая тэма традыцый і наватарства ў пэўным перыядзе або творчасьці нейкага аўтара – дык вось на прыкладзе “¡Tienes que luchar!” можна пісаць дасьледваньне пра традыцыі і наватарства ў Heavy Metal. Бо гэты альбом на ўсе 100% традыцыйны, але сьмеласьці яго творчых рашэньняў пазайздросьцяць нават зоркі з сусьветнымі імёнамі. І, вяртаючыся да таго, з чаго я пачынаў гэты агляд: так, у “¡Tienes que luchar!” ёсьць душа. Каб пераканацца ў гэтым, вам хопіць адной хвіліны першай песьні.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *