Рэцэнзія: DIABOLIC NIGHT – Beneath the Crimson Prophecy

Год: 2023
Выдаўца: High Roller Records
Рэйтынг: 7,5 / 10

Heavy Steeler нясьпешна куў свой другі альбом падчас пандэміі, седзячы ў ізаляцыі. Дзякуючы вялікай колькасьці вольнага часу, ён стварыў цэлую гісторыю пра сьвет пад назвай Актарэс, якая распаўсюдзілася на ўсе 8 трэкаў (спойлер: у фінале Актарэс загіне!). Напэўна, празь гэта альбом быў проста абавязаны атрымацца больш эпічным і аднастайным за дэбют.

Гэткім ён і атрымаўся, што, на жаль, не заўсёды ідзе яму на карысьць. Хоць стыль музыкі збольшага застаўся нязьменным, DIABOLIC NIGHT цяпер не дазваляе сабе вольнасьцяў кшталту “Sovereign of Doom” або “Infernal Power”. Тэмп граньня зьнізіўся прыкладна на чвэрць, і ўвесь альбом прасякнуты нейкім напружаным, змрочным пачуцьцём сумнага фіналу, які я вам ужо заспойлерыў. Раней DIABOLIC NIGHT меў перш за ўсё духоўнае, а потым і музычнае падабенства да гуртоў кшталту KAT і VULCANO, але зараз, празь усе гэтыя на першы позірк невялікія зьмены, зрабіў крок у бок больш стандартнага нямецкага мэталу. Пэўную ролю тут адыгрывае і гук, які стаў больш гучным і выбуховым у параўнаньні з дэбютам.

Каб вы не зразумелі няверна – альбом усё адно магутны, а ў кульмінацыйных момантах, дзе раптам пачынаюць гучаць сінтэзатарныя аркестроўкі, гучыць папросту фантастычна. Аднак накірунак, абраны праектам, выклікае трывогу за ідэнтычнасьць DIABOLIC NIGHT. Я перакананы, што магічны старажытны  спідовы мэтал ад Heavy Steeler’а значна больш каштоўны за эпічна-канцэптуальны, які мы чуем на “Beneath the Crimson Prophecy”.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *