Год: 2023
Выдаўца: Surrogate Rec.
Рэйтынг: 7,5 / 10
Цудоўны украінскі гурт MERZOTNA POTVORA працягвае сваю дзейнасьць, нягледзячы на вайну. Нагадаю, што дэбютаваў ён у 2019-м з выбітнага міні-альбома “Suča maty” – злоснага, бруднага, кусачага і ультрахуткага. На паўнафарматным альбоме “Halas z pekla” (2021) градус шалёнства значна зьнізіўся, што нармалёва для паўнавартасных альбомаў, але разам з гэтым музыка гурта згубіла вялікую частку сваёй агіднай прывабнасьці.
“Mertvyj Ščur” апынуўся дзесьці пасярэдзіне. Мярзотнасьць павярнулася, хоць і не цалкам. Музыка зноў стала даволі неахайнай і клышаногай, што ідзе ёй толькі на карысьць. Хуткасьці збольшага сярэднія, канструкцыі хутчэй мэталічныя, ніж панкаўскія (пры гэтым ё некалькі відавочных паралеляў з BURZUM). Для ўсёй творчасьці MERZOTNA POTVORA ёсьць характэрным вельмі своеасабовы вясковы калярыт, які асабліва выразны на “Mertvyj Ščur”. Іхны трэш па сутнасьці ёсьць ня надта добра замаскіраваным гапаком, пад які хочаш не столькі трэсьці галавой, колькі ўскідваць калені. Як заўсёды, гэтае гучаньне ідэальна спалучаецца з тэкстамі-страшылкамі, дзе фальклёр і побытавыя замалёўкі шчодра паліваюцца крывёй, а часам нават заклікаюць на чарку самога Шатана. Бадай што ў гэтым і ёсьць галоўны сэнс і дасягненьне MERZOTNA POTVORA. Каб зьвяртацца да фальклёрнай сфэры з гэтага накірунку, не апусьціўшыся да ўзроўня дурных жартаў і дрэннага густу, патрабуецца вельмі выкшталцонае разуменьне. Спадзяюся, большасьць слухачоў таксама аднойчы пачне заўважаць менавіта гэта, а ня толькі тое, што MERZOTNA POTVORA грае бадзёры трэш.
Дарэчы, “Mertvyj Ščur” нечакана падводзіць вынік з дапамогай кавэра на “Total Death” ISENGARD, выкананага ўкраінскай і перапрацаванага пад стыль гурта. Атрымалася “як сваё”, што, зразумела, азначае цалкам станоўчы вынік. Усім слухаць!