Рэцэнзія: CANNIBAL CORPSE – Chaos Horrific

Год: 2023
Выдаўца: Metal Blade Records
Рэйтынг: 8,4 / 10

Нагадаю, што папярэдні альбом CANNIBAL CORPSE мне ня надта спадабаўся, і за мінулыя гады я толькі больш пераканаўся ў гэтым меркаваньні. Вымушаная замена Пэта О’Браена на нуднага Эрыка Рутана адбілася на музыцы відавочным чынам. Дайшло да таго, што я пісаў пра альбом у раздзеле Бліц, а гэта ганьба для настолькі слыннага гурта. “Violence Unimagined”, на мой погляд, ёсьць слабейшым творам CANNIBAL CORPSE за больш чым 30-гадовую гісторыю. Таму ў 2021-м мой прагноз на будучыню Канібалаў быў даволі сумным.

Але з радасьцю вызнаю, што ён не апраўдаўся ані на каліва! Новы альбом гучыць значна мацней, цяжэй, прыгажэй за папярэдні. Ва ўсіх сэнсах. Нават дзеля тэхнічнага боку яго ўжо варта паслухаць. Рутан, аддаю яму належнае, зрабіў не свой чарговы вылегчаны прадукт, а сапраўдны гук CANNIBAL CORPSE (не ўпершыню, канешне), дзе звышцяжкія гітары равуць раўмя і пералічваюць табе рэбры падчас трэшавых забегаў. Рытм-сэкцыя і вакал – тут зразумела, іх нічым не сапсаваць.

На гэтым станоўчыя моманты толькі пачынаюцца. Нейкім цудам Рутан здолеў напісаць тры песьні, якія на 100 адсоткаў адпавядаюць стылю гурта. Асабліва гэта датычыцца “Frenzied Feeding”, магутнага хіта, дзе ёсьць усё – ад шалёнай агрэсіі да характэрных хваравітых інтанацый праводнай гітары. Ўэбстэр і Барэт, якія намудрылі астатнія 7 трэкаў, не паўсюль патрапілі ў цэль, але таксама зрабілі некалькі моцных рэчаў. Дзякуючы чаму мы маем чарговы паўнафармат CANNIBAL CORPSE з 3-4 выбітнымі песьнямі, якія не сорамна граць на канцэртах (прома-кампанія альбома налічвае на дадзены момант ажно 3 відэакліпы, а вы разумееце, што на гаўняныя песьні кліпы не здымаюць). Канешне, яшчэ варта, што Канібалы звычайна пішуць музыку па матывах сваіх тэкстаў, таму яна заўсёды гучыць непаўторна. Пэта больш няма, і новай песьні пра зьняцце твару з дапамогай “балгаркі” з наждачным кругам мы не дачакаемся, але Ўэбстэр, напрыклад, напісаў эпічны твор пра забойства з дапамогай вілак, што таксама няблага.

Што тут яшчэ дадаць? Напэўна, традыцыйнае: вокладка ад Вінса Локе ў чарговы раз дае прадрыстацца, а  шалёная гвалтоўная энергія гурта, складзенага з 55-гадовых мужыкоў з хранічнымі музычнымі хваробамі, ў чарговы раз зьдзіўляе. Хвала CANNIBAL CORPSE!

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *