Рэцэнзія: VENATOR – Echoes from the Gutter

Год: 2022
Выдаўца: Dying Victims Productions
Рэйтынг: 8 / 10

Працягваю аглядаць назапашаныя рэлізы Dying Victims. Сёньня пагутарым пра дэбютны альбом аўстрыякаў VENATOR “Echoes from the Gutter”. Як і ўсякі слухач, што мае намер паслухаць альбом ад незнаёмага яму гурта, я фармую свае першасныя чаканьні, гледзячы на вокладку. Даволі часта гэткая мэтода ўводзіць у зман, але гэтым разам усё супала. Крываватая, але атмасфэрная і трошкі абсурдная вокладка (раю  таксама паглядзець на вокладкі да папярэдніх рэлізаў) ў стылі 80-х увасабляе ў сабе ўсё, чым ёсьць “Echoes from the Gutter”. Гэта сапраўдны Heavy Metal з сапраўдным, на 100% натуральным гукам, які хуценька пераносіць цябе на ~40 гадоў у мінулае. Стыль тут бліжэй да гуртоў кшталту HEAVY LOAD, TANK, SATAN. То-бок, збольшага тут не галоп і гітарныя гонкі, а жорсткія рытмічныя канструкцыі або рыфавыя спіралі з элементамі Speed Metal. Першы трэк трошкі не задаўся, але ўжо другі – стоадсоткавы хіт, і надалей будзе яшчэ 3-4. Акрамя таго, гурт, даруйце гэты каламбур, гуртамі выдае цудоўныя сола. Вакаліст мае прыемны для вуха хрыплаваты голас і ўмее ў патрэбны момант узяць высокую ноту. Чаго яшчэ вам трэба! Хіба што большай стылёвай адметнасьці, але ў мегакансэрватыўным жанры Heavy Metal гэта сустракаецца дужа рэдка. Досыць і таго, што хлопцы запісалі некалькі па-сапраўднаму выдатных песень. Я ўжо на першым праслухоўваньні пачаў мармытаць сабе пад нос “I’M A MANIC, MANIC, MANIC MAN” і нешта па матывах прыпеву да “The Seventh Seal”. Дэбют, несумненна, атрымаўся пасьпяховым!

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *