Рэцэнзія: EXIMPERITUSERQETHHZEBIBŠIPTUGAKKATHŠULWELIARZAXUŁUM – Šahrartu

Год: 2021
Выдаўца: Willowtip Records
Рэйтынг: 8,5/10

Агляд другога альбома EXIMPERITUS мусіў выйсьці яшчэ ў лютым 2022-га, і я даволі рупліва рыхтаваўся да яго напісання, склаўшы ў галаве нейкую грандыёзную схему. Але здарыўся гамон, Bagnik Zine занурыўся ў гадавое спаньне, і я, зразумела, ужо даўно паспеў забыцца, што я там сабе панавыдумляў. Таму гэты агляд я пачынаю, гэтак бы мовіць, з чыстага аркушыка, а ў датак яшчэ і крыху заіржавеўшы; не палохайцеся, калі я панапішу лухты, бо мне трэба трошкі часу, каб размахацца.

Пару дзён таму “Šahrartu” адсьвяткаваў свае другія народзіны. Абдарыўшы японскага кішкаёба Amputated Vein сваім дэбютам, беларусы зрабілі велізарны крок наперад, падпісаўшыся ажно на Willowtip Records – самым, напэўна, слынным і выдавецтве з тых, што спецыялізуюцца на тэхнічным Death Metal. Разам з гэтым значна павысіліся якасць запісу і сталасьць самой музыкі. Гэта зусім не значыць, што папярэднія запісы былі “недасьпелымі”. Яны папросту прызначаліся для больш хардкорных аматараў тэхнічнага брутальнага Death Metal. Той жа самы дэбют – унікальная зьява, здольная паламаць мозгі непадрыхтаванаму слухачу (і тым больш чытачу). “Šahrartu” ў пэўным сэнсе прасьцейшы для ўспрымання, дзякуючы нетаропкаму тэмпу, агульнай разважлівасьці і трошкі звужанаму тэматычнаму дыяпазону. Зразумела, гэта ўсё ўмоўна. За  агромністымі тэкстамі на беларускае лацінцы ў буклеце дэбюта хавалася бясконцасць таямніц Сусьвету, а “Šahrartu” прапануе “ўсяго толькі” аналіз фэномена існавання разам з цыклам Жыцця і Сьмерці. Зрэшты, нават гэта ставіць альбом на дзесяць галоў вышэй за будзь які звычайны Death Metal-прадукт. Чатыры песьні з альбома – гэта адна вялікая філясофская развага, у дадатак да якой ідзе яшчэ тры старонкі буклета з асобнай гісторыяй, небходнай для больш глыбокага разумення. Перавагі фізічнага выдання ў наяўнасці – купляйце дыскі!

У музычным плане ўсё гэта па-ранейшаму мае падабенства да NILE і MORBID ANGEL, якое паступова замяшчаецца ўласным стылем. Павольнасць музыкі не дае нагоды для нуды, бо гэта шматслойны твор, у які можна і трэба ўслухвацца. Замест нейкіх асобных фрагментаў ці ўласцівасцей я б хацеў адзначыць магутную атмасферу таямніцы і старажытнасьці, што на ўсе сто адсоткаў адпавядае тэматыцы альбома.

У выніку мы маем па-сапраўднаму інтэлектуальны Death Metal з вялікімі амбіцыямі, што можна толькі вітаць. І, што яшчэ лепей, ён зроблены ў Беларусі. CD-выданне змяшчае буклет з усімі тэкстамі і прыгажэннай вокладкай ажно ад Пэра Олафсана. Падрабязнасці на відэа. Альбом прысьвячаецца ўсім тым, хто пацярпеў падчас вядомых падзей у 2020-м годзе, і я ня ведаю, што вам яшчэ патрэбна, каб усьвядоміць, што EXIMPERITUS вартыя ўсялякай падтрымкі.

 

Author: F1sher16

5 thoughts on “Рэцэнзія: EXIMPERITUSERQETHHZEBIBŠIPTUGAKKATHŠULWELIARZAXUŁUM – Šahrartu

      1. Калі ёсць, можна кантакты (электроная пошта), как дыск у РБ замовіць? Праз BC дастаўка дорага выходзіць

      2. Калі дыскі ёсць, можна нейкія кантакты групы Eximperitus (эл. пошла, напрыклад), каб дыск у РБ замовіць? Дастаўка праз BC дорага каштуе

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *