Рэцэнзія: COLD EARTH – Your Misery, My Triumph

Год: 2020
Выдаўца: Sol Records
Рэйтынг: 8,1 / 10

Гэты гурт ёсьць адным з трох асноўных адгалінаваньняў творчасьці квартэту таленавітых германскіх музыкаў. У THORYBOS яны вывучаюць шырокія магчымасьці War Metal, у STYGIAN TEMPLE пішуць артадаксальны Black Metal а-ля ONDSKAPT, а ў межах COLD EARTH зьвяртаюцца да больш інтраспэктыўнага падыходу JUDAS ISCARIOT.

Уплыў JUDAS ISCARIOT на немцаў праглядаецца адразу, нават калі ты яшчэ не пасьпеў заўважыць кавэр на яго ўнізе трэкліста. Назва гурта і трэкаў, агульная эстэтыка, гучаньне – тут усё відавочна. Дарэчы, мяне прыемна ўразіла, што COLD EARTH запісалі альбом у выдатным некратычным гуку, бо для Нямеччыны гэта надзвычай рэдкая зьява; амаль заўсёды там абіраюць ненавісны плястык кшталту таго, што можна пачуць на рэлізах Purity Through Fire. Але амаль усе немцы ўсё ж ёсьць слыннымі чысьцюлямі, таму ў якасьці стартавага пункту яны абіралі не відавочны “The Cold Earth Slept Below…”, вядомы сваёй нехлямяжасьцю і татальнай крывізнай, а больш позьнія творы кшталту “To Embrace the Corpses Bleeding”. Усе трэкі вельмі хуткія, пабудаваныя на бласт-бітах і трэмольных рыфах (падкрэсьліваю – не толькі на дрочцы, але й на рыфах), цякучыя і хваравіта-мэлядычныя. COLD EARTH вельмі аўтэнтычна адрадзілі адчуваньне холаду лютай завірухі і яшчэ больш пякучага холаду мёртвай душы ў пакуль яшчэ жывым целе. Усім вядома, адкуль растуць ногі JUDAS ISCARIOT, таму аматары “Transilvanian Hunger” таксама ўпадабаюць гэтую музыку. Але адным толькі адчуваньнем альбом не абмяжоўваецца: як я сказаў, тут ёсьць рыфы, і часам яны надта ўчэпістыя. Прыкладам таму першы трэк, які літаральна стартуе з гэткага рыфу, ды й у наступных трэках даволі часта сустракаецца нешта цікавае.

Адметным дасягненьнем “Your Misery, My Triumph” ёсьць тое, што гэты альбом дасягнуў поспеху там, дзе большасьць выдае ў лепшым выпадку пасрэдныя творы. Колькасьць гуртоў, што ствараюць падобную музыку, немагчыма падлічыць, але надзіва мала хто разумее, што некратычны гук, чорна-белыя вокладкі і немае граньне – гэта толькі зьнешняя абалонка, і ў творчасьці культавых старых банд галоўным было ня гэта. Трэба таксама ўмець запісваць добрыя песьні, а яшчэ важней мець радыкальную пазыцыю і не баяцца яе выказваць. У дачыненьні да COLD EARTH апошняе наўрад ці мае месца, але песьні яны робяць выдатна. Абавязкова зьвярніце ўвагу.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *