Рэцэнзія: GOATHORNED – Kvlt of War

Год: 2022
Выдаўца: Unpure Records
Рэйтынг: 7 / 10

Трэці запіс крыўскага гурта выйшаў больш за год таму на польскім Unpure Records вельмі ціха і непрыкметна. Я даведаўся пра рэліз зь вялікім спазьненьнем у тым ліку таму, што ўдзельнікі гурта чамусьці вырашылі не паведамляць пра яго. Як высьвятлілася пазьней, ім (або прынамсі вакалісту) не спадабаўся фінальны варыянт гуку, і “Kult of War” было вырашана як мага хутчэй пакінуць па-за сабой. Я ўсё ж выцыганіў сабе касэту, каб падзяліцца ўражаньнямі з чытачамі Bagnik Zine (і, вядома, займець даволі рэдкі артэфакт!).

Калі ўжо казаць пра гук, то ён сапраўды нейкі дзіўнаваты. Рэліз мае статус дэма, але першае дэма (2018) і матэрыял на спліце з BONEHAMMER (2019) насамрэч гучалі лепей за іншыя альбомы. А вось тут гук сапраўды хутчэй дэманстрацыйны. Ён ціхмяны, як быццам сьціснуты, і агулам трохі расхістаны. Гітары рычаць як мае быць, але бубны залішне “жывыя”, што блага: у стылі War Metal неабходна рабіць хоць бы мінімальную апрацоўку, дадаючы, напрыклад, эфект рэха. Пра бас маўчу, бо я яго не знайшоў, а вакал наўродзе файны, аднак трошкі плавае ў міксе. Агульнае ўражаньне ад гучаньня “Kvlt of War” у мяне ня надта негатыўнае, бо я даволі часта слухаю абсалютна кашмарныя промкі альбомаў, якія і побач не стаялі з гэтым дэма. Але ў параўнаньні з папярэднімі рэлізамі GOATHORNED гэта сапраўды шырокі крок назад. Дарэчы, амаль усе праблемы з гукам могуць быць вынікам няўдалага пераносу зыходнага матэрыялу на стужку. На жаль, у мяне няма доступу да арыгінальных файлаў, таму праверыць гэта немагчыма.

Што датычыцца музыкі, то яна на звыкла высокім узроўні. Тут я бачу ўжо крок наперад. На дэма ўвайшлі ажно 8 трэкаў з даволі разнастайнымі структурамі, і дынаміка на іх значна вышэйшая за папярэднія рэлізы. Як і раней, ролю падмурка выконваюць бязбожныя пісаньні ARCHGOAT і BLACK WITCHERY, а на ім будуецца немудрагелісты, але моцны мур уласных задумак. З цікавых момантаў можна адзначыць кароценькія фрагмэнты ў стылі D-Beat, гасьцявы вакал Дар’і з BONEHAMMER, выбітныя сола ад экс-удзельніка ЗАПОВЕТ і WARTHA. На бубнах, дарэчы, грае Яўген Ігнатаў, які да нядаўніх часоў быў удзельнікам PESTILENTIA. Больш тут сказаць няма чаго, бо гэткі стыль музыкі не патрабуе вялікай колькасьці словаў. Армагедан і Апакаліпсіс – крыўскае казлінае войска нясе спусташэньне і разбурэньне!

“Kvlt of War” выйшаў на касэтах накладам у 50 копій з вельмі простым аздабленьнем. Я нават ня стаў рабіць відэа, бо ўсё можна паглядзець на фотаздымках, напрыклад, тут. Рэліз, хоць і маючы пэўныя праблемы, мне спадабаўся, таму рэкамэндую набыць.

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *