Рэцэнзія: BAXAXAXA – De Vermis Mysteriis

Год: 2023
Выдаўца: The Sinister Flame
Рэйтынг: 7,1 / 10

Шаноўныя германцы BAXAXAXA працягваюць ратаваць рэпутацыю сваёй экстрэмальнае сцэны. 1-га верасьня на ідэйным фінскім выдавецтвы The Sinister Flame выходзіць другі паўнафарматны альбом BAXAXAXA з неймаверна арыгінальнай назвай “De Vermis Mysteriis”. Улічваючы, што гурт заўсёды мае на мэце стварэньне старажытнага ліха ў форме першабытнага Black Metal, да назвы, канешне, можна было б і не чапляцца. Але бяда ў тым (так, пачну адразу з крытыкі), што новы альбом, як і дэбют, ня ёсьць надта старажытным у пляне гучаньня. Зноў тут усё даволі чысьценька і сучасненька, што псуе ўражаньне і заводзіць гурт не на тыя тэрыторыі. Два гады таму я казаў гэта, і паўтараю зноў: BAXAXAXA мусіць гучаць так, як гучала на запісах да 2021-га году!

Мае прэтэнзіі да гучаньня маюць на ўвазе ня толькі тэхнічны бок запісу. Кампазыцыі таксама аддаляюцца ад непраглядных чорных лёхаў SAMAEL, XANTOTOL і HELLHAMMER, імкнучыся вырвацца вонкі і залунаць у зорным небе. У іх назіраецца тэндэнцыя да разрэджваньня, да ўпору на атмасфэру замест рыфаў. Калі б паўсюль было так, як у “Above the Stellar Gateway” (дарэчы, паказальная назва, улічваючы вышэйузгаданыя перамены), то я б і слова дрэннага не сказаў. Тут дасканалая раўнавага паміж жорсткімі і атмасфэрнымі рыфамі, ды й клявішы, якія паводзяцца вельмі сціпла на працягу большай часткі альбому, раптам пачынаюць сьпяваць на ўсю моц. Але, на жаль, гэта разавая акцыя, бо астатнія трэкі збольшага ёсьць наборам працяглых летуценных партый гітары, сярод якіх раз-пораз трапляюцца цытаты з BATHORY ды іншых айцоў. Гітоў кшталту “The Great Malicious Tongue” вы тут ня знойдзеце.

Станоўчым чынам на сітуацыю ўплывае злосны вакал Патрыка Крэмэра (ачольца Iron Bonehead Productions). Кожнае ягонае слова сочыцца пякучай атрутай. Гэта надае музыцы пэўную бадзёрасьць. І ўсё ж гэтага замала. Улічваючы, што BAXAXAXA зараз даволі актыўна граюць жыўцом, я не ўяўляю, як яны сабе думаюць падаваць гэты матэрыял на сцэне. “Above the Stellar Gateway” ды загалоўны трэк (ІА! ІА! BAXAXAXAXA!) – гэта адзінае, што не будзе гучаць нудна. Фінальная рэч “Necrolatry Libation” таксама моцная, аднак у жывым асяродьдзі наўрад ці спрацуе.

Нават з улікам усіх маіх прэтэнзій, “De Vermis Mysteriis” ні ў якім разе ня ёсьць благім альбомам. Большасьць адметных рысаў BAXAXAXA па-ранейшаму на месцы. І ўсё ж ідэнтычнасьць гурта зараз мне бачыцца трохі размытай. Спадзяюся, гэта толькі адзіны крок у бок.

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *