Бліц-рэцэнзіі 88: HALLUCINATOR, TENSION, REAPER, SUFFERING SIGHTS, GRAVE DESECRATOR

88-ы выпуск кароткіх аглядаў.

HALLUCINATOR – Another Cruel Dimension
Год: 2020
Выдаўца: Dying Victims Productions (CD)
Рэйтынг: 7 / 10

Не дазваляйце вокладцы ўвесьці вас у зман: гэта ня нейкі там дэткор, а злосна-пячорны трэш з Каліфорніі. Музыка пакідае даволі цікавае ўражаньне. З аднаго боку, гэта старажытнае ліха, якое існуе дзесьці паміж NUNSLAUGHTER, AURA NOIR, гуртамі кшталту DEATH YELL ды PERVERSOR, і нават NECROVORE. Зь іншага боку, кампазыцыі складаюцца з мноства даволі рэзкіх і кароткіх фрагмэнтаў, што надае музыцы трошкі панкаўскі характар. Я ня ўпэўнены, ці падабаецца мне гэта, але альбом неблагі. CD-выданьне зьмяшчае не толькі альбом, але таксама EP 2021-га году і дэма 2015-га.

 

TENSION – Decay
Год: 2022
Выдаўца: Dying Victims Productions
Рэйтынг: 6,9 / 10

Нямецкі Heavy Metal. У гурце гралі ўдзельнікі FIRMAMENT – фармацыі, якую я не так даўно лаяў за залішнюю мяккасьць. TENSION трошкі цяжэйшыя, але таксама вельмі мэлядычныя. Іхная музыка бліжэй да DIAMOND HEAD і SATAN, ніж да IRON MAIDEN. Таму гэта зноў не зусім маё, але не магу не пахваліць гітарыстаў і басіста, якія награлі мноства файных кавалачкаў. Літаральна ў кожным трэку ёсьць месцы, якія варта паслухаць.

 

REAPER – Viridian Inferno
Год: 2022
Выдаўца: Dying Victims Productions
Рэйтынг: 6,66 / 10

Аўстралійскі ліхі чорны трэш на імя Шатана. Усе ўдзельнікі паходзяць з панкаўскай сцэны, што адразу прымушае насцярожыцца, але, аддаю належнае, ад выключна важных і страшэнна цікавых сацыяльных паведамленьняў на альбоме ёсьць хіба што малюсенькія намёк. Збольшага тут усё як трэба: Армагедон, рэкі крыві, горы трупаў і войскі нячысьцікаў зь пекла. На жаль, уся музыка пабудаваная альбо на сярэднім тэмпе, альбо на бласт-бітах, таму празь нейкі час становіцца крыху нуднавата. Панкі ёсьць панкі. Але ў пляне апакаліпсічнай атмасфэры аўстралійцы далі рады.

 

SUFFERING SIGHTS – When Sanity Becomes Insanity
Год: 2021
Выдаўца: Dying Victims Productions
Рэйтынг: 7,3 / 10

“One of the best-kept secrets in the forever-burning Chilean underground…” ІДЗІ НАХУЙ!!!! Жыцьцём клянуся, кожны раз, калі я бачу чарговы высер пра “best-kept secret”, мне хочацца сціснуць абедзьвюма рукамі шыю чарговага бесталентнага прэс-рэлізёра і сьціскаць яе, пакуль не пацячэ падліўка. Можа, тады іншыя навучацца не пісаць хуйні, асабліва калі гаворка ідзе пра добрыя гурты з фантастычнай краіны Чылі.
“When Sanity Becomes Insanity” – халодны Death Metal з намаганьнямі на інтэлектуальнае напаўненьне, які можна супаставіць з альбомамі той эпохі, калі жанр ужо рухаўся ў бок высокай тэхнічнасьці, але яшчэ не цалкам разьвітаўся з трэшавымі каранямі. Бліжэйшыя арыентыры – POSSESSED, DEATH, PESTILENCE. Як заўсёды, чыліцы прапануюць аўтэнтычны гук і велізарную павагу да эстэтыкі. На мой погляд, слабы бок альбома ў тым, што песьні трошкі праставатыя, як быццам запісаныя пад адну гітару. У астатнім усё выдатна. Чыліская карбніца каштоўнага мэталу працягвае папаўняцца.

 

GRAVE DESECRATOR – Immundissime Spiritus
Год: 2023
Выдаўца: From Deepest Records
Рэйтынг: 6,7 / 10

Магутныя бразільцы GRAVE DESECRATOR упэўнена йшлі да посьпеху, у 2016-ым забраўшыся ажно на Season of Mist і выдаўшы там моцны альбом “Dust to Lust”. На вялікі жаль, амаль што адразу за гэтым гурт па нейкіх прычынах стаў на паўзу, і нечакана вярнуўся толькі ў 2023-ім, гэтым разам з дапамогай адразу трох малавядомых кантор. Падзея, безумоўна, станоўчая, але, на жаль, за гэтыя гады гурт нешта згубіў. На паверхні яго музыка – ўсё тая ж квінтэсэнцыя бразільскага экстрэмальнага мэталу, дзе да адзінай роўнай формы прыводзіцца спадчына SEPULTURA, SARCÓFAGO, VULCANO, HOLOCAUSTO і г.д. Шалёная хуткасьць, злосны вакал з рэхам, знаёмы стыль – усё на месцы. Але ўнутры бракуе чагосьці важнага, нейкага волаўнага стрыжня, які прыдаваў папярэднім альбомам GRAVE DESECRATOR непаўторную ганарлівую непахінасьць. “Нячысты дух” павыветрыўся, пакінуўшы толькі пустоту.

Grave Desecrator - Fogo Fátuo (Official Visualizer)

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *