Рэцэнзія: HATE FOREST – Innermost

Год: 2022
Выдаўца: Osmose Productions
Рэйтынг: 7,4 / 10

На новы альбом HATE FOREST я чакаў з значна большым энтузыязмам, ніж на новы DRUDKH, бо з DRUDKH усё больш-менш зразумела, а вось HATE FOREST, павярнуўшыся ў 2020-м, выдалі адзін з найлепшых альбомаў у сваёй гісторыі, заадное падарыўшы нам легендарны трэк “Anxiously They Sleep in Tumuli”, які мог напісаць толькі Раман Саенка. Канешне, было вельмі цікава, якім атрымаецца працяг.

На жаль, другога запар цуду не адбылося. Атрымаўся новы альбом HATE FOREST, ані болей, ані меней. Само па сабе гэта выдатна, але прэтэнзія ў тым, што ён зусім не выбіваецца на тле іншых твораў гурта. Бадай што адзіная адметная рыса “Innermost” – неўтаймаваная лютасьць, якая яднае альбом з дэбютам WINDSWEPT. І гэтая ж самая адметная рыса цягне за сабой праблему ў выглядзе слабой дынамікі альбома. Фактычна, на ім ёсьць толькі два тыпы граньня: хуткі рыфінг пад бласт-біты ды акустычныя інтэрлюдыі. Рыфы вельмі добрыя, аднак праз няспынны грукат яны ўспрымаюцца даволі павярхоўна. Ты яшчэ не пасьпяваеш усьвядоміць сутнасьць рыфа, як ён ужо зьмяняецца наступным, і за гэтай безнадзейнай гонкай альбом раптам сканчаецца. Акустычныя фрагмэнты не тое што не дапамагаюць, а нават замінаюць. Яны не благія і не добрыя – яны папросту ёсьць. І я б не сказаў, што яны адчуваюцца як неад’емная частка песьняў. Пасьля халера ведае якой колькасьці праслухоўваньняў, у маёй памяці засталіся толькі невялікія часткі першага і апошняга трэкаў, і гэта трошкі расчароўвае.

Зрэшты, гэта не тое каб нязвыклы выпадак для слухачоў HATE FOREST. У дыскаграфіі гурта ўжо былі падобныя альбомы, якія я слухаў дзясяткі разоў, але памятаю пра іх толькі тое, што яны халодныя, інтэнсіўныя, прасякнутыя пачуцьцём старажытнай глухой нянавісьці. А што там былі за песьні – халера іх ведае. У пэўным сэнсе гэта таксама добра, бо да гэткіх альбомаў кожны раз вяртаешся як да амаль новых, ведаючы, што некаторыя рэчы паслухаеш нібы ўпершыню. Але я ведаю, што пан Саенка ў HATE FOREST умее ня толькі калашмаціць, але й запісваць фантастычныя песьні, таму “Innermost” не цалкам апраўдаў мае спадзяваньні. Прынамсі гук тут выдатны, значна лепшы за перагружаны на папярэднім альбоме.

Выданьне на CD мае форму дыджыпака з буклетам на 8 старонак. Тэкстаў, як заведзена, унутры няма, але ёсьць арты ад таямнічага “Mirror Gallery”, што месцамі нагадваюць малюнкі Сігрун для рэлізаў BBH. Падрабязнасьці на відэа.

HATE FOREST - Innermost (Full Album)

Author: F1sher16

3 thoughts on “Рэцэнзія: HATE FOREST – Innermost

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *