Рэцэнзія: DRUDKH – Всі належать ночі

Год: 2022
Выдаўца: Season of Mist
Рэйтынг: 7 / 10

З аглядам на новы альбом DRUDKH я затрымаўся вельмі моцна, бо чакаў на дыск, але, мажліва, так і трэба, бо вялікая паўза дазваляе ацаніць яго больш адэкватна. Анонс “Всі належать ночі” рабіўся ў вельмі трагічны час, калі было невядома, ці дажывуць увогуле харкаўскія музыкі да рэлізу сваёй 12-й паўнафарматнай плыткі, і, канешне, гэта ўплывала на ўспрыманьне. На шчасьце, самая цёмная хмара абмінула DRUDKH, і на сёньняшні дзень гурт працягвае існаваньне, актыўна дапамагаючы абароне сваёй радзімы ад навалачы.

Беручы на ўвагу гэтыя абставіны, першае жаданьне, якое ўзьнікае – напісаць, як трапна украінскія геніі перадалі пачуцьці свайго народу падчас вайны і выставіць альбому найвышэйшы рэйтынг – то-бок, паўтарыць тое, што зрабіла большая частка профільнае прэсы. Але трэба быць аб’ектыўным і прызнаць, што, як на мой погляд, геніяльнасьці на гэты альбом не хапіла, і прывязваць яго да тэмы вайны было б няверна. Музыка для “Всі належать ночі” стваралася яшчэ з 2017-га, а запісваўся альбом на пачатку лета 2021-га. У адрозьненьні ад “Борозна обірвалася”, які выйшаў у 2015-м у “гарачай фазе” першага ўварваньня і сапраўды вельмі пераканаўча ўвасабляў трывожную атмасфэру тых часоў, новы альбом ёсьць перш за ўсё сіквэлам “Їм часто сниться капіж”. І ня надта ўдалым.

Альбом 2018-га году ў параўнаньні з папярэднікам і трылёгіяй сплітаў адзначыўся пэўным спрашчэньнем гучаньня, а таксама дасканалай гармоніяй лірыкі, аздабленьня і музыкі. Запіс, прысьвечаны расстраляным паэтам Украіны, прымушаў глыбока адчуць усю чорную бязвыхаднасьць той кашмарнай эпохі, дзе адзінымі агеньчыкамі надзеі былі зоры на небе. Канешне, дзеля гэтага трэба было разумець кантэкст, а ня проста праслухаць сраны mp3 з вокладкай.

“Всі належать ночі” імкнецца рухацца ў больш-менш гэты ж самы бок. З музычнага пункту гледжаньня альбомы маюць моцнае падабенства. Тэматыка зьмянілася на больш абагуленую пра ноч і цемру, а эстэтыка павярнулася да рэтра зь усімі гэтымі каламарамі, сьвечкамі, старымі кнігамі, халоднымі восеньскімі вятрамі і драўлянымі сядзібамі – абразы, знаёмыя нам па OLD SILVER KEY і WINDSWEPT. У тым, што датычыцца атмасфэры і адчуваньняў, альбом хіба што не дасканалы. Гэта найцямнейшы твор у дыскаграфіі DRUDKH, неймаверна змрочны і трагічны. Акустычны фрагмэнт пад акампанемент раялю ў апошнім трэку, а потым яшчэ адзін фрагмэнт, ужо самастойны, у фінале, уваходзяць у сьпіс найбольш выбітных момантаў у творчасьці харкаўцаў. Калі ўспрымаць музыку выключна эмацыйна, то “Всі належать ночі” пакідае магутнае ўражаньне.

Аднак калі слухаць песьні больш уважліва, то пачынаюцца праблемы. На вялікі жаль, яны ня дужа цікавыя. Па сутнасьці, толькі ў першым і апошнім трэках ёсьць шэраг адрэзкаў, якія прыцягваюць да сябе ўвагу менавіта з кампазыцыйнага гледзішча. Два трэкі пасярэдзіне пакідаюць у памяці толькі нейкія вельмі агульныя ўражаньні, як той эмбіент. Дзіўна, што гэта адбываецца на тле вялікай колькасьці адсылак да мінулых альбомаў, асабліва да геніяльнага “Microcosmos”. Характэрныя зьмены рытмаў і пераходы на чысты бас ды акустыку адбываюцца не раз і не два, але гэта не заўсёды працуе. Нават зьвязка музыка-лірыка-аздабленьне не ратуе, бо гэтым разам яна не настолькі шчыльная, як мінулым.

Не зразумейце няверна, DRUDKH – гэта па-ранейшаму амаль што недасяжны ўзровень, але, напэўна, Раман Саенка ў творчым парыве трошкі залішне расьцягнуўся паміж мноствам сваіх праектаў, і ў выніку яму не ўдалося захаваць для ўсяго адразу непахісную кампазыцыйную якасьць. “Всі належать ночі” – ня дрэнны альбом, але бадай што слабейшы ў дыскаграфіі DRUDKH.

Фізічнае выданьне на CD мае форму дыджыпака з буклетам на 16 старонак. Аздабленьнне рабіў Эдуард Новікаў, як і на “Їм часто сниться капіж”. Падрабязнасьці на відэа.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *