Рэцэнзія: IMMORTAL – War Against All

Год: 2023
Выдаўца: Nuclear Blast
Рэйтынг: 8 / 10

Пісаць пра музыку IMMORTAL на гэтым альбоме ёсьць справай бадай што марнай, бо гэта будзе нагадваць спробу апісаць паасобку кожны альбом AC/DC. Няма ў сьвеце столькі сінонімаў, каб кожны раз апісаць тое ж самае рознымі словамі. Цяпер будзе лепей сказаць пра тое, чым ёсьць IMMORTAL у 2023-м годзе – экстрэмальным аналёгам MANOWAR. Demonaz у чарговы раз высыпаў усе дэталькі свайго ільдзянага канструктара на падлогу і сабраў зь іх новы альбом. Тыя ж самыя словы ў тых жа самых тэкстах пра той жа самы Блашырк; тыя ж самыя рыфы ў тых жа самых песьнях. IMMORTAL застаецца дзесьці паміж самапародыяй, самаплагіятам і вернасьцю ўласнае традыцыі – залежыць ад вашага асабістага пункту гледжаньня.

Самае забаўнае, што цяпер канчаткова згубілі сэнс вечныя срачы на тэму Demonaz vs. Abbath. Маўляў, першы пісаў злосную віхровую музыку клясычных альбомаў, а другі выдумляў мяккацелыя хэвішныя рыфы. Дык вось, на “War Against All” ёсьць УСЁ – ад лютай завірухі “Blizzard Beasts” і містычных гукаў “Pure Holocaust” да простага цытаваньня “Sons of Nothern Darkness”. Ёсьць той Abbath ці Horgh, няма іх – усё адно, сутнасьць IMMORTAL застаецца настолькі нязьменнай, што, напэўна, яна будзе працаваць нават бяз Demonaz’а за стырном. Дарэчы, з запісам яму дапамагалі слынны Ice Dale і малады клоўн у підарасаў бубнач з GAAHL’S WYRD, але відавочна, што аніякага ўплыву на музыку яны не зрабілі.

Агулам новы альбом даволі моцна нагадвае “March of the Norse” – гэта тое, чаго я чакаў ад папярэдніка, але дачакаўся толькі зараз. Таму “War Against All” мне спадабаўся, бо старыя прыёмы па-ранейшаму працуюць.  Калі Demonaz плянуе і надалей прытрымлівацца графіку “1 альбом за 5 гадоў”, то яны й не пасьпеюць надакучыць. Адзначу таксама, што ў альбома вельмі добры па стандартах Nuclear Blast гук – тое, чаго бракавала “Northern Chaos Gods”.

Immortal - War Against All (OFFICIAL FULL ALBUM STREAM)

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *