Бліц-рэцэнзіі 86: ANIMALIZE, HELLCRASH, FIRMAMENT, HELVELLYN, GRYMMSTALT

86-ы выпуск кароткіх аглядаў.

ANIMALIZE – Tapes from the Crypt
Год: 2020
Выдаўца: Dying Victims Productions
Рэйтынг: 7,8 / 10

Дэбютны рэліз бадзёрага гурта з Францыі. У стылі спалучаюцца Speed Metal, хуліганская манернасьць і гучнасьць Hair Metal, і канструктыўная мэлядычнасьць Heavy Metal. Часам вуха рэжуць пэўныя моманты, зьвязаныя з вакалам і агульнай гукавай палітрай, але хлопцы граюць настолькі шчыра, што на гэта не зьвяртаеш увагі. Самыя лепшыя трэкі выкананыя на роднай для ANIMALIZE мове – у іх усё проста дасканала. Рэкамэндую адразу пачынаць зь іх.

 

HELLCRASH – Demonic Assassination
Год: 2023
Выдаўца: Dying Victims Productions
Рэйтынг: 6,7 / 10

Традыцыйны спід-трэшавы мэтал, вельмі падобны перш за ўсё да VENOM, а потым ужо да BULLDOZER (як іначай, бо гурт італьянскі!). Эстэтычна ўсё дасканала, аднак гэтым хлопцам уласьцівы той жа самы брак плаўнасьці, які заўсёды адбіваў у мяне жаданьне слухаць VENOM, таму альбом мне ня надта спадабаўся. Але фанатам вялікіх брытанцаў, канешне, рэкамэндую.

 

FIRMAMENT – We Don’t Rise We Just Fall
Год: 2023
Выдаўца: Dying Victims Productions
Рэйтынг: 6 / 10

Нямецкі мэлядычны Hard’n’Heavy. З аднаго боку, вельмі рознабаковая і прыгожая музыка. Зь іншага, часам нейкая занадта пакутніцкая і сьлязлівая для мяне. Магчыма, калі мне будзе гадоў 50, паспрабую яшчэ раз.

 

HELVELLYN – The Lore of the Cloaked Assembly
Год: 2022
Выдаўца: Purity Through Fire
Рэйтынг: 6 / 10

Стандартны “якасна-андэграўндны” чорны мэтал, які можна слухаць, нават атрымліваючы задавальненьне, але рабіць гэта зусім неабавязкова. Станоўчы момант бадай што адзіны: HELVELLYN паходзіць з Англіі, а там амаль усё, што прэтэндуе на Black Metal, у выніку выяўляецца ня толькі не Black Metal, але й папросту гаўном.  Таму для Англіі гэта даволі неблагі вынік.

 

GRYMMSTALT – Anthems of Mournful Despondency
Год: 2022
Выдаўца: Signal Rex
Рэйтынг: 8 / 10

Зноў з намі нашыя ўлюбёныя чылійскія ўдзельнікі 13TH TEMPLE, WINTERSTORM etc. Гэтым разам яны прапануюць непраглядна дэпрэсіўны твор, які абапіраецца на доўгія марудныя кампазыцыі ў стылі BURZUM, WIGRID, DROWNING THE LIGHT. Музыка расхістаным колам павольна каціцца па чорнаму глею, пакуль не падчэпіць цябе на гаплік і не зацягне ў багну роспачы. Знаёмае, але ўсё адно вельмі моцнае ўражаньне. Апроч таго, альбом мае сур’ёзную канцэпцыю самаўзвышэньня праз боль, таму слухаць яго зусім не сорамна!

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *