Рэцэнзія: GRIEVE – Wolves of the Northern Moon

Год: 2022
Выдаўца: Werewolf Records
Рэйтынг: 7,3 / 10

Усяго 3 гады таму я пісаў пра дэбютны EP фінскага гурта GRIEVE – за час, які мінуў з таго моманту, гурт пасьпеў разваліцца і сабрацца нанова. Падмурак яго складаецца з старых знаёмых: гэта V-KhaoZ (DRUADAN FOREST, VARGRAV) і пан Werwolf уласнай асобай. Новым вакалістам гурта стаў Hellwind Inferion, сучасны фронтмэн SARGEIST.

Што яны ўмеюць рабіць, дык гэта рамантычны стары Black Metal ва ўсіх формах. І трэба сказаць, што хлопцы, кожны зь якіх мае за плячыма па тузіну і больш праектаў, здолелі не паўтарыцца. GRIEVE прапануе п’янавата-простанародны погляд на фінскае гучаньне, які можна было б назваць нават хуліганскім, калі б не даволі мэлянхалічны настрой музыкі. Гурт грае збольшага ў сярэднім тэмпе, цытуючы то BURZUM і DARKTHRONE адначасова (гл. “Eternal Winter, Eternal War”), то свае ўласныя праекты. Галоўнай характарыстыкай альбома ёсьць яго шчырасьць і просталінейнасьць. Аранжыровак бадай што няма, клявішныя партыі надзіва прымітыўныя і рэдкія. Гук дзяркаты і ацесьлівы; у параўнаньні з “Wolves of the Northern Moon” новы SATANIC WARMASTER выглядае пластыкавай цацкай. Адзначу вакаліста асобна, бо ён сьпявае вельмі выразна, часам вывяргаючы з сваёй глоткі нешта страшэннае, ажно вушы рэжа. Спадабаецца ня ўсім, але талент у чалавека ёсьць.

Гэта верна і ў дачыненьні да ўсёй плыткі: “Wolves of the Northern Moon” прыдуманы, награны і запісаны даволі няроўна, месцамі абы-як, але талент і шчырасьць амаль усё выкупаюць. Шмат у чым альбом нагадвае адзіны твор нашага W.E.L., які падкупае сваёй сапраўднай любоўю да цёмных традыцый, хоць добрым густам у ім і не пахне. Рэкамэндую “Wolves of the Northern Moon” тым, каму дарагі немудрагелісты паўночны мэтал. Ён не прэтэндуе на веліч, затое ў ім ёсьць кроў, гвалт, мароз і выцьцё на поўню.

GRIEVE "Wolves of the Northen Moon" FULL ALBUM STREAM (OFFICIAL)

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *