Рэцэнзія: ДЯДЮШКА AL-LA-SHT-ORR – Кимбанда для самых маленьких: “Сказки” про “Лошадку”

Год: 2023
Выдаўца: Art of Anticreation
Рэйтынг: י

Прапаную вашай увазе найсьвяжэйшы твор AL-LA-ShT-ORR’а, якога чытач Bagnik Zine можа ведаць па HAMMER OV QLIPHOTH, ITHDABQUTH QLIPHOTH, а таксама, магчыма, па ўдзелу ў DEATHMOON і ПСАЛОМ 666. Гэны персанаж – этнічны беларус, дарэчы – ёсьць хіба што ня самай экстравагантнай постацьцю ў навакольным ідэйным андэграўндзе, і творчасьць у яго адпаведная. Перш чым слухаць будзь які ягоны асабісты рэліз (або рэліз Art of Anticreation), раю спачатку азнаёміцца з асобай грамадзяніна AL-LA-ShT-ORR’а празь інтэрвію ў Black Curse #2 або вось гэтае.

Рэцэнзіі на фізічныя рэлізы абавязваюць мяне да максімальна падрабязнага разгляду музыкі, але тут з гэтым цяжкавата. На дыску яе, як ганарліва заяўляе прэс-рэліз, “амаль чвэрць гадзіны”, то-бок сканчаецца ўсё, ледзьве распачаўшыся. Каб вы разумелі, гэта чвэрць гадзіны казак пад акампанемент руска-афрыканска-кубінскіх народных інструментаў, напрыклад, банджа і ксілафона. А можа, пад нешта іншае – хуй яго ведае.

Казкі ад дзядзькі AL-LA-ShT-ORR’а грунтуюцца на кімбандзе – гэта вельмі спецыфічны рэлігійны культ бразільскага паходжаньня. Ён ня надта эзатэрычны, таму пра яго ёсьць багата інфармацыі ў інтэрнэтах. На першы погляд казкі могуць падавацца нейкім забаўным трызьненьнем, але, калі не забывацца, што азначаны конік – гэта апантаны нейкім духам чалавек, усё становіцца больш ясным,  і многія мэтафары набываюць сэнс. Праўда, ня ўсе – напэўна, каб зразумець зьмест казак цалкам, трэба вельмі добра знацца на рэлігійна-акультных рэчах, а гэта ў гэтай галіне прабелаў у мяне значна больш, чым ведаў. Чалавек я просты, сялянскі, у мяне конік асацыюецца перш за ўсё з ворывам, пашай ды конскімі яблыкамі. Калі тэма вас зацікавіла, зьвяртайцеся да адмысловага тэлеграм-каналу.

Рэліз выданы накладам у 44 асобнікі на CD-R. У мае рукі трапіў шосты асобнік зь сямі, якія маюць у якасьці дадатка вось гэтую паскудзіну, абмочаную ў нейкім парафосе. Напэўна, калі яе зьесьці, можна імкліва дасягнуць поўнай праясьнёнасьці. Добрая спроба, але прусака есьці я ўсё адно ня буду; мой never stop the madness распаўсюджваецца на іншых, а сам я зьберагаю цноты дзеля ўтульнай дамавіны! Падрабязнасьці на відэа. Выбачаюся за якасьць – палявыя ўмовы.

P.S. Я ня ведаю, хто і навошта будзе гэта слухаць, але прэцэдэнт вельмі цікавы.

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *