Рэцэнзія: NEGATIVE PLANE – The Pact…

Год: 2022
Выдаўца: Invictus Productions
Рэйтынг: 8,6 / 10

З нейкай прычыны я даволі доўга пагардліва ставіўся да штатаўскага гурта NEGATIVE PLANE (мабыць, пераблытаў зь кімсьці), але пасьля прачытаньня кнігі Дэніела Лэйка зьмяніў сваё меркаваньне. Як выявілася, NEGATIVE PLANE – вельмі сур’ёзны і шчыры Black Metal-гурт, які вельмі паважна ставіцца да  ўсіх аспектаў сваёй творчасьці.

“The Pact…” – маё першае знаёмства з музыкай NEGATIVE PLANE, і я быў моцна ўражаны. У музычным плане гэта не зусім тое, што я шукаю асабіста для сябе. Але, як ужо было сказана, гэты гурт працуе больш чым старанна, нічога не пускаючы на самацёк. У альбома прафесійны дызайн і захапляльныя літаратурныя тэксты, аб’яднаныя агульнай тэмай – гэта з таго, што бачна адразу. Унутры слухача чакае музыка, якая грунтуецца на старым цёмным Heavy Metal кшталту BLACK SABBATH і MERCYFUL FATE. У выкананьні NEGATIVE PLANE гэта трошкі нагадвае CULTES DES GHOULES, але амерыканцы гучаць і граюць значна больш вытанчана і выкшталцона. Насамрэч, першая асацыяцыя, якая ў мяне ўзьнікла – апошні альбом швэдаў PEST, толькі яны ўсё зрабілі абы-як, а NEGATIVE PLANE зрабілі ўсё амаль што дасканала. Кожная іх кампазіцыя – комплексны, тэхнічны, прадуманы да апошняй д’ябальскай ноты твор. Гэта той выпадак, калі ўзьнікае ўражаньне, што ўсе 11 гадоў, мінулыя з выпуску папярэдняга альбому, гурт толькі тым і займаўся, што працаваў над новымі песьнямі. Глыбіня аўтарскай задумкі амаль бязьмежная.

Канешне, як і пераважная большасьць настолькі комплексных альбомаў, “The Pact…” гучыць параўнальна малаэмацыйна. У першую чаргу гэта ежа для розуму і вушэй, а потым ужо для сэрца. Гэта бадай што адзіная мая прэтэнзія. Але няхай гэта вас не спыняе – абавязкова зьвярніце ўвагу на альбом і не забудзьцеся паставіць чырвоным свой подпіс пад Пактам.

 

Author: F1sher16

1 thought on “Рэцэнзія: NEGATIVE PLANE – The Pact…

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *