Рэцэнзія: NIAISNY – U zmroku i cieniu śmiarotnym

Год: 2022
Выдаўца: Medieval Prophecy Records
Рэйтынг: 8,3 / 10

Да мяне дабраўся другі запіс таямнічага гурта NIAISNY, і хоць я ўжо даваў навіну пра яго на сваім канале ў Telegram, зрабіць агляд, канешне, неабходна. Агляд на дэбютны запіс пакуль што ляжыць у архіве і яшчэ не даданы на новы сайт, таму не будзе вялікай бяды, калі я паўтару некаторыя сентэнцыі.

Значыцца, пры стварэньні гурта у музыкаў NIAISNY была мэта граць нешта ў бок BBH, але, як на мой погляд, гэта не зусім атрымалася. Першы запіс быў збольшага абагуленым усходнеэўрапейскім атмасфэрным мэталам кшталту HATE FOREST, WALKNUT, YGG, KRAHNHOLM, толькі з крыўскім каларытам. Новы запіс трошкі набліжае гурт да першапачатковай мэты праз упэўнены крок наперад ва ўсіх аспэктах, хоць падабенства па-ранейшаму застаецца хутчэй духоўным, чым музычным.

Але гэта няблага. Клёны BBH – гэта добра, калі ў гурта няма патэнцыялу для чагосьці большага. У NIAISNY гэты патэнцыял ёсьць. Ужо на “Zastyły miesiac” было зразумела, што гэта самабытны і ўмелы калектыў. За сваю практыку аглядчыка музыкі я бачыў сотні прэс-рэлізаў, дзе распісвалася як той ці іншы гурт прапануе “сьвежы погляд” на пэўны жанр, хоць насамрэч сьвежасьці там прыкладна як паміж пальцамі на нагах у жаўнера, што тры тыдні прасядзеў у акопе. А вось NIAISNY без усякіх прэс-рэлізаў, ціха і непрыкметна, робяць менавіта гэта – дэманструюць свой погляд на характэрны атмасфэрны мэтал усходнеэўрапейскага рэгіёну. Хоць праводзіць паралелі з вышэйузгаданымі гуртамі можна і трэба, але NIAISNY – гэта нешта зусім іншае, нешта сваё; самастойная адзінка, якая працуе на знаёмым полі па ўласнаручна створанай сістэме.

Дадамо, што цяпер гурт значна лепей гучыць і грае. Гэта той выпадак, калі задавальненьне атрымліваеш не толькі ад агульнага адчуваньня, створанага музыкай, але й ад цалкам канкрэтных рэчаў кшталту гітарных рыфаў ці сола. Так, тут ёсць сола, і не адно. Асабліва адметнае зь іх – на апошнім трэку; гучыць так, нібы яго награў Damien T.G. часоў лепшых запісаў STIELAS STORHETT. Калі першы запіс, безумоўна, быў дэма, то новы ўжо цягне на альбом.

Як і дэбют, “U zmroku i cieniu śmiarotnym” выданы толькі на касэтах. Унутры зноў амаль нічога няма, але па ўскосных прыметах можна сказаць, што гурт павярнуўся да больш цёмнай тэматыкі, і гэта, напэўна, ужо Black Metal. Паглядзець на касэту можна на відэа.

Niaisny (Belarus) - U Zmroku I Cieniu Śmiarotnym (Demo) 2022

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *