81-ы выпуск кароткіх аглядаў.
SULPUR – Embracing Hatred and Beckoning Darkness
Год: 2021
Выдаўца: Amor Fati Productions
Рэйтынг: 7,8 / 10
Традыцыйны Black Metal з жорсткім сырым гукам і ўрачыстай мэлёдыкай. Даволі тыповы рэліз, як для Amor Fati: тут і відавочны нардычны характар музыкі, і пэўнае падабенства да ARCKANUM. Цікава, што альбом разам з дэбютным EP у мінулым годзе стаў адным з рэлізаў адроджанага Hungry AK-47 Productions. Чаму б не – музыка выдатная і правільная.
TRANSILVANIA – Of Sleep and Death
Год: 2021
Выдаўца: Invictus Productions
Рэйтынг: 7 / 10
Ладны мэлядычны чорны трэш пра Сярэднявечча. Як гэта часьцей за ўсё бывае ў зоне ўплыву нямецкага музычнага рынку, збольшага тут мільён раз перапрацаваны прадукт, але сітуацыю ратуюць добры старамодны гук і адмысловая “трансільванская” злавеснасьць. Таму альбом можа даставіць багата задавальненьня. Але не чакайце ад яго чагосьці ўзроўню KROLOR, CULTEST DES GHOULES або MALOKARPATAN, гэта на некалькі парадкаў прасьцейшая музыка.
UNIVERSALLY ESTRANGED – Reared Up in Spectral Predation
Год: 2021
Выдаўца: Blood Harvest
Рэйтынг: 8,4 / 10
Брутальны “навукова-фантастычны” мэтал з Штатаў, або, як выказаўся адзін з слухачоў, паранармальны. Сапраўды, гэта ебануты ламана-перакручаны музычны вэрхал, і пры гэтым страшэнна цяжкі і змрочны, амаль што як той THE HAUNTING PRESENCE. Аўтару ўдалося захаваць пэўную паслядоўнасьць, не скаціўшыся ў касьмічны хаос, таму слухаць гэта сапраўды цікава. Гэта альбом, які заслугоўвае дэталёвага разбору перш за ўсё не аглядчыкам, а слухачом.
FROSTNATT – Vinterens Kaldeste Natt
Год: 2021
Выдаўца: Der Schwarze Tod
Рэйтынг: бяз рэйтынгу
Зборнік екатэрынбургскага праекту, які зьмяшчае два “пераасэнсаваныя” міні-альбомы. Тут трэба адразу адзначыць, што FROSTNATT – праект інструмэнтальны, а я гэтую тэму ніколі не ўхваляў і не разумеў. Як на мой погляд, калі ты абраў гэты шлях, то ты мусіш прапаноўваць нейкія неверагодныя рэчы, якія пацярпелі б у выпадку наяўнасьці вакала на запісе. А калі ты граеш няхай і прыгожы, эмацыйны, але даволі тыповы расейскі атмасферны мэтал, то сэнсу я не бачу. Няма тут такой глыбіні і вобразнасьці, што гаварыла б праз музыку, ды й структуры трэкаў нібы самі просяць накласьці на сябе вакальныя партыі.
VOMIT – Deathlike Vomit
Год: 2021
Выдаўца: Deathrune Records
Рэйтынг: 7,2 / 10
Нарэшце ў сёньняшняй падборцы нармалёвая музыка пра вечныя чалавечыя каштоўнасьці – ваніты, здыхляціну і Рагатага. Чылійцы – eternal hails гэтаму цэльнамэталічнаму народу! – наслухаліся гурта POSSESSED (а таксама TERMINAL DEATH, бо нездарма тут ё кавэр на іх), прыдумалі абсурдную назву і выдалі гэты міні-альбом, на якім, каб прадэманстраваць шырату мысьленьня, адхіліліся ў бок Death Metal, а ня Black Metal. Таму на 15 хвілін шалёнага драньня тут ёсьць агулам хвіліны 4 цяжкай дэтавай валтузьні, некалькі хаотычных “фларыдскіх” сола, і яшчэ вакал даволі спецыфічны. Ну що тут можно сказати – Чылі ёсьць Чылі, і кожны вось такі тамтэйшы гурт варты дзесяці ўмоўных TRANSILVANIA, хоць апошнія, канешне, таксама стараліся. Але чылійскі мэтал заўжды будзе цьвярдзейшы.