STARFIELD была для мяне найбольш чаканай гульнёй за апошнія гадоў 10, і я прадказваў, што яна альбо стане новым стоўпам віртуальнага мастацтва, альбо, у горшым выпадку, атрымаецца “Fallout 4 у космасе” (што таксама вельмі няблага). Здаецца, выйшла нешта паміж гэтымі варыянтамі. Адразу скажу, што годны і дэталёвы разгляд STARFIELD можна напісаць прынамсі празь месяц актыўнай гульні, а мо і болей, улічваючы каласальныя памеры гульні. Магчыма, аднойчы я яго напішу, але пакуль што падзялюся ўражаньнямі, якія склаліся ў мяне пасьля павярхоўнага знаёмства з асноўнымі момантамі. Таксама папярэджу, што я не рабіў для агляду сваіх скрыншотаў, бо пішу матэрыялы зь іншага кампутара, і мне лянота перацягваць іх туды-сюды. Усё, што вы бачыце, скрадзена з Інтэрнэту.
Спачатку пра злабадзённае: аптымізацыю. На дадзены момант (3-і дзень пасьля выхаду гульні ў папярэдні доступ для ўладальнікаў Premium Edition) STARFIELD мае праблемы з выкарыстаньнем працэсару: пакуль відэакарты працуюць на поўную, працэсары карыстальнікаў загружаныя ў сярэднім на 20%. Таму ў 1080p на маёй сістэме (Ryzen 5 5600x, NVIDIA GeForce RTX 3050 8gb, 16 gb DDR4) гульня выдае 38-50 кадраў на адкрытай прасторы і 55-80 у закрытых памяшканьнях. У горшых выпадках чашчыня кадраў падае да 30-32. Зьмена графічных наладак і ўключэньне апскэйлінга амаль нічога не дае, бо, як я сказаў, праблема перш за ўсё ў выкарыстаньні CPU. Гэта непрыемна, але гуляць можна. Вядома, новыя патчы і дровы для відэакарты паступова ўсё выправяць. Што датычыцца багаў, то іх амаль няма. Тыя, зь якімі я сутыкнуўся, ні на што сур’ёзна не ўплывалі (напрыклад, часам неабходна па 2 разы адкрываць інвентар, бо ён паказвае пусты экран).
Графічны складнік ёсьць за што і пахваліць, і пакрытыкаваць. Тэкстуры месцамі абы-якія, месцамі фантастычна прыгожыя. Мадэлі найвыдатныя, аб’ёмістыя. Асабліва гэта датычыцца цяжкай машынерыі і будынкаў: калі глядзіш на іх, ажно фізічна адчуваеш іх вагу. Сістэма асьвятленьня, якой распрацоўнікі вельмі ганарацца, сапраўды выглядае файна, але ўражаньне псуюць залішне назольныя фільтры і заніжаная кантраснасьць, якімі Bethesda традыцыйна паганіць карцінку сваіх гульняў яшчэ з часоў Fallout 3. Спадзяюся на хуткі выпуск міні-модаў, аналягічных No Tint і URWL для Skyrim, якія ўсё гэта прыбіраюць. NPC атрымаліся найболей неадназначнымі. З аднаго боку – выдатная дэталізацыя і анімацыя твараў. З другога – абсалютна мёртвыя, пустыя вочы, празь якія ўзьнікае ўражаньне, што твой кожны суразмоўца ці то агент КДБ, ці то андроід, які мае намер цябе забіць. Адсутнасьць жэстыкуляцыі таксама не дапамагае.
UPD: пакуль я гэта пісаў, мод, які прыбірае фільтры, ужо зьявіўся 🙂
А вось дызайнэрская праца заслугоўвае ўсемагчымых усхваленьняў і залатых статуэтак. Зрэшты, сучасныя гульні ўжо даўно ставяць графічны дызайн вышэй за графічную тэхналёгію (што правільна), аднак STARFIELD у гэтым пляне выдаецца на тле ўсяго, што існуе зараз. Асноўны сэтынг (гэтак званы NASA-punk) выяўляе тое, як сучасныя касьмічныя тэхналёгіі будуць выглядаць праз 300 гадоў, і ўсё гэта трошкі нагадвае, напрыклад, сусьвет “Чужых”, толькі без магнітных стужак. Але гэта толькі малая частка – мастакі і дызайнеры Bethesda стварылі мноства гарадоў і паселішчаў з радыкальна адрознымі стылямі, а пра плянэты я нават не кажу, бо там ёсьць усё, на што толькі здольная чалавечая фантазія. Над вопраткай NPC працавалі, несумненна, выбітныя адмыслоўцы, а зброя выглядае настолькі фарсова, што хочацца забіць ёй інвентар проста дзеля таго, каб час ад часу круціць і аглядаць з усіх бакоў. Галоўны прынцып добрай навуковай фантастыкі – утылітарнасьць – таксама захоўваецца. Дызайнеры думалі не толькі пра тое, як нешта мае выглядаць, але і чаму, навошта яно мае выглядаць менавіта гэткім чынам.
Гэты прынцып пераносіцца таксама на канструктар караблёў, які сам па сабе ёсьць асобнай гульнёй унутры гульні. Па-першасьці вы будзеце лятаць на старым “Frontier”, які вам пазычыць адзін з ключавых персанажаў, а зь цягам часу зможаце прыдбаць сабе ўласны карабель, набыўшы яго ў адной з вэрфаў або скраўшы ў якіх-небудзь піратаў. Канструктар прапануе страшэнную колькасьць будоўных магчымасьцяў (кожная дэталь мае свае ўласьцівасьці, якія адбіваюцца на агульных характарыстыках пасудзіны), і я не сумняваюся, што вашым першым імпэтам будзе пабудаваць карабель у форме свастыкі, каб выправіцца на ім на пошукі homo galactica. Канструяваньне караблёў – вельмі дарагая справа, але гэта дапамагае часткова вырашыць традыцыйную праблему эканомікі гульняў Bethesda, дзе добра разьвіты герой непазьбежна пачынаў плаваць у золаце. Starfield, дарэчы, у гэтым пляне не расчараваў – кубак кавы тут каштуе 75 крэдытаў, а карабель пачатковага ўзроўня – каля 65 000.
STARFIELD – гульня з надзіва высокім парогам уваходжаньня. Пачынаючы з TES IV: Oblivion, Bethesda паказвалі гульцу галоўныя прынцыпы з дапамогай лінейных і выдатна зрэжысаваных уступных этапаў, якія займалі прыкладна гадзіну (уцёкі ад Міфічнага Золку разам з Імператарам Тайберам Сэптымам, сталеньне ГГ у Vault 101, і гэтак далей). Гэта заўсёды пакідала магутнае першае ўражаньне, але на 4-5 раз нанова перапраходзіць гэтыя этапы было папросту невыносна. Відавочна, распрацоўнікі гэта зразумелі, таму ўступная частка STARFIELD вельмі сьціплая ва ўсіх сэнсах. Ужо хвілін праз 15-20 вы атрымліваеце магчымасьць адносна вольна агледзець першую плянэту, а праз гадзіну зможаце займацца чым заўгодна. Праўда, я гэтага не рэкамендую, пакуль вы не выканаеце некалькі сюжэтных квэстаў. Хоць STARFIELD збольшага базуецца на знаёмых мэханіках, усе яны так ці інакш зьмяніліся і моцна паглыбіліся. У спалучэньні з новымі мэханікамі гэта выклікае імгненны перагруз мазгоў. Таму лепей за ўсё засвойваць STARFIELD вельмі павольна, пранікліва. Напрыклад, бегла прачытаўшы апісаньне новай сістэмы ўзлому, я прапусьціў некалькі важнейшых аспектаў, і доўга не мог зразумець лёгіку працы футурыстычных digipick’аў. Памятайце і пра тое, што STARFIELD – цалкам новы сусьвет з велізарнай гісторыяй. Распрацоўнікі з самага пачатку абрынаюць на вашую галаву дзясяткі назваў, імёнаў, тэрмінаў. Калі ў сучасных TES і Fallout гэтаму можна было даць рады, бо вы ўжо ведалі асноўныя рэчы па папярэдніх гульнях, то тут вас выкідаюць проста з шахты ў каласальны новы сьвет, знаёміцца зь якім даводзіцца крок за крокам.
Сістэма стварэньня персанажа ў STARFIELD таксама пашырылася і паглыбілася. Рэдактар зьнешнасьці найбольш падрабязны за гісторыю Bethesda, але ўсё адно не дацягвае да серыі Saint’s Row (на жаль) і да Baldur’s Gate 3 зь яе фіялетаваскурымі мужабабамі (на шчасьце). Цікава, што стварыць паспалітага беларуса ў ім вельмі цяжка: у мяне не атрымалася зрабіць аўтэнтычнага сябе праз адсутнасьць кароткай барадзёнкі бяз вусоў, і цяпер я гуляю за шчакастага хлопца з выглядам прапітага аўтамэханіка. А вось зрабіць дасканалага арыйца ці даволі прыгожую дзяўчыну – гэта без праблем. Пасьля выбару зьнешнасьці можна выбраць для свайго героя біяграфію, ад якой будзе залежаць ягоны стартавы набор навыкаў і стаўленьне да яго з боку некаторых NPC. З Fallout 4 у STARFIELD перайшлі сістэма трэйтаў (дадатковых рысаў, якія даюць бонусы ў адным і бафы ў іншым) і навыкаў. Як і раней, павышаючы ўзровень, вы атрымліваеце ачко навыкаў, якое можна выдаткаваць на адзін з перкаў (усяго налічваецца 5 катэгорый). Перкі маюць 4 узроўня разьвіцця, а абмежаваньня па ўзроўнях няма, таму вы можаце зноў развіць у свайго персанажа абсалютна ўсе перкі, але на гэта спатрэбяцца сотні ачкоў. Прыслухаўшыся да крытыкі, Bethesda ўдасканаліла не зусім лягічную сістэму, дзякуючы якой у Fallout 4 можна было набраць новы ўзровень, гатуючы мяса сабакі на вогнішчы, а потым укласьці ачко ў навык узлому кампутараў. Цяпер для разблакаваньня новых узроўняў перкаў трэба выконваць адмысловыя заданьні: 20 забойстваў з пісталета для Лёгкай Зброі, прадаць 50 унікальных прадметаў для Гандалю, і гэтак далей.
У дыялёгавай сістэме зьявілася новая сістэма перакананьня. У вас ёсьць абмежаваная колькасьць спробаў, каб запоўніць умоўную шкалу і пераканаць суразмоўцу. Найбольш рызыкоўныя пададказы хутчэй запаўняюць шкалу, але маюць меншы шанц на посьпех, і наадварот. Атрымалася значна жывей за традыцыйную сістэму праверкі навыка красамоўства.
Кіраваньне касьмічным караблём – яшчэ адна цалкам новая мэханіка, і атрымалася яна надзіва глыбокай. Узлятаць, садзіцца, стыкавацца ў ручным рэжыме тут немагчыма – ўсё гэта робіцца націсканьнем аднаго клявішу. Таксама, да не зусім зразумелага жалю некаторых гульцоў, тут нельга лятаць паміж зорнымі сістэмамі у рэальным часе. Паміж плянэтамі адной сістэмы – можна, і гэта, відавочна, вельмі доўгі працэс. Але ўсё, што датычыцца кіраваньня вашым караблём у космасе, прадумана дужа рупліва. Як ва ўмоўным Stargate: Universe, ключом да ўсяго ёсьць запас энергіі. Карабель мае тры адмены зброі, звычайныя рухавікі, шчыты і міжзорныя рухавікі. Перанакіроўваючы энергію паміж імі, вы адпаведным чынам узмацняеце адно і асабляеце іншае. Калі, усіраючыся, робіш гэта пад агнём, адначасова хаваючыся паміж астэроідаў і намагаючыся ўнікнуць наводкі варожых ракет, пачынаеш разумець, чаму доктар Нікалас Раш заўсёды быў на нэрвах. Баявая сістэма таксама не казуальная. Звычайна спачатку патрабуецца збіць шчыты варожага карабля лазэрнымі гарматамі, а потым з дапамогай балістыкі выбіць ягоныя рухавікі, каб узяць карабель на абардаж… або разьнесьці нахой ракетамі і пазбіраць той лут, што застанецца пасьля. Нарэшце, караблі выкарыстоўваюць гэтак званае скачковае паліва, якое патрабуецца для пералётаў паміж зорнымі сістэмамі. Але тут усё даволі мякка: запас паліва ўплывае толькі на даўжыню скачка. То-бок, з малымі бакамі вы скачаце ад адной сістэмы да наступнай, а з вялікімі можаце праскокваць некалькі сістэм за раз. На карабель можна наймаць каманду; кожны найманец дадае нейкія бонусы.
“Наземная” баявая сістэма гульні нездарма ёсьць нагодай для гонару для супрацоўнікаў Bethesda. Нарэшце гэта больш не RPG з вогнепальнай зброяй, а самы сапраўдны шутэр. Зразумела, эфектыўнасьць зброі па-ранейшаму вызначаецца вашым навыкам, але кіраваньне, дынаміка, анімацыі, агульнае адчуваньне стральбы і элементы тактыкі – усё гэта цяпер на ўзроўні якой-небудзь шостай ці сёмай часткі Call of Duty. Акрамя таго, STARFIELD мае важнейшую фічу ў выглядзе джэтпака, які дапамагае не толькі хутчэй аглядаць плянэты і забірацца на высокія будынкі, але і налятаць на ворагаў драпежнай птушкай і дзяўбсьці іх у патыліцу. Аматары бліжняга бою будуць задаволеныя асабліва, бо джэтпак дапамагае ўраўнаважыць шанцы ў сітуацыях “адзін супраць усіх”.
Дасьледваньне новых свьетаў выглядае наступным чынам: прасканаваўшы плянэту з арбіты, вы знаходзіце патэнцыйна цікавыя кропкі і садзіцеся побач зь імі. Для дасьледваньня будзе даступны сектар памерам у некалькі квадратных кілометраў, дзе, акрамя наведваньня варожых баз, дробных паселішчаў ды іншай традыцыйнай актыўнасьці, можна шукаць рэсурсы, дасьледваць з дапамогай сканэра флору і фаўну, будаваць аванпосты і гэтак далей. Будоўля аванпостаў выкарыстоўвае ўдасканаленую сістэму, якая ўпершыню зьявілася ў Fallout 4, і яна, зноў жа, паглыбілася і пашырылася. Пры гэтым, як і раней, ствараць усегалактычную сетку аванпостаў неабавязкова. Але магчыма, калі вы хочаце эканоміць і нават зарабляць грошы, здабываючы рэсурсы для новых навукова-тэхнічных пражэктаў або разьвіцьця ўласнага ІП. На жаль, у STARFIELD няма транспарту, і гэтым разам я не разумею ўпартага нежаданьня Bethesda дадаваць яго. Так, джэтпак дапамагае перамяшкацца па плянэтах хутчэй (асабліва ва ўмовах паніжанай гравітацыі), але ўсё адно бегаць па 2-3 кілометры да чарговай базы – гэта трохі далекавата. Умоўны гравіцыкл з Star Wars тут бы моцна дапамог.
Нагадаю, што ў STARFIELD налічваецца ~1000 плянэтаў. Іх памер складае 5% ад рэальнага, што ўсё адно азначае велізарную прастору для дасьледваньня. Высадзіцца і аббегчы плянэту па коле немагчыма, але можна пералятаць ад сектару да сектару, калі ёсьць жаданьне. Заяўлялася, што толькі на 10% зь іх ёсьць жыцьцё. На першы погляд расчароўвае, але на другі – гэта ~100 населеных плянэтаў, што вельмі багата.
Пра сюжэт мне пакуль сказаць асабліва няма чаго, бо я толькі ў самым пачатку. Пакуль што вельмі інтрыгуе, і, як я разумею, таямнічыя артэфакты, якія шукае наш герой у складзе супольнасьці дасьледчыкаў пад назвай The Constellation, будуць надаваць яму надзвычайную моц кшталту Крыкаў з Skyrim. Сайд-квэстаў, як звычайна, настолькі багата, што я імкнуся пакуль што сьвядома іх унікаць, бо журнал заданьняў забіваецца імгненна. Нават найдрабнейшыя і найбанальнейшыя квэсты кшталту “зьбегай і прынясі” маюць вялікую перадгісторыю і могуць скончыцца зусім ня тым, на што вы маглі разлічваць, калі браліся за іх дзеля лёгкага грошыку і дадатковых пунктаў досьведу. Зразумела, у гульні таксама ёсьць мноства месцаў, куды можна наняцца: легальная кампанія наёмных забойцаў, паліцыя, флот незалежных капітанаў, калектар для банка і гэтак далей. Мала таго, паўсюль сустракаюцца тэрміналы з аб’явамі ад той ці іншай арганізацыіі. Абшар варыянтаў неймаверны – ад звычайнай перавозкі грузаў да пошукаў умоўнай іголкі ў астэроідным пасе, які прачэсваецца шалёнымі рэлігійнымі сектантамі.
Пра сектантаў. У STARFIELD ёсьць некалькі буйных фракцый: United Colonies (умоўныя міжзорныя ЗША Хайнлайнаўскага кшталту, дзе грамадзянства атрымоўваецца праз службу), Ryujin Industries (псеўдаяпонскія тэхнакраты), Crimson Fleet (піраты), Freestar Collective (умоўныя ЗША часоў Дзікага Захаду, якія нават у XXIV стагодьдзі носяць каўбойскія капялюшы і перадусім цэняць незалежнасьць). Апроч іх, існуе з паўтузіна меншых фракцый, сярод якіх тыя самыя таямнічыя сектанты House of Va’Ruun, якія пакланяюцца Вялікаму Зьмею. Пакуль што ня ведаю, ці можна да іх далучыцца. Да буйных – можна.
Гуляць у STARFIELD на Very Hard сапраўды даволі цяжка. Праўда, збольшага гэта выяўляецца праз тое, што ворагі маюць страшэнную колькасьць здароўя і брані, і часам вам даводзіцца спусташыць палову свайго запасу патронаў на найбольш моцных паскуднікаў, бо ў вас нізкія баявыя навыкі. RPG, як-ніяк. Мяркую, праз некалькі дзясяткаў гадзін і ўзроўней гуляць урэшце стане надта лёгка, як гэта бывае ў Bethesda, і я палезу на Nexusmods за хардкорнымі модамі. Шкада, што ў гульні пакуль няма рэжыму выжываньня, які пераўтвараў Fallout New Vegas, Skyrim і Fallout 4 у суцэльна новыя гульні, дзе быў важны кожны дробны навык, нават той, што дазваляе зьбіраць больш боепрыпасаў зь трупаў ворагаў. Таксама зноў няма сістэмы пашкоджаньняў зброі і адзеньня: ў Bethesda прызналіся, што гульня і без таго занадта насычаная мэханікамі. Хіба што не ўпершыню ў сучаснай гісторыіі Bethesda адмовіліся ад аўталэвэлінга: ўжо на самай першай плянэце я вырашыў трошкі пабегаць па аселіцы і, будучы зялёным энтузіястам 2-га ўзроўню, наторкнуўся на нейкую страшэнную падлу 10-га ўзроўня, якую суправаджалі відавочна зачмураныя ўзброеныя людзі 8-га ўзроўню. Канешне, празь хвіліну гераічнага супраціву ад мяне засталася пляма на каменнай паверхні далёкага сьвету.
Адной з найбольш праблемных частак STARFIELD ёсьць інтэрфэйс і кіраваньне. Навучальныя падказкі чамусьці вельмі кароткія, і часта наогул не ўзгадваюць вельмі важныя дэталі. Напрыклад, мэханікі ўзлому, якія даволі складаныя, тлумачацца вельмі незразумела, а пра тое, што ў маім караблі ёсьць сканэр, я даведаўся выпадкова, калі націснуў не на той клявіш. Часам гульня патрабуе ад вас нешта зрабіць, а якім чынам – невядома, думай сам. Як на мой погляд, высьвятленьне ўсіх магчымасьцяў кіраваньня – гэта ня тое, дзе гулец мае быць дасьледчыкам. Але гэта не бяда, у адрозьненьні ад адсутнасьці міні-мапы. На паверхні плянэтаў яна ня надта патрэбная. Аднак трэба разумець, што ў STARFIELD ёсьць некалькі агромністых гарадоў, сапраўдных гмахаў з шматузроўневымі будынкамі, асобнымі раёнамі і гэтак далей. Бадай, Bethesda надакучылі абвінавачаньні ў тым, што гарады ў іхных гульнях больш нагадваюць прыгожыя вёсачкі. Дык вось, бязь міні-мапы ў гэтых гігантах губляешся на раз-два, і знайсьці там нешта канкрэтнае, кшталту кавярні, у літаральным сэнсе цяжэй, чым адшукаць рэдкі каштоўны мэтал на чарговай плянэце, дзе ніколі не ступала нага чалавека. Тое ж самае датычыцца закрытых лакацый кшталту варожых баз і пячор, якія месцамі нагадваюць лябірынты. Даданьне міні-мапы – першае, што павінны зрабіць Bethesda з наступнымі апдэйтамі, тут ніякіх апраўданьняў быць не можа.
Над саўндтрэкам для STARFIELD працаваў Інон Зур, які пісаў музыку для серыі Fallout, пачынаючы з Fallout: Tactics. У патэнцыйна бясконцых гульнях Bethesda колькасьць музыкі мае крытычнае значэньне: нават блізкія да геніяльнасьці трэкі надакучваюць, калі ты слухаеш іх раз за разам на працягу сотняў гадзін (прывіт, Oblivion). Таму саўндтрэк для STARFIELD агулам прапануе больш за 5,5 гадзін музыкі. Некаторыя кампазыцыі нагадваюць Fallout 4, але стылістыка, зразумела, іншая: збольшага гэта чысты, празрысты, летуценны эмбіент. Трошкі радзей сустракаюцца трэкі з прэтэнзіяй на Synthwave. Сваю галоўную мэту – ствараць пэўную атмасфэру і не надакучваць – музыка выконвае на ўсе сто.
Апошняе, што хацелася б адзначыць – тое галоўнае, чым STARFIELD адрозьніваецца ад іншых гульняў Bethesda. У той час як TES і Fallout ёсьць прыгодамі ў рупліва сканструяваных сьветах, STARFIELD – ва ўсіх сэнсах нешта большае. Ён заахвочвае не толькі зацята гуляць, але й думаць пра рэчы, вышэйшыя за нас. Марыць пра таямніцы, што хаваюцца сярод зорак. Зьвяртацца да гісторыі чалавецтва і супастаўляць свае назіраньні з бачаньнем будучыні, якое прапануюць аўтары гульні. У рэшце рэшт, тут нейкая неймаверная прорва спасылак на разнастайныя культурна-палітычна-сацыялагічныя зьявы. У свой час гульнявыя СМІ маліліся на серыю Bioshock як на ікону інтэлектуальных AAA-гульняў, але STARFIELD тут вырываецца наперад на сьветлавыя гады.
Вельмі ўдала, што гэтая гульня выйшла ў той час, калі цывілізаваны сьвет зноў актыўна ўзяўся за асваеньне космасу, і нездарма яна мае больш навуковы, ніж фантастычны стыль. Тутэйшы космас не нагадвае нэонавую дыскатэку, а плянэты не заваленыя куфарамі, бандыцкімі лагерамі, пячорамі ды іншымі points of interest, якімі 90% распрацоўнікаў (у тым ліку тыя ж самыя Bethesda) насычаюць свае творы, каб гулец, крый божа, не засумаваў. Сусьвет STARFIELD выглядае (у тым ліку зьнешне) вельмі даросла і рэалістычна, што, канешне, ужо пасьпела расчараваць некаторых капрызных геймераў – і трасца на іх. Сапраўды, тут можна сесьці на нейкім плянэтоідзе, некалькі гадзін бегаць па ім у пошуках хоць якой каштоўнасьці, і раптам адшукаць скарб. Або правесьці дзень у фантастычна прыгожым сьвеце, але не знайсьці нічога, акрамя тлустых гультаяватых дыназаўраў. Гэты падыход, у якім распрацоўнікі не прымаюць гульца (з рызыкай для сябе, канешне) за дурное распэшчанае дзіця, насамрэч моцна асьвяжае. На тле Skyrim, Mass Effect, Dragon Age: Inquisition або The Witcher 3 – гульняў, якія я таксама вельмі моцна люблю – я заўсёды меў асабліва пяшчотнае стаўленьне да Kingdom Come: Deliverance, бо там можна было прайсьці тры кілометры па аўтэнтычным лесе і не сустрэць нічога і нікога, акрамя вавёрак і птушак. Хтосьці скажа “нудна”, а я скажу, што менавіта гэта прымушае паверыць, што ты знаходзішся ў сапраўдным сьвеце, няхай бы ён і застаецца на тым баку экрана. STARFIELD – гульня, якая ўхваляе ўдумнае, руплівае, уважлівае дасьледваньне, узнагароджваючы за яго незабыўнымі ўражаньнямі. Сусьвет STARFIELD хавае страшэнную колькасьць таямніц, а будзе яшчэ больш – у распрацоўку ўжо пайшоў DLC “Shattered Space”.
Пра сумнае: у нашым рэгіёне STARFIELD немагчыма звычайным набыць на ПК па вядомых прычынах, але можна зрабіць невялічкі манеўр, набыўшы на пляцоўцы кшталту Plati.ru ключ, які актывуецца ў беларускім Steam. Я, напрыклад, браў свой у таксама беларускага прадаўца з нікам mmopix. Расейскай лякалізацыі ў гульні няма, але, апроч англамоўнага арыгінала, ёсьць польскі, і, хутчэй за ўсё, пазьней будзе украінскі варыянт. Праўда, ужо існуе машынны палёны пераклад, але гэта сорам. Зараз я буду ставіць апошнюю кропку ў гэтым аглядзе, а тым часам гульцы, якія прыдбалі звычайную вэрсію STARFIELD ужо таксама гуляюць у яе ажно 50 хвілін – рэліз адбыўся ў 0.00 6-га верасьня. Таму няма чаго чакаць – наперад, ad astra!