Інтэрвію: Tern

Творчасьць мастака Юрыя (“Tern”) прыцягнула маю ўвагу 10+ гадоў таму, калі я пісаў для часопісу “Riddle of Steel” агляды на новыя перавыданьні альбомаў ILDJARN. То было таксама маё першае знаёмства з ILDJARN, і мяне моцна ўразіла, як трапна малюнкі Tern’а перадалі сутнасьць музыкі Відара (у адрозьненьні ад арыгінальных вокладак). Потым я пачаў сустракаць яго новыя творы на вокладках мэтал-альбомаў усё часьцей і часьцей, але вельмі доўга ня мог высьвятліць, кім ёсьць гэны таямнічы Юрый “Tern”. У рэшце рэшт я наторкнуўся на ягоную старонку ў Facebook дзякуючы рэпосту аднаго з маіх украінскіх знаёмых. І толькі зусім нядаўна, ужо задумаўшы гэтае інтэрвію, я раптам усьвядоміў, што Tern ёсьць аўтарам мноства без перабольшаньня легендарных вокладак, намаляваных задоўга да 2013-га – што, канешне, зрабіла нашую размову больш цікавай. Але пра гэта чытайце ніжэй, папярэдне падрыхтаваўшыся да вялікага балю цёмнай візуальнай творчасьці.

Вітаю на старонках Bagnik Zine! Мяркую, пачынаць трэба, як заўсёды, з традыцыйнага: распавядзі трохі пра сябе. Што і калі падштурхнула цябе на шлях мастацтва?

Tern: Вітаю! На нейкі там шлях мяне нічога ніколі не штурхала. Ты альбо стаіш на ім, альбо дратуешся на ўзбочыне. І аніякім мастацтвам у звыклым сэнсе я таксама не займаюся. Хутчэй гэта своеасабовая практыка, дзе малюнак ёсьць толькі інструмэнтам, з дапамогай якога высьвятляюцца найдалейшыя куточкі «сьветацяму». Менавіта гэта мае для мяне асаблівы сэнс і каштоўнасьць, у адрозьненьні ад бессэнсоўных апавяданьняў “пра сябе” ды нейкай непазьбежнай біяграфічнай паражні.

Ці маеш ты нейкую фармальную мастацкую адукацыю?

T: Па заканчэньні школы разглядаў гэты варыянт. Але лёс вырашыў іначай, падштурхнуўшы мяне да дзьвярэй гістарычнага факультэту. Зараз я магу толькі плянаваць сваё будучае навучаньне як пашырэньне неабходных ведаў у гэтай сфэры. Мяркую, скульптура заслугоўвае асаблівай увагі.

Твае творы часьцей за ўсё цёмныя, містычныя, часам нават злосныя; на іх сустракаюцца хударлявыя і хваравітыя постаці, ад якіх нічога добрага чакаць не даводзіцца. Што натхняе цябе на стварэньне гэткіх негатыўных вобразаў?

T: Што датычыцца натхненьня, то яго крыніцай можа быць што заўгодна. Ад карэньня падзямельных камунікацый у харкаўскім мэтро да макабрычнага ценю мёртвага дрэва за вакном. Наколькі яны ё негатыўнымі? Напэўна, ня больш за лес у лістападзе.

Як ты пазнаёміўся з мэтал-музыкай і патрапіў у гэтае асяродзьдзе?

T: У 98-м годзе я скончыў школу, паступіў ва ўнівэрсытэт і патрапіў на канцэрт NOKTURNAL MORTUM. Першы г.зв. “Коловорот”. Тады й зьявіліся першыя сувязі, якія, безумоўна, вызначылі наступныя дзесяцігодьдзі. Харкаўская контркультура ў ейным музычным вымярэньні пераважна сфармавалася ў межах Black Metal. І ўсе тыя гады я быў сьведкай гэтаму.

Ці ўдзельнічаў ты ў якім-небудзь музычным гурце як музыка або сьпявак?

T: На ўзроўні падлеткавае самадзейнасьці. Дзесьці паміж чытаньнем Лаўкрафта ды распіцьцём спіртных напояў у лесапасадцы. Я з тых, хто музыку больш слухае, ніж усё астатняе.

Першы музычны альбом, для якога ты стварыў вокладку – што гэта было?

T: Я ня ўпэўнены, што магу даць адказ. Бо ёсьць істотная розьніца паміж “намаляваным” ды “выданым”. І гэты прагал можа быць глыбінёй зь дзесяць рокаў.

Назаві свае ўлюбёныя музычныя гурты.

T: Ну, тут хутчэй будуць тыя гурты, чыя музыка непасрэдна ўплывае на мяне ды на тое, што я раблю. Вечныя альбомы, да якіх вяртаешся з зацятай сталасьцю дзеля чароўнага дотыку да гуку як да магіі. Апошнім разам то быў цудоўны швэдзкі LEKAMEN ILLUSIONEN KALLET, куплены ў цяпер зруйнаванай расейскімі адкідкамі краме “Коловорот”. Дасканалае спалучэньне музыкі ды аздабленьня, як на мяне. Потым былі GRIFTESKYMFNING, HADANFARD, LONNDOM… ісландскія гурты, заўжды актуальны нарвэдскі black metal чарадзейных 90-х.

Я ўпершыню сутыкнуўся з тваёй творчасьцю ў 2012-м, калі пісаў агляды на прома перавыданьняў ILDJARN ад Season of Mist. Як я разумею, французкаму лэйблу цябе парэкамэндавалі ўдзельнікі DRUDKH. Што цікава, амаль усе наступныя перавыданьні матэрыялу ILDJARN таксама выходзяць з тваім аздабленьнем, незалежна ад выдавецтва. Гэтая практыка склалася выпадкова, ці, магчыма, сам Відар абраў цябе сваім “асабістым” мастаком?

T:  Ня думаю, што пасьля гэткай прорвы часу можна аднавіць усе падрабязнасьці. Тым болей у дачыненьні дамоваў, якія непасрэдна мяне не датычацца. Памятаю, што першыя зробленыя тады ілюстрацыі цалкам задаволілі Відара, і было ўхвалена рашэньне абнавіць аздабленьне ўсей дыскаграфіі. Я знаёмы зь ILDJARN яшчэ з канца 90-х, таму можна сказаць, што гэта была лясная сьцежка з двухбаковым рухам. Без будзь якіх камэнтароў, выпраўленьняў ды пажаданьняў. Я зрабіў гэта так, як адчуваў, і немагчыма сказаць, што гэта сябе не апраўдала. Прынамсі ў маім успрыманьні.

Твой мастацкі псеўданім – Tern. Адкуль ён узяўся?

T: Пэўна, гэта нешта несумненна шматзначнае. Роўна столькі, колькі сэнсаў можна ўкласьці ў камбінацыю чатырох літар ды іх невыпадковую пасьлядоўнасьць. Калі мне патэлефанаваў замоўца з банальным пытаньнем, як мяне пазначыць у буклеце, я быў далёка па-за месцам. Міма праязджала маршрутка да амаль што аднайменнага населенага пункту… Бадай, гэта даволі архаічны спосаб найменьня 🙂 Да пэўнага моманту мяне наогул не цікавіла гэтае пытаньне. Ды й зараз, калі шчыра – не асабліва. У рэшце рэшт, гэтыя чатыры літары цудоўна эканомяць друкарскую прастору.

Маючы за плячыма велізарную колькасьць артаў для музычных альбомаў і мерчу, ты застаешся вельмі таямнічай фігурай. Тваё імя часьцей за ўсё нават ня ўзгадваецца ў буклетах, у цябе няма старонак на модных сярод мастакоў інтэрнэт-сэрвісах кшталту Instagram і Pinterest. Ты выкладаеш сваю творчасьць толькі на асабістай старонцы ў Facebook, якую немагчыма знайсьці, калі ня ведаеш, каго шукаць. І нават там, скажу шчыра, аніякага парадку няма 🙂 Я змарнаваў цэлы тыдзень, разьбіраючы твае малюнкі, калі рыхтаваў гэтае інтэрвію. Чаму ты гэтак нядбайна ставішся да вынікаў уласнай працы, і як цябе наогул знаходзяць новыя замоўцы?

T: На працягу доўгіх год (асабліва раньніх) я маляваў выключна абслугоўваючы сваю самасьць, дзе яна была адзінай адданай замоўцай. Вокладкі ды ілюстрацыі да ВМ-альбомаў (часьцей першыя, і часам дармавыя) былі створаныя, кіруючыся фанатычнае любоўю да гэтай музыкі ды прыязнасьцю да людзей, якія яе стваралі. То былі дужа натхнёныя часы, поўныя невымоўных сэнсаў ды выбухаў творчых энергій. Аніякая публічнасьць ані тады, ані збольшага сёньня, не стаяла ў гэтым шэрагу. Занадта багата пабочных людзей – часьцей за ўсё непатрэбных і пустых. Калі б старонка ў ФБ была адзіным, што мяне зь імі зьвязвае 🙂

Выкладаючы на старонцы новыя творы, ты рэдка пішаш іхныя назвы. Ці шмат сярод іх безназоўных?

T: Насамрэч яны ўсе безыменныя. Далей допісаў у FB гэтыя часьцей за ўсё іранічныя камэнтары не разыходзяцца.

Ці часта ты малюеш на замову? Колькі каштуе новы малюнак на замову ў параўнаньні з малюнкам, абраным з партфоліа гатовых твораў?

T: Канешне. Зараз – ва ўмоўнай залежнасьці ад маёй зацікаўленасьці ды (асабліва апошнім часам) ўзроўня манэтызацыі. Open for commission.

Інструмэнтамі ад якіх брэндаў ты карыстаешся?

T: Ды хоць якімі. Тымі, што ёсьць пад рукой і фінансава даступныя.

Па маіх падліках, каляровыя творы займаюць прыкладна 10% ад агульнай колькасьці тваіх малюнкаў. Усё астатняе ты робіш у цёмных манахромных тонах. Чаму настолькі моцная перавага цемры? 🙂

T: Гэта паходзіць (як збольшага і ўсё астатняе) з маіх асабістых прыхільнасьцяў. Мяркую, яны абумоўліваюцца часам. Далей палітра будзе зьмяняцца.

Назаві сваіх улюбёных мастакоў і, калі не цяжка, улюбёныя мастацкія творы – я ўстаўлю іх у матэрыял.

T: Я – вялікі прыхільнік Осьціна Асмана Спэйра. Лічу яго бясспрэчным папярэднікам сюрэалізму ды адным з найбольш недаацэненых мастакоў дваццатага стагодьдзя. Псіха-магічная філясофія, культ Зос-Кіа, атавістычны альфабэт, тэорыя сігілаў… асабліва паганскае ўспрыманьне сьвету, прасякнутае космацэнтрычнай увагай да чалавечай цялеснасьці. Той выпадак, калі кожны штрых, кожная рыска ё вынікам глыбока асабістага містычнага досьведу. Ягоныя досьледы на мяжы жывапісу ды магіі ня могуць пакінуць абыякаваым. Рэкамэндую “Зямлю:Інферна“.

Ці знаёмы ты з творчасьцю слыннага беларускага мастака Валерыя Пятровіча Слаука?

T: Канешне ж! Той неймаверны мастак з дужа глыбокім і праніклівым успрыманьнем тагасьветнага. Мне здаецца, ён адчувае рэальнасьць і тое жыцьцё, што знаходзіцца па-за ёю. Я мог бы нават назваць яго візіянэрам, хоць цалкам мажліва, што гэта далёка ня гэтак. Натуральна, хацелася б калісьці ўбачыць тыя карціны “жыўцом”. Як кажуць – вызірнуць з вакна 🙂

Таксама я заўважыў, што ты любіш творчасьць іншага майго знакамітага суайчыньніка, пісьменьніка Ўладзіміра Караткевіча. Ці не даводзілася табе маляваць што-небудзь па матывах ягоных твораў?

T: Толькі спадзяюся, што калісьці штосьці будзе намалявана 🙂 “Дзікае паляваньне Караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”… ягоныя творы не маглі не зрабіць на мяне ўражаньня. Дужа шкада, што практычна не існуе сучасных перакладаў (ды й наогул звычайных выданьняў) яго украінскаю мовай. Ён, безумоўна, таго заслугоўвае.

Увогуле, ты ёсьць вялікім аматарам літаратуры (з улікам таго, што ты раней працаваў настаўнікам, я б сказаў, што нават прафэсіяналам!). Падзяліся назвамі твораў, якія б ты парэкамендаваў мне або чытачам Bagnik Zine.

T: Ну, я ўсё ж настаўнік гісторыі, а не літэратуры 🙂 Тым ня меней, кнігі нароўні з музыкай займаюць даволі значнае месца ў жыцьці. З таго, што асабліва ўразіла ў апошнія гады, магу адзначыць трылёгію Юджына Такера, “Цыклонапэдыю” Рэзы Нэгарэстані, “Таемную супольнасьць эльфаў, фаўнаў і фэй” Робэрта Кірка, «Як мысьляць лясы» Эдуарда Кона, «Народжанага бегаць» Крыстафэра Макдугала ды зборку аўстралійскіх мітаў “Час сьненьняў”… можна яшчэ доўга пералічваць.

Апроч музыкі, ты таксама аздабляеш кнігі. Нядаўна ва Украіне выйшла выданьне тома Фрэдрыка Эйтцынгера “Утарк: Сіґурт Аґрелл та шведські руни”, дзе выкарыстоўваюцца твае малюнкі. Таксама ты зрабіў адмысловыя ілюстрацыі для кнігі Івана Багрянага “Людина біжить над прірвою”. Ці аздабляў ты яшчэ якія-небудзь кнігі?

T: Колькі тыдняў таму я скончыў працаваць над ілюстрацыямі для аднаго гістарычнага раману. Рыхтуецца першае украінскае выданьне “Малодшае Эды”. Апроч таго, у распрацоўцы яшчэ два праекты.

Ці даводзілася табе ўдзельнічаць у якіх-небудзь больш надзвычайных арт-праектах (напрыклад, у мастацкіх выставах, маляваньні на хуткасьць (вітаньні сіньёру Паола Джырардзі!), аздабленьні грамадзкіх будынкаў і г.д.)?

T: Натуральна! Я больш за дзесяць гадоў адпрацаваў на будаўнічых пляцоўках у сфэры дэкаратыўнага роспісу. Даволі насычана эмацыйна, няўдзячна экстрэмальна і надзвычайна разнастайна. Можна сказаць, што ўвесь гэты час я займаўся толькі і выключна творчасьцю. Часьцей за ўсё – чужой. Завабіўшыся эстэтычнымі смакамі навакольнага асяродьдзя. Арт-праект памерам з жыцьцё і глыбінёй з каналізацыйны калектар 🙂

Бадай што палова, а то й большасьць тваіх твораў прысьвечаная тэматыцы нардычнай міталёгіі. Чаму яна цябе так моцна натхняе?

T: Напэўна, напачатку быў Міт. Разбіты на расавыя ды этнічныя аскепкі адлюстраваньняў у скаданай узаемасувязі чалавека з навакольным сьветам. Мы ўсе, хочам мы таго ці не, занураныя ў яго, чыёй мовай з дапамогай сымбаляў мы інтэрпрэтыем рэчаіснасьці і яе ж ствараем. Міт падобны да марозу, што малюе мэтафарамі выявы на шкле бясконцага культурнага коду. Задача творчасьці – прыбіраць гэныя коды, або інтэрпрэтаваць іх ці ствараць новыя. Адказваць на пытаньні, якія ўвесь час ставім як мы самі, так і быцьцё празь нас. Гэта безасабовы інструмэнт меркаваньня, што адсылае за межы самога сябе як матэрыяльнага аб’екта да бязьмежнага сьвету мэтафізічных архетыпаў. Неяк гэтак.

За сваё жыцьцё ты маляваў у розных стылях, і таму я, прызнаюся, быў страшэнна зьдзіўлены, калі даведаўся, што некаторыя вокладкі, знаёмыя мне з пракаветных часоў (напрыклад, LUCIFUGUM “Клеймо Эгоизма” або HATE FOREST “To Those Who Came Before Us”) таксама стварыў ты, бо яны зусім не падобныя да тваіх сучасных малюнкаў. Твой цяперашні і найбольш пазнавальны стыль адрозьніваецца, выбачаюся, “сетачкамі”, якія сплятаюцца па ўсёй плошчы малюнка і нагадваюць аніто капіляры, аніто гальлё дрэваў, аніто языкі полымя, аніто маланкі. Выглядае ва ўсіх сэнсах фантастычна. Як табе прыйшла да галавы гэткая ідэя? 🙂

T: З ніадкуль. Малюю пераважна дзеля задавальненьня асабістых творчых патрэбаў і рэфлексій. Для мяне важны працэс як мэдытатыўны выяўленчы акт, дзе канчатковы вынік ня ёсьць канчатковай самамэтай. Я заўжды карыстаюся алоўкам, дзякуючы чаму асабліва моцна адчуваю закладзеную ў ім напруджанасьць ды энергію. Своеасабовы шлюб вугляроду з цэлюлёзай, у двухмерным вымярэньні маёй сьвядомасьці, з пачуцьцёвай перавагай эмоцыі над тэхнічнымі выкшталцонасьцямі. Малюнак павінен маляваць сам сябе, нібы дошка мэдыюма, што складае паведамленьні з таго самага ніадкуль.

Апавядзі пра сваё супрацоўніцтва з Канстантынам з Warhead Art. Шчыра кажучы, мне цяжка ўявіць, як гэта працуе. Ты робіш малюнак, а ён – сваю фірмовую каляровую рамку, ці як? 🙂

T: Ступень удзелу ў гэтым экспэрыменце розная, як градус крафтавага піва. Косьця зазвычай дадае гарэлкі, пасьля чаго нават мне бачацца чэрці. Гэных нячысьцікаў, вядома, ніхто нікуды ня гоніць – гэтыя вясёлыя сутнасьці тут заместа музаў. Вось неяк гэтак. Астатняе – не памятаю 🙂

warhead_art_3

Image 3 of 10

Я паспрабаваў зрабіць сьпіс альбомаў, вокладкі якіх выкарыстоўваюць твае малюнкі. Паглядзі, мо я што прапусьціў?

ASTROFAES – Ancestors’ Shadows (перавыданьне 2020-га году, але мо й арыгінал таксама?)

ASTROFAES – Shu-Nun

AURVANDIL – Thrones

BEZWERING – Dodenkroning

BLOOD STRONGHOLD – Blood Spilt in the Earth’s Viscera

BLOOD STRONGHOLD – From Sepulchral Remains…

BLOOD STRONGHOLD – The March of Apparition

BLOOD STRONGHOLD – The Triumph of Wolfish Destiny

CHATEAU NOIR – Underside of Existence

DRUDKH – Forgotten Legends (вінілавае перавыданьне)

DRUDKH – Autumn Aurora (вінілавае перавыданьне)

DRUDKH – Microcosmos (вінілавае перавыданьне)

DRUDKH – Slavonic Chronicles

DRUDKH – Відчуженість (вінілавае перавыданьне)

DRUDKH – Вічний оберт колеса

DRUDKH – Кров у наших криницях (вінілавае перавыданьне)

DRUDKH – Лебединий шлях (вінілавае перавыданьне)

DRUDKH – Пісні скорботи і самітності (вінілавае перавыданьне)

DRUDKH – Лебединий шлях (вінілавае перавыданьне)

DRUDKH / WINTERFYLLETH – Thousands of Moons Ago / The Gates

FROSTY TORMENT – Death in Icy White

HATE FOREST – To Those Who Came Before Us

HATE FOREST – Grief of the Universe (бок спліта з LEGION OF DOOM)

HATE FOREST / ILDJARN – Those Once Mighty Fallen

ILDJARN – Ildjarn (перавыданьне 2013-га)

ILDJARN – Ildjarn demo (вініл 2023)

ILDJARN – Forest Poetry (перавыданьне 2013-га)

ILDJARN – Strenght & Anger (перавыданьне 2013-га)

ILDJARN – Minnesjord / The Dark Soil (вініл 2023)

ILDJARN – 1992-1995 (перавыданьне 2017-га)

Спліт LIK / RKT TRE (пакуль не выпушчаны, але вокладка гуляе ў Сеціве даўно)

MØRKT TRE – To the Graves of Smoldering Time

LUCIFUGUM – Клеймо Эгоизма

NOCTURNAL AMENTIA / UNDERDARK – Somnambula & Obscurantism

OLD GHOSTS – Old Ghosts

PRAGMATIK – Ghosts of Light

RUNESPELL – Aeons of Ancient Blood

RUNESPELL – Sentinels of Time

RUNESPELL – Shores of Náströnd

ULVEGR – Isblod

Зборнік “Polska scena – Braciom z Ukrainy”

YGGThe Last Scald

ДО СКОНУ / NIEZGAL – Ветры Тления и Смерти

ЗАВОДЬ – Березоль

ЗАВОДЬ – Крізь коло і п’ять кутів

ЛЮТОМЫСЛ – Небосвод

СВАРГА – New Majesty

СВАРГА – Дух Земли

СВЯТОГОР – …Поступью Волчьей да Крыльями Чёрными

T: Мне здаецца, што тут далёка ня ўсё. Я аніякім чынам не раблю нейкага збору сваіх карцінак, і таму мне няма з чым зьвярацца. То ўсё зьлепкі рознага часу, гумору і часта (не)чужых жаданьняў. Нават сувязь паміж імі збольшага ўмоўная. А на нейкія рэчы я наогул з задавальненьнем забыўся бы.

На большасьці гэтых рэлізаў не ўзгадваецца тваё імя, але ўзгадваецца Sir Gorgoroth, які звычайна робіць агульны графічны дызайн. Праз гэта многія твае малюнкі неабазнаны слухач аўтаматычна адносіць да партфоліа Sir Gorgoroth’а. Цябе гэта не раздражняе? 🙂

T: Ды мне ўсё адно. Навошта мне адказваць за чужыя абмылкі.

Вышэйузгаданыя вокладкі DRUDKH моцна адрозьніваюцца ад усіх іншых варыянтаў – арыгінальных, перавыданьняў ад Season of Mist на CD, і гэтак далей. Ты маляваў іх адмыслова для гэтых рэлізаў, або яны былі абраныя з твайго партфоліа?

T: Канешне ж не. То было настолькі даўно, што, магчыма, нават пра значэньне слова “партфоліа” я мог тады толькі здагадвацца 🙂 Я студэнтам грыз гістарычныя дысцыпліны, а ў перапынках паміж лекцыямі з дапамогай алоўкаў мроіў пра кудры ды гушчары. То быў лёгкі спосаб павярнуцца ў дзяцінства, які па сёньня актуальны для мяне. Дзяцінства як антытэзу расчараванай дэміталёгізаванай рэчаіснасьці, у якую мы занураемся з кожнай секундай пражытага жыцьця. Нейкім чынам гэныя міты ці мроі аднойчы перакрочылі межу майго нататніка.

Напрыканцы пра злабадзённае: як табе жывецца ў ваенным стане, ва ўмовах няспынных абстрэлаў? Ці паўплывала гэта на тваю творчасьць?

T: Намагаюся максімальна кантраляваць свае эмоцыі. Тым болей негатыўныя. Былі спробы рэфлексаваць, але празь нейкі час я прыйшоў да думкі, што навокал мяне ёсьць стваральнікі, якія зробяць гэта ў сотні разоў больш пераканаўча. Мажліва, надалей нешта зьменіцца.

І апошняе пытаньне – на ўжо абрыдлую тэму штучнага інтэлекту. Ці адчуваеш ты пагрозу з боку гэтай новай зьявы, ці ёсьць нейкі страх, што ШІ адбярэ твой хлеб? 🙂

T: На штучны інтэлект я маю толькі станоўчыя надзеі. З натуральным зараз відавочна неяк не выходзіць. І я ня ведаю, да якой ступені то жарт. Хоць на могілках я часта бачу наздвычайна вытанчаныя штучныя кветкі.

Дзякую за адказы! Спадзяюся, у цябе ўсё будзе добра, і ты яшчэ вельмі доўга будзеш цешыць нас сваімі цёмным шэдэўрамі. Як заўжды, пакідаю табе магчымасьць падзяліцца з чытачамі Bagnik Zine сваімі думкамі на тэмы, якія мы не закранулі падчас размовы, або проста сказаць некалькі словаў на разьвітаньне.

T: Я ня ведаю нікога, хто будзе на тым баку гэтага тэксту. І мне больш няма чаго ім сказаць.


Асабістая старонка мастака: https://www.facebook.com/urge.feodor

Рыхтаваўшы гэтае інтэрвію, я перагледзеў абсалютна ўсе матэрыялы на старонцы Юрыя. Каб пазбавіць вас неабходнасьці пракручваць сотні постаў на ФБ, я захаваў ягоныя шматлікія малюнкі ў асобныя галерэі, умоўна разьдзеленыя па катэгорыях, і хацеў дадаць іх да гэтага інтэрвію. Але высьвятлілася, што многія зь іх былі выкупленыя артыстамі з правам выключнага выкарыстаньня, таму, на жаль, зрабіць гэта немагчыма. Таму адзіным варыянтам азнаёміцца з большай часткай творчасьці Юрыя па-ранейшаму застаецца візіт на ягоную старонку ў ФБ. Абавязкова зазірніце туды!

Клікайце на мініяцюры, каб убачыць выяву ў поўным памеры:

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *