Рэцэнзія: NIAISNY – U ciomnych pałotniščach nočy

Год: 2025
Выдаўца: Medieval Prophecy Records
Рэйтынг: 8 / 10

NIAISNY нарэшце дажылі да першага паўнафарматнага альбому, і гэтая падзея, безумоўна, патрабуе больш ці менш удумнага разбору. А задумацца тут ёсьць пра што. Як і ў выпадку зь нядаўнім дэбютам GHASH, “U ciomnych pałotniščach nočy” адрозьніваецца ад папярэдніх запісаў менавіта такім чынам, якім альбом мае адрозьнівацца ад дэма. Багацейшая дынаміка, мноства аранжыровак, квантавы скачок у якасьці гуку, новыя ідэі. Здавалася б, гэта рэцэпт поспеху, але ня ўсё так адназначна.

Перш-наперш, дэмкі NIAISNY адрозьніваліся ад паўнавартасных рэлізаў хіба што якасьцю. Зразумела, што дэма ў сучасным сьвеце выкарыстоўваюцца збольшага для пошуку свайго гучаньня, але мне здавалася, што гурт знайшоў яго амаль што імгненна. Бо “Zastyły miesiac” і асабліва “U zmroku i cieniu śmiarotnym” ужо мелі выразныя характэрныя асаблівасьці гучаньня гурта, які вызначыўся з накірункам. “U zmroku…” увогуле падабаецца мне ўсё больш і больш. Няхай там ня ўсё дасканала, але гэта быў суцэльны, маналітны рэліз з асаблівым стылем. Умоўны першы трэк зь яго я лічу квінтэсэнцыяй гучаньня NIAISNY.

На жаль, “U ciomnych pałotniščach nočy” гэткай суцэльнасьці і стылёвай вызначанасьці не мае. Пры тым, што папярэдні запіс быў у некалькі разоў больш сьціплым у пляне выяўленчых сродкаў, менавіта новы альбом атрымаўся бліжэйшым да стандартнага атмасфэрнага мэталу. Глухаваты саўнд дэма-запісаў надаваў ім туманную, містычную аўру таямнічасьці. На альбоме гук раскрыўся і стаў значна больш якасным, але страціў вялікую частку характару.

У кампазыцыйным аспекце, я б сказаў, адбылося адваротнае. Праводзіць параўнаньні з BBH больш няма сэнсу, і калі цяпер NIAISNY і нагадваюць кагосьці, то толькі HATE FOREST, ды й тое здараецца ня дужа часта. Першы трэк вельмі добра прэзэнтуе альбом: ён паказвае, як NIAISNY гучаць у “паўнафарматнай” якасьці, ды яшчэ зь клявішамі, што робяць гэтую песьню сапраўдным накцюрнам. Хуткі, сярэдні і павольны тэмп, разнастайныя гітарныя сола – з базай азнаёміліся. Далей наступае час новаўвядзеньняў. Пасьля інструмэнтальнае інтэрлюдыі высьвятляецца, што цяпер у NIAISNY ёсьць чысты вакал, які трохі нагадвае пра “Песьняроў” (а потым яшчэ будзе вельмі пяшчотны сьпеў). Усё часьцей пачынае гучаць “нардычная” акустыка. Клявішы працягваюць працаваць на розныя лады, музыка то заціхае, то разганяецца. Песьні па некалькі разоў разбіваюцца на часткі ўнутранымі інтэрлюдыямі. Гітары то даюць трэмольнага прачухана, то граюць важкія рыфы, аздобленыя дадатковай лід-гітарай.

Усё гэта гучыць вельмі разнастайна. Але не заўсёды працуе. Я неаднаразова лавіў сябе на думцы, што не разумею, як вось гэты фрагмэнт узаемадзейнічае з папярэднім, што быў да інтэрлюдыі. Часам увогуле здаецца, што палова гэтых інтэрлюдый выкарыстоўваецца ў якасьці клейкай заглушкі, каб розьніца была не настолькі відавочнай. Бо ёсьць, напрыклад, адрэзак пад фінал апошняга трэку, дзе павольная частка кароценькім транзітам пераходзіць у хуткую, і гэта атрымліваецца дужа неахайна. Чарговая інтэрлюдыя дапамагла б згладзіць пераход.

Таму, на мой погляд, альбом атрымаўся ці празьмерна нагружаным, ці недастаткова моцна сшытым. Элементы, зь якіх ён складаецца, не спалучаюцца дасканалым чынам. Разумею, што для гурта гэта вельмі важная плытка, і хлопцам хацелася выціснуць зь сябе ўсё магчымае, таму яны, напэўна, трохі перастараліся. Адылі, калі слухаць “U ciomnych pałotniščach nočy” у першую чаргу сэрцам, а не вушамі, то ўражаньне будзе іншым. На эмацыйна-вобразным узроўні ён па-сапраўднаму магутны. Альбому ўласьцівая вельмі спецыфічная крыўская мэлянхолія, змрочная журба, якую я б назваў “рашучым пэсімізмам”. То-бок, гэта ня сьлёзы па сваім няшчасьці, а прыняцьце ўласнага непрагляднага існаваньня і свайго месца ў цёмных палотнішчах ночы. Бо няхай кожны з нас ёсьць самотнікам, Няісным, што крочыць па лясных сьцежках, але вакол нас – Крыўя, і мы ёсьць яе часткай.

Niaisny (Belarus) - U ciomnych palotniscach nocy (Album 2025)

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *