Рэцэнзія: GHASH – Exiled Within

Год: 2025
Выдаўца: Werewolf Promotion
Рэйтынг: 8,9 / 10

Гісторыя GHASH пакуль што складаецца вельмі прыгожа, і я шчыра ганаруся тым, што мае пізьдзюкі пратэжэ маюць такі поспех. Памятаю, як трошкі больш за год напісаў пра іхнае першае дэма, якое было яшчэ вельмі сырым, але ўжо намякала на патэнцыял. Празь месяц-два мы з T.D. абмяркоўвалі ўжо другое дэма, значна больш сталае, і менавіта ў той размове нарадзілася ідэя зацягнуць таленавітых юнакоў у сваё кола, каб яны не звязаліся зь якімі-небудзь гаўнарамі, і выдаць іхныя дэма на касэце (як потым высьвятлілася, GHASH і самі няблага разумелі, хто чаго варты на нашае сцэне). Час хутка праляцеў, і вось ужо дэбют GHASH выходзіць на Werewolf Promotion, а іхныя пражэкты ŹNIEŽYVIEŁY і HUNDSGUGEL выдаюцца на Skon і Handful of Hate. Вядома, без дапамогі тут не абыйшлося, але галоўнае тое, што абодва ўдзельнікі GHASH ёсьць сапраўднымі вундэркіндамі, і “Exiled Within” гэта даказвае.

“Exiled Within” адрозьніваецца ад папярэдніх рэлізаў менавіта так, як і мае адрозьнівацца альбом ад дэма. Ён больш грандыёзны, дынамічны, эпічны, агрэсіўны, якасны і гэтак далей. Трошкі летуценная атмасфэра дэмак, прынамсі часткова абумоўленая абмежаваньнямі аматарскага запісу, для альбома не ўласьцівая, бо ён пісаўся на культавай “Яме” з дапамогай T.D. і G.W. (першы выканаў партыі баса і ролю “дзядзькі”, а другі граў на бубнах і традыцыйна зрабіў запіс, мікс і мастэрынг). “Exiled Within” гучны, нястрымны, яскравы і напорысты. Стыль альбома я б акрэсьліў як “фінскі” – у тым сэнсе, што гэта сумесь розных традыцыйных стыляў, памножаная на эпічную і драматычную падачу. Сказаць, што музыка GHASH падобная да таго ці іншага гурта, немагчыма. Калі на дэма можна было здагадацца, што той ці іншы кавалак натхнёны, напрыклад, BURZUM, то тут усё падсьвядома знаёма, але да галавы не прыходзяць чые-кольвек імёны. Хлопцы, кажучы метафарычна, узяліся шыць коўдру з акраўкаў з лёгатыпамі іншых гуртоў, але раптам стварылі шэдэўр, варты караля. А вось вакал Orpheus’а ну дужа моцна нагадвае Nergal’а ўзору “Sventevith”. І гэта цудоўна, бо гэткага вакалу я ня чуў… бадай што з тых самых часоў, як упершыню паслухаў “Sventevith”. Гэты высокі крык удалеч з моцным рэха – менавіта тое, чаго патрабуе гэтая музыка. Шкада, што вакалу на альбоме замала.

Але галоўную функцыю на альбоме выконваюць гітары, і гэта той рэдкі выпадак, калі ўсё настолькі добра, што нават ня трэба нічога дадаваць. І рытм-, і лід-партыі захапляюць ужо з уступнага рыфа. У нашыя часы катастрафічна рэдка сустракаюцца альбомы, дзе прынамсі 90% рыфаў знаходзяцца на сваім месцы і ёсьць каштоўнымі ня толькі ў агульнай структуры кампазыцыі, але й паасобку. Будзьма шчырымі: большасьць сучасных альбомаў ёсьць аб’ектамі, сабранымі з дэталяў аднаго канструктара. Яны могуць класьціся ў рознай пасьлядоўнасьці, перафарбоўвацца і гэтак далей, але самастойнасьці ў іх амаль што няма. Усё гэта ўжо нехта награў раней, ды не аднойчы. Пра GHASH я гэтага сказаць не магу. Ледзь ня кожны іхны рыф і лід западае ў памяць, хоць усё сутнасна гэта тая ж самая трэмольшчына, якая бегае на тры ноты туды-сюды. Галоўны рыф з “Losing Sanity” я цяпер буду гусьці сабе пад нос яшчэ прынамсі год ці два.

Прыдуркаваты інтэрнэты тэрмін “навальваць” нечакана добра пасуе да манеры гітарнага граньня GHASH. Рытм і лід працуюць настолькі інтэнсіўна, што ствараюць тую самую сьцяну гуку. Толькі не ў “атмасфэрным” разуменьні, а менавіта ў мэталічным. Гэта нагадвае ці магутны вадаспад, ці сьнегазвал. Што вам бліжэй? У большасьці трэкаў таксама ё клявішнае тло, але яго цяжка пачуць за гітарна-бубнавым буранам. Толькі ў апошнім трэку (а гэта перазапіс маёй улюбёнай песьні GHASH “The Great Journey to the Existence”) клявішам даюць магчымасьць падыхаць.

Пра гук альбома мне гаварыць цяжка. Я прысутнічаў на яго запісы, чуў першы мікс, таму мае вушы трохі “забітыя”. У першым міксе, напрыклад, значна лепей было чуваць лід-гітару ў першым трэку, але ў фінальным больш выразна гучаць астатнія трэкі. Зразумела, паспаліты слухач пра гэта ня ведае, таму мусіць быць задаволены. G.W. тады сказаў, што мікс “Exiled Within” атрымаецца бадай што лепшым з усіх, што ў яго атрымліваліся, і я схільны пагадзіцца з гэтай ацэнкай. Альбом сапраўды гучыць вельмі моцна і глыбока. Пра дызайн плыткі нічога пакуль не скажу, бо арыгінальных файлаў я не бачыў, а дыскі да Беларусі яшчэ не даехалі. Але ведаю, што Шымон усё ж прапусьціў памылку ў назве аднаго з трэкаў, а я, дурань гэткі, заўважыў яе запозна, каб падказаць. 

“Exiled Within” ёсьць ну дужа файным альбомам, адным з найлепшых у гэтым годзе (а ён выдаўся даволі багатым на моцныя рэлізы). Пакуль у Крыўі выходзяць гэткія творы, нашая мэтал-сцэна будзе квітнець. Я звычайна стараюся даваць гуртам нейкія крытычныя заўвагі-рэкамэндацыі, але тут дужа няма чаго паляпшаць. Ну хіба што ў наступны раз дадаць больш вакалу, давесьці канцэнтрацыю выбітных рыфаў да 146% ды падцягнуць ангельскую мову, бо ў тэкстах яна яшчэ трошачкі неахайная. Я ведаю, што GHASH трохі саромеюцца сваіх тэкстаў, таму адмыслова для іх падкрэсьліваю: гэта не азначае, што тэксты ня трэба публікаваць. Увогуле. Публікаваць трэба. Абавязкова. Тым болей таму, што гэтыя тэксты вельмі недурныя і нават у некаторым сэнсе паэтычныя.

І апошняе, што я ведаю: гэтую плытку я буду слухаць яшчэ мноства разоў.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *