Год: 2025
Выдаўца: Fetzner Death Records
Рэйтынг: 8 / 10
Другі альбом VICTIM PATH за мінулыя гады для мяне пераўтварыўся ў нешта нязбытнае. Я памятаю, як мы з V01d’ам гутарылі ў 2012-м, адразу пасьля выпуску “Surrounded by Pain” на Possession, і ўжо тады ён, перспектыўны гукаінжэнер, цікавіўся тэхнічнымі дэталямі гучаньня больш за саму музыку. Ну а далей, відавочна, у яго здарыўся “сіндром гукача NOKTURNAL MORTUM” (гэта я пра таго легендарнага чалавека, які не можа слухаць BURZUM, бо ён крыва награны). Навыкі растуць, і той гук, што ўчора здаваўся прыстойным, сёньня ўжо здаецца гаўном. А рэпетыцыямі і новым матэрыялам займацца няма калі, бо заўсёды трэба запісваць кагосьці іншага. Таму, хоць VICTIM PATH і выступалі з новымі песьнямі і ў абноўленым складзе ўжо ў 2013-м, запіс альбома распачаўся толькі праз 5 гадоў і доўжыўся яшчэ 5.
Даволі часта з альбомаў, якія ствараюцца 10+ гадоў, атрымліваецца нешта грандыёзнае, бо яны ўбіраюць у сябе мноства задумак, што набраліся за гэты перыяд. Пра “Lost in Stellar Dust” я такога не скажу. Альбом не грандыёзны, аднак вельмі якасны і дарослы. Замест таго, каб напхаць у яго як мага болей, гурт засяродзіўся на шліхавальні першапачатковых ідэй. Таму “Lost in Stellar Dust” доўжыцца ўсяго 33 хвіліны і зьмяшчае толькі самы “мякіш”. Аніякіх філераў, непатрэбных разгойдваньняў, інтэрлюдый і гэтак далей. Рыфы, сола, вакальныя партыі, багатая акустыка – усё грунтоўна і пасьлядоўна.
У параўнаньні з першым альбомам “Lost in Stellar Dust” выглядае як дарослы мужык на тле сябе юнага. Прынцыпова ўсё больш-менш тое ж самае, але падыход больш разважны. Перш-наперш, зразумела, кідаецца ў вушы радыкальная зьмена вакала. Гістэрычны лямант Farmakon’a, выкананы ў лепшых традыцыях SILENCER і раньніх BETHLEHEM, зьмяніўся дзяркатымі і глухімі стогнамі Akefa1’а. Пакутаў у ягоным голасе ня менш, толькі, гэтак бы мовіць, душэўных, а не фізічных, як раней. Па-другое, музыка таксама стала больш спакойнай. Яна падтрымлівае сярэдні тэмп, ня дужа часта выкарыстоўвае бласт-біты і заўсёды дазваляе раскрыцца гітарнаму майстэрству Vo1d’а і Narg’а. Трохі адрозьніваецца “Edges of Insanity”, бо гэта самая старая песьня, напісаная яшчэ пад Farmakon’а, і ў ёй больш расьцягнутыя рыфы ды вакальныя партыі. Апошняе пра вакал – у “Built of Lies” прыпеў сьпяваецца чыстым голасам, і гэта вельмі, вельмі добра гучыць.
Адпаведна, лірычны й візуальны складнікі перайшлі да большай адчужанасьці. Завострыўся лёгатып гурта. Буклет і тэксты поўняцца халоднымі вобразамі, якія маюць даволі слабое дачыненьне да паўсядзённых праблем (зрэшты, без мізантрапічных сэнсаў усё ж не абыйшлося). Зноў жа, гэта натуральная ўзроставая трансфармацыя, якая ёсьць добра зразумелай для мяне асабіста. Незадоўга да выпуску “Surrounded…” у мяне якраз скончылася дэпрэсіўна-суіцыдальная стадыя жыцьця, што аднойчы прыходзіць да кожнага юнака, а сёньня, калі я слухаю “Lost…”, мне 35, і мой пэсімізм мае больш сталую форму. Юнакі знаходзяць у пакутах натхненьне, мужчыны не марнуюць на іх залішне часу, бо бяздушным зорам па-над намі ўсё адно.
Па выніку я не скажу, што “Lost in Stellar Dust” зрывае дах, але наўрад ці ў яго была гэткая мэта. Гэта самавіты, сур’ёзны альбом высокага эўрапейскага ўзроўня. Шкада, што ён выйшаў на малавядомым лэйбле, залішаным ідэнтычнасьці, але беларусам зараз падпісацца ўвогуле цяжка, нават калі яны жывуць у Польшчы. Фізічнае выданьне мае форму дыджыпака з 16-старонкавым буклетам. Унутры вы знойдзеце тэксты песьняў і фотаздымкі кожнага ўдзельніка. Падрабязнасьці на відэа.



